«Кожны чачэнец — генерал. Я — толькі мільён першы»
«Той, хто не хоча выйсці з рабства, заслугоўвае падвоенае рабства», — сказаў Джахар Дудаеў. Гэты артыкул наш калега Мікалай Дзядок напісаў да 21-й гадавіны забойства Дудаева — 21 красавіка 2017-га. Загад на забойства аддаў асабіста Барыс Ельцын, які зараз на фоне Пуціна глядзіцца старым бяскрыўдным дабраком.
У гісторыі кожнага народа існуюць ключавыя асобы, якія становяцца — як
правіла, коштам уласнага жыцця, — тымі
прыступкамі, па якіх цэлы народ пераходзіць на іншы ўзровень гістарычнага і
цывілізацыйнага развіцця. Звычайна вышэйшы, але часам і ніжэйшы, бо гісторыя —
дужа непрадказальная рэч.
У перыяды зацішша ці застою такія людзі могуць ніяк сябе не праяўляць у звычайным жыцці — хіба што добрай вучобай, адданай службай і выдатнай рэпутацыяй у коле сяброў. І толькі ў моманты грандыёзных гістарычных пераломаў, тэктанічных зрухаў у жыццях цэлых нацый, яны паўстаюць у поўны рост — наколькі ворагі і нядобразычліўцы (звычайна больш магутныя) дазваляюць ім гэта зрабіць.
Гэтак і просты электрык, а потым — генерал-маёр авіяцыі і першы прэзідэнт
Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Мусаевіч Дудаеў мог застацца асобай, не
вядомай ніколі за межамі радзімы, калі б на перыяд ягонага службовага і
прафесійнага ўздыму не прыйшоўся тэктанічны зрух у сусветнай палітыцы — распад
Савецкай імперыі.
Сімвалічнасць
Лёс Джахара Дудаева з маленства суправаджалі сімвалічныя супадзенні і неверагодныя выпадковасці — трагічныя і іранічныя знакі жыцця. Адзін з іх прыйшоўся на самае маленства Джахара: ён нарадзіўся 15 лютага 1944 года, а ўжо праз восем дзён разам з усёй сям'ёй быў дэпартаваны ў Казахстан, разам з усім чачэнскім народам. Ягоная вёска пры гэтым была спаленая, амаль увесь род — забіты. Па злой іроніі лёсу, дзень дэпартацыі, 23 лютага, стане ў будучыні прафесійным святам Дудаева — днём Савецкай Арміі.
Не будзе перабольшаннем казаць, што цягам усяго жыцця ён імкнуўся быць першым — і, як правіла, гэта ў яго атрымлівалася. У школьныя гады Джахар быў першым па паспяховасці ў класе і, як распавядае яго жонка, Ала Дудаева, як лепшы вучань, павінен быў паехаць у Венгрыю — на ўсю школу выдзелілі ўсяго дзве пуцёўкі. Маці набыла Джахару новую куртку, нагавіцы і кашулю, ледзь выкраіўшы грошы са сціплага сямейнага бюджэту. Але дырэктарка школы ў апошні момант вырашыла, што нядобранадзейнаму чачэнцу, які яшчэ ўчора афіцыйна быў ворагам народа, няма чаго рабіць за мяжой, і замест Джахара ў падарожжа паехала яе дачка.
Аднак прага да поспехаў, жыццёвы імпэт і горскае славалюбства штурхалі Джахара наперад. Ён стаў першым і адзіным генералам-чачэнцам у Савецкай Арміі (дарэчы, для гэтага яму давялося схітрыць — паступіўшы ў вышэйшае вайсковае авіяцыйнае вучылішча ў 1962-м, ён сказаў, што асецін, а пры заканчэнні, ужо атрымаўшы дыплом з выдатнасцю, ён настаяў на тым, каб у асабістую справу ўпісалі сапраўднае паходжанне). Потым — першым прэзідэнтам так і не прызнанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Урэшце нават яго смерць стала першым палітычным забойствам, якое пасля распаду Савецкага Саюзу дэманстратыўна ажыццявіла Расія.
Не ідэальнасць
Безумоўна, Джахар не быў ідэалам дэмакратычнага кіраўніка. Апынуўшыся ў
жорсткай сітуацыі барацьбы за ўладу, калі апазіцыйныя яму сілы адкрыта
прытрымлівалася Крамлём, вымагаючы прызнання незалежнасці ў нашмат больш
моцнага ворага, ён не мог не дзейнічаць аўтарытарнымі метадамі. Сабраўшы
Агульнанацыянальны кангрэс чачэнскага народа ў лістападзе 1991-га,ён у
хуткім часе разагнаў Вярхоўны Савет Чачні і павёў лаяльныя сабе ўзброеныя
фармаванні на захоп расійскіх воінскіх частак — яны былі ўзятыя амаль без
супраціву.
