СМІ: Украінскі ўрад пагадзіўся на «мірны план Трампа» па завяршэнні вайны. Слова за Расіяй
Украіна шмат у чым змяніла «мірны план Трампа», і цяпер чакае «міністра вайны» ЗША Дэна Дрыскала, каб фіналізаваць гэтыя пагадненні. А пакуль усе думаюць, як яны ўдала выпрацавалі «мірны план», усе забываюцца на Расію. І вялікае пытанне — ці не адкіне Расія ўсе гэтыя прапановы, як тое было не аднойчы. Ідуць 1372-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 156 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 лістапада.
Па-ранейшаму самы «гарачы» — Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны адбілі 52 штурмавыя дзеянні расіян ў раёнах населеных пунктаў Шахава, Зацішак, Новае Шахава, Дарожнае, Вольнае, Чырвоны Ліман, Родзінскае, Мірнаград, Зверава, Удачнае, Грышына, Маладзецкае, Мураўка, Філія.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Канстанцінаўкі, Шчарбінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Сафіеўкі.
На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 16 атак расіян ў кірунках Дабраполля і Гуляйполя, паблізу Вясёлага, Зацішша, Зялёнага Гаю і Высокага.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак каля Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Ворана, Вербава, Сасноўкі, Прывольнага.
На Славянскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 11 спроб расіян прасунуцца ў раёнах Серабранкі, Ямпаля, Дронаўкі, Выімкі і Свята-Пакроўскага.
* * *
Расіяне сцягваюць пад Пакроўск усе наяўныя рэзервы, але яны не змогуць захапіць горад як мінімум да канца 2025 года, заявіў начальнік Генеральнага штаба УСУ Андрэй Гнатаў у інтэрв'ю LIGA.net.
Ён распавёў, што на Пакроўскім кірунку расійская армія працягне ствараць глебу для далейшых маніпуляцый. Расіяне не пакінуць спробаў захапіць Пакроўск, у цяперашні час на гэтым кірунку сканцэнтравана больш за 100 тысяч чалавек.
«Гэтыя спробы працягваюцца ўжо больш за год, і расіяне пераносяць тэрміны, якія ім вызначылі для захопу горада. Гэтыя тэрміны і далей будуць пасоўвацца. Цяпер яны сцягваюць туды ўсе наяўныя рэзервы. Ці ўдасца ім стварыць умовы, каб яшчэ больш ускладніць абставіны, — цяжка прагназаваць», — сказаў Гнатаў.
Ён адзначыў, што нягледзячы на заявы «ўсё прапала», УСУ выконвалі сваю задачу і працягваюць спыняць праціўніка, наносячы яму адчувальныя страты. «Далёка не ўсё ідэальна. Але максімум намаганняў прыкладаем, каб выканаць задачы», — рэзюмаваў начальнік Генштаба.
* * *
У выніку абстрэлу Запарожжа ў ноч на 26 лістапада быў пашкоджаны 31 шматпавярховік і 20 дамоў прыватнага сектара. Разбурэнні зафіксаваны ў інтэрнаце навучальнай установы і нежылых будынках і памяшканнях. У агульнай колькасці армія РФ нанесла па горадзе 11 удараў. Раненні атрымалі 12 жанчын і 6 мужчын.
УСУ атакавала ракетамі расійскі Таганрог, а менавіта расійскі авіязавод «ТАНТК імя Берыева» ў ноч на 25 лістапада. Удалося знішчыць эксперыментальны самалёт расійскай арміі А-60, і самалёт А-100ЛЛ, паведамляе Генштаб УСУ.
А-100ЛЛ — гэта выпрабавальны стэнд для расійскага доўгабуда А-100 «Прэм'ер», які па плане павінен быў прыйсці на замену савецкім самалётам ДРЛВ А-50, але праграма яго стварэння балансавала на мяжы закрыцця. Менавіта на ім павінен праводзіцца цэлы шэраг работ па выпрабаваннях і ацэнках абсталявання для сапраўднага самалёта. А-100ЛЛ безумоўна з'яўляецца важным актывам расійскай праграмы стварэння новых самалётаў ДРЛА на замену А-50, і, хутчэй за ўсё, мадэрнізацыі наяўнага парку.
