Новыя прысуды і ціск праз «добраахвотныя працы». Хронікі рэпрэсій 27 лістапада

У Беларусі працягваецца масавы пераслед па «справе Гаюна» — людзі атрымліваюць рэальныя тэрміны і «хімію» па арт. 361-4. Праваабаронцы заяўляюць пра больш як сотню пацверджаных затрыманых, а суды і затрыманні адбываюцца штодзённа.

1_1097_1.png

Працягваюцца суды па «справе Гаюна»

Жыхара Ельску Віталя Каваленку прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Гомельскі абласны суд напрыканцы лістапада прызначыў палітвязню тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша «Гомельская вясна».

Былога следчага з Нясвіжа Алега Гурына імаверна таксама асудзілі па «справе Гаюна», піша «Наша Ніва».

Алегу Гурыну з Нясвіжа 34 гады. Пасля ўніверсітэта ён атрымаў афіцэрскае званне і пайшоў служыць у Нясвіжскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Напрыклад, у 2015‑м Гурын праводзіў праверку па скарзе прафсаюзнага актывіста Аляксандра Вайцешыка на дзеянні супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС і не знайшоў парушэнняў.

А ў 2018‑м у тым жа званні расследаваў справу пра рабаванне ў раёне.

У Гурына ёсць жонка і 4‑гадовы сын. 

Мужчыну асудзілі 3 лістапада 2025 года ў Мінскім абласным судзе па дзвюх частках артыкула 361‑4 — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму прысудзілі тры гады «хіміі» з накіраваннем. Па звестках праваабаронцаў, пераслед Алега звязаны са «справай Гаюна».

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 124 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых можа быць значна большай. Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу.

Таксама ў Беларусі кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе.

У Віцебску за адмову выйсці на «добраахвотную працу па добраўпарадкаванні» караюць штрафамі і арыштамі


Вядзецца пра папулярны ў міліцыянтаў спосаб «перавыхавання», калі грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, змушаюць выходзіць на «добраахвотныя» прыборкі ў сваіх гарадах, звярнула ўвагу «Віцебская Вясна». 

«Для тех, кто не имеет официального места работы, предусмотрена система общественных работ, включающая уборку улиц, разбор мусора и прочие виды благоустройства города. Такое привлечение осуществляется в соответствии с комплексной программой противодействия тунеядству. В случае отказа исполнять работы нарушители подвергаются административным санкциям вплоть до ареста», — піша раённая газета «Пастаўскі край». 

Выданне ўдакладняе, што нават ў выпадку, калі чалавек трапіць за адмову працаваць задарма ў ІЧУ, супрацоўнікі ізалятара павінны прыцягваць яго да «трудовой деятельности, преимущественно в жилищно-коммунальном хозяйстве», а заробленыя грошы забіраць на аплату харчавання.