У сакавіку 1992 года Парламент Чачні прыняў Канстытуцыю рэспублікі (заўважым — свецкую канстытуцыю, а не правілы шарыяту!), а ўжо ў жніўні таго ж года па запрашэнні караля Саудаўскай Аравіі і эміра Кувейта наведаў гэтыя краіны, каб дабіцца прызнання незалежнасці краіны. Яму быў аказаны цёплы прыём, але ў прызнанні незалежнасці было адмоўлена — пэўна, абазнаныя ў палітыцы шэйхі адчувалі, што хутка маятнік пахіснецца ў іншы бок...
Аднак і Дудаеў да апошняга стрымліваўся ад абвяшчэння вайны Расіі і ўвёў у краіне ваеннае становішча толькі ў адказ на адпаведны крок Ельцына. Фатограф газеты «АіФ» Уладзімір Сварцэвіч узгадваў, што ў 1994 годзе Дудаеў, так і не дамогшыся сустрэчы з Ельцыным, спрабаваў прыйсці да агульнай мовы з Паўлам Грачовым — колішнім міністрам абароны Расіі. Знайсці кансенсус не атрымалася, хаця абодва добра ведалі адзін аднаго і звярталіся на «ты». «Ну што, Джахар, будзем ваяваць?» — напрыканцы размовы запытаўся Грачоў. — «Так, Паша, будзем ваяваць», — адказаў Дудаеў.
Хаця Дудаеў і быў вайсковым чалавекам да мозгу костак, я далёкі ад думкі, што вайна была для яго нечым пажаданым, чаго б ён прагнуў і да чаго імкнуўся. Хутчэй, яна была сродкам — якога ён не змог пазбегнуць, вырваць у гісторыі шанец на незалежнасць для сябе і для свайго народа. Такое акно магчымасцяў з'яўляецца раней ці пазней у кожнай нацыі, і будзе яно скарыстанае ці не, у многім залежыць ад таго, ці здолеюць паўстаць з народа валявыя і харызматычныя асобы, гатовыя рызыкаваць сабой дзеля вышэйшай мэты.
Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба — такія людзі былі і ў Беларусі. З папраўкай на наш менталітэт, вядома, яны былі не ваярамі, а гісторыкамі, пісьменнікамі, юрыстамі — мірнымі, але ад таго не меней цвёрдымі змагарамі: Віктар Ганчар, Васіль Быкаў, Генадзь Карпенка... Усіх іх, як і Дудаева, імперыя перайграла — хаця і іншымі метадамі: паліцэйскімі, палітычнымі, прапагандысцкімі.
Наканаванасць
Супраць Дудаева ж былі выкарыстаныя вайсковыя метады — адпаведна яго прафесіі. Выведка РФ доўга падбіралася да мяцежнага генерала. Але адзін за другім агенты, укаранёныя ў яго атачэнне, былі выяўленыя і ліквідаваныя. Тры спробы забойства скончыліся няўдачай: снайпер прамахнуўся, міна пад машынай Дудаева выбухнула, але не забіла нікога, а ў трэці раз Дудаеў пакінуў дом за пяць хвілін да таго, як ён быў разнесены ракетным ударам. Зрэшты, выхад быў знойдзены.
Генерал карыстаўся спадарожнікавым тэлефонам Інмарсат (як сцвярджаюць расійскія крыніцы — «падарункам амерыканцаў» — ну, само сабой...). Паступіла прапанова вылічыць яго па гэтым сігнале і забіць ракетай з рэактыўнага бамбардзіроўшчыка. Для распрацоўкі тэхнічных сродкаў гэтай аперацыі былі кінутыя высілкі цэлага НДІ, кіраўніцтва краіны сказала: грошай не шкадаваць. Абсталяванне абышлося расійскім падаткаплацельшчыкам у 600 000 долараў (і гэта ў 1996 годзе, калі настаўнікі і шахцёры не атрымлівалі заробкі месяцамі).
У дзень сваёй смерці Дудаеў размаўляў з Канстанцінам Баравым (у той час — дэпутатам Дзярждумы і буйным прадпрымальнікам).Не выключана, што апошняга адмыслова прымусілі працягнуць размову, каб самалёты паспелі даляцець да цэлі.