Акрамя таго, падраздзяленні Сіл абароны нанеслі паспяховае паражэнне па нафтавым тэрмінале «Шэсхарыс» у Наварасійску, а таксама нафтаперапрацоўчым заводзе «Туапсінскі» ў Краснадарскім краі РФ.
* * *

* * *
Міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал падчас візіту ў Кіеў папярэджваў украінскіх афіцыйных асоб у Кіеве, што УСУ сутыкнуліся з цяжкай сітуацыяй на полі бою і пацерпяць непазбежнае паражэнне ад расійскіх войскаў, паведамляе NBC News.
Па словах крыніц, Дрыскал падчас візіту ў Кіеў заявіў, што РФ здольна весці баявыя дзеянні «бясконца», і з часам сітуацыя ва Украіне будзе толькі пагаршацца, таму дамовіцца аб мірным урэгуляванні лепш цяпер. Акрамя таго, дэлегацыя ЗША заявіла, што амерыканская абаронная прамысловасць не зможа працягваць пастаўляць Украіне зброю і сродкі СПА ў аб'ёмах, неабходных для абароны інфраструктуры і насельніцтва краіны.
«Пасыл быў у асноўным наступным: вы прайграеце і вам трэба прыняць здзелку», — сказала адна з крыніц.
Аднак Украіна ветліва адмовілася падпісаць мірны план у тым выглядзе, у якім ён быў ёй дадзены, і прапанова была істотна перагледжана.
Як піша NBC, сустрэча Дрыскала з украінскім бокам стала чарговым прыкладам даўняга рознагалосся ўнутры каманды Трампа наконт таго, як скончыць вайну ва Украіне. Гэты раскол звязаны з надыходзячым палітычным суперніцтвам паміж двума патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, якія рыхтуюцца да барацьбы за пасаду прэзідэнта ў 2028 годзе: віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам і дзяржсакратаром ЗША Маркам Рубіё.
Лагер, куды ўваходзяць Вэнс, спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф іншыя афіцыйныя асобы, лічыць Украіну галоўнай перашкодай на шляху да міру і выступае за выкарыстанне ціску ЗША, каб прымусіць Кіеў пайсці на сур'ёзныя кампрамісы.
Лагер, прадстаўлены Рубіё і іншымі афіцыйнымі асобамі, лічыць Расію вінаватай у пачатку ўварвання і заяўляе, што Масква адступіць толькі ў тым выпадку, калі ёй давядзецца заплаціць за сваю агрэсію санкцыямі і іншымі відамі ціску.
Сам Трамп вагаецца ў сваіх меркаваннях наконт таго, як вырашыць канфлікт, лічыць NBC News.
* * *
Еўропа будзе працаваць над мірным планам, які ініцыявалі ЗША. Уласны план распрацоўваць не плануецца, заявіў падчас выступлення ў Палаце абшчын прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.
Стармер распавёў, што на саміце G20, які прайшоў у ПАР 20-21 лістапада, адбылася дыскусія з нагоды мірнага плана ЗША з удзелам «шэрагу ключавых саюзнікаў» — Францыі і Германіі, а таксама асноўных саюзнікаў з «кааліцыі рашучых».
«Быў дасягнуты цвёрды кансэнсус, што мы павінны працаваць з існуючым тэкстам, хоць некаторыя яго часткі з'яўляюцца непрымальнымі, але іншыя часткі з'яўляюцца істотнымі, а не з іншым тэкстам», — звярнуў увагу прэм'ер.
Менавіта гэты працэс адбываўся ў Жэневе падчас сустрэчы ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый, адзначыў ён.
* * *
Украінскі ўрад пагадзіўся на мірны план ЗША па завяршэнні поўнамаштабнай вайны, але ёсць «нязначныя дэталі», якія трэба дапрацаваць, паведамляе CBS News са спасылкай на амерыканскага чыноўніка.
«Украінцы пагадзіліся на мірнае пагадненне. Ёсць некаторыя дробныя дэталі, якія трэба ўзгадніць, але яны пагадзіліся на мірнае пагадненне», — сказаў ён.
Сакратар РНБА Рустэм Умераў заявіў, што была дасягнута агульная згода па прапанове, дэталі якой яшчэ павінны быць прапрацаваныя. Ён таксама выказаў надзею, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зможа наведаць Вашынгтон да канца лістапада, каб канчаткова ўзгадніць пагадненне.
* * *
Амерыканскі лідар Дональд Трамп падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме заявіў, што Еўропа будзе шмат у чым задзейнічана ў гарантыях бяспекі Украіне, якія разглядаюцца ў рамках мірнага плана ЗША па завяршэнні вайны.
Трампу задалі пытанне наконт гарантый бяспекі і ўступлення Украіны ў NATO, на што ён адказаў: «Мы прапрацоўваем гэта з Еўропай. Еўропа будзе шмат у чым задзейнічана ў гэтым. Еўропа сапраўды хоча, каб усё скончылася, магчыма».
У той жа час Трамп заявіў, што не ўстанаўліваў дэдлайнаў для заключэння мірнай здзелкі паміж Украінай і Расіяй. Ён удакладніў, што спецпрадстаўнік Стыў Уіткаф адправіцца ў Маскву ўжо на наступным тыдні. У РФ ён будзе гаварыць з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным аб мірным плане ЗША.
Па гэтай прычыне журналісты спыталі, ці азначае гэта, што крайні тэрмін для заключэння здзелкі, а менавіта — Дзень падзякі 27 лістапада, больш не актуальны.
«У мяне няма дэдлайна. Ведаеце, які дэдлайн у для мяне? Калі ўсё скончыцца. І я думаю, што ўсе стаміліся ваяваць. Яны губляюць занадта шмат людзей», — заявіў Трамп.
Ён таксама сказаў, што першапачатковы план з 28 пунктаў быў не планам, а «канцэпцыяй». «Гэта была канцэпцыя... Адтуль яны бяруць кожны з 28 пунктаў, і затым вы даходзіце да 22 пунктаў», — сказаў кіраўнік Белага дома.
Ён дадаў, што многія з пунктаў былі вырашаны і вырашаны «вельмі ўдала».
* * *
Міністр Сухапутных войскаў ЗША Дэн Дрыскал зноў прыбудзе на гэтым тыдні ў Кіеў, каб фіналізаваць крокі для завяршэння вайны, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у Telegram.
Кіраўнік АП адзначыў, што ёсць добрая аснова, зробленая ў Жэневе, і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і ўся каманда ў Кіеве цалкам настроены на далейшую працу.
«Украіна ніколі не была і не будзе перашкодай для міру. Мы ўдзячныя Злучаным Штатам за ўсю падтрымку. Сустрэча прэзідэнтаў будзе падрыхтавана з нашага боку грунтоўна і аператыўна», — рэзюмаваў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны.
* * *
Турцыя гатова зноў прыняць перамовы Украіны і Расіі. Іх можна арганізаваць у Стамбуле, заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган падчас сустрэчы «кааліцыі рашучых».
Ён запэўніў, што Турцыя працягне дыпламатычныя намаганні, якія накіраваны на садзейнічанне прамым кантактам паміж Украінай і Расіяй для дасягнення справядлівага і трывалага міру. Прамыя перамовы паміж бакамі могуць праходзіць у Стамбуле, і Турцыя знаходзіцца ў кантакце з украінскім і расійскім бакамі для арганізацыі гэтага працэсу.