Падчас размовы Джахар меў звычку адыходзіць ад апарату як далей — ад таго і не загінуў адразу. Па яго «Ніве», на якой стаяў Інмарсат, было выпушчана дзве ракеты. Адна не ўзарвалася, проста ўваткнулася ў зямлю. Другая смяротна параніла генерала. Некаторы час ён яшчэ быў жывы...
Загад на забойства Дудаева аддаў асабіста галоўнакамандуючы — Барыс Ельцын,
любімец расійскіх лібералаў, які зараз на фоне Пуціна глядзіцца старым
бяскрыўдным дабраком. Калі Барысу Мікалаевічу паведамілі аб забойстве Дудаева,
той, па словах відавочцаў, не стрымліваў радасці, ледзь не пляскаючы ў далоні.
Яшчэ адна злая насмешка лёсу: у студзені 1991 года, калі Ельцын быў у Таліне на падпісанні дамоваў з балтыйскімі краінамі, яму паведамілі, што на зваротным шляху з ягоным самалётам можа «адбыцца інцыдэнт» — КДБ тады яшчэ было ўсемагутным. Джахар Дудаеў, тады кіраўнік вайсковай авіябазы ў Тарту, без ваганняў прадставіў Ельцыну свой генеральскі аўтамабіль — і той паспяхова вярнуўся ў Ленінград...
Забойства Дудаева адкрыла новую старонку ў расійска-чачэнскім
супрацьстаянні, якое, хоць і з меншай інтэнсіўнасцю, працягваецца па сённяшні
дзень. Прыбраўшы з палітычнай сцэны свецкага палітыка, які выступаў за
дэмакратычную Ічкерыю, расіяне адкрылі дарогу рэлігійным фундаменталістам,
вахабітам, якія змагаліся ўжо зусім пад іншымі лозунгамі і падтрымліваліся
зусім іншымі сіламі.
Гэта, безумоўна, быў прадуманы палітычны ход для міжнароднай аўдыторыі: знішчыўшы адэкватных апанентаў, якія выклікалі спачуванне і выглядалі вартымі дыялогу, адмыслова пакінуць цэлымі тых, хто ва ўсім свеце ўспрымаецца як тэрарысты, каб потым, тыкаючы пальцам, казаць: «Якія ж гэта змагары за незалежнасць?! Забойцы, экстрэмісты, фанатыкі! Вы ж такіх таксама душыце!» І, канечне, забывалі дадаць, што адэкватную свецкую апазіцыю яны самі вынішчылі ў першую чаргу.
Падступна забіты, абліты брудам прапагандысцкай хлусні, Дудаеў дагэтуль застаецца для Расіі ворагам, чыё імя выклікае страх. Дастаткова пачытаць, як на расійскіх форумах і сайтах навін рэагуюць на з'яўленне вуліц імя Джахара Дудаева ва Украіне і Латвіі, на ягоны помнік у Вільні. Усе матэрыялы, датычныя спецаперацыі па забойстве Дудаева, засакрэчаныя па сённяшні дзень. Чаго баяцца «героі»?
* * *
Дудаеў не здолеў выканаць сваю місію і не пабачыў Ічкерыю такой, якой хацеў, — роўнай дзяржавай сярод роўных. Аднак увайшоў у гісторыю свайго народа навекі, і можна не сумнявацца, што яго імя яшчэ не раз будзе напісанае на сцягах тых, хто захоча вырваць Ічкерыю з крамлёўскага ланцугу.
Так, Дудаеў быў героем свайго народа. Героем, якога чакалі, і які ўрэшце з'явіўся. Але не меншымі героямі былі тыя тысячы чачэнцаў, якія мужна падняліся на барацьбу за сваю незалежнасць — не толькі ў 1990-я гады ХХ стагоддзя, але і ў 60-я гады ХІХ, калі з расійскага боку на пакарэнне купкі горцаў было мабілізавана 360 тысяч штыхоў — столькі ж, колькі для вайны з Напалеонам.
«Кожны чачэнец — генерал. Я — толькі мільён першы», — паўжартам казаў Джахар Дудаеў. І сапраўды, нешта ёсць у нашай прыродзе, што прымушае нас шукаць герояў, лідараў, генералаў, якія павядуць нас да светлай будучыні. Аднак досвед усіх народаў, што здолелі вызваліць сваю зямлю ад захопнікаў, кажа: каб атрымаць свабоду, трэба стаць нацыяй гаспадароў уласнага сумлення і гонару, у якой кожны нясе поўную адказнасць за сябе і лёс сваёй краіны — як генерал нясе адказнасць за сваіх жаўнераў.
І мы, беларусы, абавязкова будзем вольнымі — але толькі тады, калі кожны зможа сказаць пра сябе: «Я толькі мільён першы...»
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц