Сяргей Навумчык: Дэ-юрэ бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» застаюцца дзяржаўнымі сімваламі

19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 11 красавіка 1995 года проста ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку. Гэта быў адзін, але не першы крок краіны на шляху да прававога бязмежжа. Пра тое, што тады было, мы паразмаўлялі з удзельнікам галадоўкі, дэпутатам Вярхоўнага савета 12 склікання і чальцом Апазіцыі БНФ Сяргеем Навумчыкам.

Галадоўка дэпутатаў у парламенце. Фота  wiki2.org

Галадоўка дэпутатаў у парламенце. Фота  wiki2.org

Рэферэндум-1995

Пра неабходнасць усеагульнага плебісцыту Лукашэнка пачаў казаць напачатку 1995 года, праз паўгады пасля таго, як яго абралі прэзідэнтам Беларусі. Праўда, апетыты ў яго напачатку быў шалёныя: напачатку размова ішла аж пра дэнансацыю Белавежскіх пагадненняў. Нібыта рэферэндумам у адной рэспубліцы можна было вярнуць назад тое, што падпісалі ў Віскулях тры кіраўніка рэспублік былога СССР, зафіксаваўшы распад Саюза.

Пасля фармулёўкі Лукашэнкі змяніліся: замест скасавання акта аб развале СССР ён вырашыў паставіць пытанне пра змену сімволікі, статус беларускай мовы, эканамічную інтэграцыю з Расіяй і права прэзідэнта распускаць парламент.

На той час па законе прэзідэнт не мог прызначаць рэферэндумы. Ён мог толькі ініцыяваць іх, а прызначэнне рэферэндума і пытанні, якія выносяцца на яго, павінен быў разглядаць парламент — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь

Варта зазначыць, што тагачасны парламент, хоць і быў легітымна абраны, але большасць у ім складалі зусім не дэмакраты. Галоўны рэй вялі былыя камуністы і прадстаўнікі наменклатуры. Напрыклад, 18 сакавіка 1995 года ў «Звяздзе» з’явіўся зварот, падпісаны 74 дэпутатамі ВС да Лукашэнкі, дзе дзяржаўны сцяг і «Пагоня» «абвінавачваліся» ў тым, на чым цяпер шчыруе прапаганда — нібыта імі карысталіся «гітлераўскія прыслужнікі», і таму гэтыя сімвалы «негатыўна ўспрымаюцца ў народзе».

Канечне, парламенцкая Апазіцыя БНФ выступіла рэзка супраць правядзення таго рэферэндуму. Іх абурала прапанаваная Лукашэнкам стылізаваная савецкая сімволіка замест гістарычных сімвалаў. А пытанне пра дзяржаўную мову супярэчыла артыкулу 3 Закона аб рэферэндуме, згодна з якім «на рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, якія парушаюць неад’емныя правы народу… на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы, пытанні, якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці».

Пытанне аб статусе мовы якраз і трапляла пад гэту катэгорыю і, такім чынам, вынясенне яго на рэферэндум было неканстытуцыйным.

Вярхоўны савет распачаў баталіі адносна вынесеных на рэферэндум пытанняў напрыканцы сакавіка. Лукашэнка ўвесь час змяняў фармулёўкі пытанняў, ўсяляк праціскаючы рэферэндум. У выніку 10 красавіка шэраг дэпутатаў ад Апазіцыі БНФ дамовіліся на наступны дзень пачаць галадоўку ў залі парламента.

Гэтае рашэнне было адчайным, але не спантанным, згадвае Сяргей Навумчык. І тады, і цяпер, праз 28 гадоў ён лічыць тую галадоўку адзіна магчымым выйсцем і спосабам дзеянняў. У час парламенцкіх дэбатаў дэпутаты ад Апазіцыі БНФ выкарысталі ўсе магчымыя сродкі, каб супрацьстаяць рэферэндуму. «І мітынгі збіралі, і артыкулы ў газетах былі, і выступалі пастаянна… Мы ўсе магчымасці ўздзеяння вычарпалі», — лічыць Сяргей Навумчык.

Па яго словах , галадоўка была сапраўды крокам адчаю, калі ніякіх іншых спосабаў уздзеяння на дэпутацкую большасць не было. «Толькі паставіць на шалі, на кон сваё жыццё. І сапраўды было адчуванне, што калі мы гэтага не зробім, то мы проста не зможам жыць», — рэзюмуе ён.

Сказана — зроблена. 11 красавіка пасяджэнне Вярхоўнага Савета пачалося з выступаў дэпутатаў Крыжаноўскага, Беленькага і Пазняка. Яны заявілі аб незаконнасці правядзення рэферэндума, парушэнні Канстытуцыі і законаў Беларусі. Пасля гэтага дэпутаты-апазіцыянеры абвясцілі галадоўку, выйшлі са сваіх месцаў на сярэдзіну Авальнай залы і селі перад Прэзідыумам каля трыбуны.

Правал рэферэндуму

І гэта спрацавала, прынамсі, часткова. Як распавядае Сяргей Навумчык, «калі мы выйшлі і селі перад дэпутатамі, — нас было пад 20 чалавек, а іх каля 300, — відаць, яны пабачылі ў нашых вачах нешта такое, нашую гатоўнасць ісці на смерць, і ўсе пытанні, Лукашэнкі, якія ён выстаўляў, акрамя эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, праваліліся».

Сапраўды, пры неабходных для ўхвалення пытанняў 152 галасах, у выніку галасавання па пытаннях:

  • «Ці згодны вы з наданнем рускай мове роўнага статуса з беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты.
  • «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новага Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў.
  • «Ці згодны вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэнння Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў.
  • «Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Так ці не?» — набрала патрэбную для зацвярджэння колькасць галасоў 180.

Такім чынам, тры пытанні з чатырох былі адхіленыя. Лукашэнка зноў пайшоў на хітрыкі і заявіў, што парламент павінен быў галасаваць адразу за ўсе 4 пытанні. І заявіў пра гатоўнасць правесці рэферэндум незаконна — без санкцыі парламента.

Ці сапраўды перамога?

Падавалася б, Апазіцыя БНФ дамаглася правалу пытанняў Лукашэнкі, і галадоўка магла быць спыненая ўжо ўвечары таго ж дня, 11 красавіка. Аднак дэпутаты ад Апазіцыі БНФ не лічылі гэта перамогай. Справа ў тым, што абмеркаванне рэферэндуму Вярхоўным Саветам было запланавана і на наступныя дні, таму ўсё магло змяніцца. «Лукашэнка сказаў, што ён не адступіцца, Грыб (Мечыслаў Грыб, спікер Вярхоўнага Савета — «НЧ».) не зняў гэтае пытанне з павесткі дня. Мы павінны былі дамагчыся, каб гэтыя пытанні цалкам былі знятыя, і рэферэндум не прызначаўся. Працэдура была не завершаная таму мы ніяк не маглі спыніць галадоўку. Дый пытанне аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй таксама было важнае», — адзначае Навумчык.

«Усе гэтыя пытанні былі важнымі, лёсавызначальнымі. І мы ведаем, як кожнае з іх трагічна адбілася на лёсе Беларусі, — і са сцягам і гербам, і з беларускай мовай, і з дыктатурай Лукашэнкі, які знішчыў парламентарызм, а потым знішчыў усё, і з інтэграцыяй з Расіяй, якая ператварылася фактычна ў акупацыю. Таму немагчыма было спыніцца, калі гэтыя пытанні не прайшлі», — кажа ён.

Такім чынам, дэпутаты ад Апазіцыі БНФ хацелі не проста адхілення пытанняў, яны дамагаліся адмены рэферэндуму. А гэта выканана не было.

Фота з krymr.com

Фота з krymr.com

У ноч з 11-га на 12-е

Тое, што здарылася далей, распісана ў шматлікіх успамінах сведкаў тых падзей, і ледзь не пахвілінна. А 23 гадзіне ў Авальным зале з’явіўся начальнік упраўлення аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзідэнта Вячаславам Каралёвым, якія заявілі, што нібыта будынак замінаваны, і галадоўнікам трэба пакінуць памяшканне. Удзельнікі галадоўкі гэта зрабіць адмовіліся. Цесавец і Каралёў паспрабавалі выцягнуць з крэслаў спачатку Барыса Гюнтара, потым Ігара Гермянчука, але дэпутаты ўзяліся «ў шчэпку».

Потым некалькі дэпутатаў здолелі паразмаўляць з журналістамі праз шкляныя дзверы Дома Урада, і даведаліся, што ў будынак заехаў прэзідэнцкі лімузін. Сяргей Навумчык і Алег Трусаў казалі, што бачылі ў двары тую машыну і лічаць, што сам Лукашэнка прыехаў тады ў будынак урада. Гэта тым больш абвяргала версію пра «бомбу». Выкліканыя сапёры нічога не знайшлі, аб чым быў нават падпісаны адпаведны акт.

А 2:35 ночы 12 красавіка Валянцін Голубеў заўважыў у фае Авальнай залі людзей у камуфляжы і са зброяй. Ён крыкнуў: «Пад’ём! Ваенныя з аўтаматамі і ў масках!». Па яго словах, было «чалавек пяцьсот альбо шэсцьсот». Галадуючыя паўскоквалі і паселі ў ложы, дзе звычайна сядзяць чальцы Прэзідыума. У залу ўвайшлі Цесавец, Каралёў і з імі невядомы чалавек у паўваенным адзенні (пазней Навумчык апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра спецназу КДБ «Альфа», потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі). Дэпутатам далі 5 хвілін, каб пакінуць памяшканне. А 2:51 у адзін момант расчыніліся ўсе дзверы, у зале загарэлася святло і туды ўварваліся прыкладна 200 чалавек у чорных масках і цёмных камбінезонах, за імі беглі спецназаўцы ў шлёмах, рэспіратарах і з дубінкамі, а перыметр зала занялі аўтаматычкі.

Ігар Гермянчук згадваў: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы». Пазняк і Гермянчук паспелі сарваць з некалькіх нападнікаў маскі.

Лідара апазіцыі білі асабліва жорстка, пісаў потым Навумчык: «Адзін “гарыла” ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазняка білі аб сцяну. Судова-медыцынская экспертыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджанняў рознай цяжкасці».

Лявон Баршчэўскі згадваў, што яму закруцілі рукі за спіну, «прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярочнага праходу, які ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцужком стаялі ваенныя ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны з іх імкнуўся чаравікам патрапіць мне ў твар».

Усіх дэпутатаў моцна збівалі пакуль выводзілі ці выносілі з будынка, потым раскідалі ў міліцэйскія машыны. У машынах у дэпутатаў пыталіся іх хатнія адрэсы, але тыя сказалі везці іх у пракуратуру. Там уночы былі выкліканы два дзяжурных пракурора і складзеная заява. Туды ж прыехала і «хуткая». А 4-й ранку ўсе дэпутаты, раскіданыя ў розных месцах сталіцы, сабраліся каля гатэля «Кастрычніцкі» і пайшлі ў «лечкамісію» здымаць пабоі.

Дэпутат Алесь Шут дэманструе журналістам сляды збіцця

Дэпутат Алесь Шут дэманструе журналістам сляды збіцця

Дзяржаўнае злачынства

«Гэта, канечне, быў тэрарыстычны акт, які арганізаваў Лукашэнка. Гэта дзяржаўнае злачынства, і за такі тэрарыстычны акт Лукашэнка мусіў быць расстраляны. Ён быў дзяржаўным злачынцам ужо тады», — так ацэньвае падзеі той ночы Сяргей Навумчык і сёння.

Што ж да іншай ацэнкі, не крымінальнага характару, а на падставе канстытуцыйнай законнасці, то, на думку Сяргея Навумчыка, тыя дзеянні Лукашэнкі пастіавілі яшчэ адзін крыж на магчымым прызнанні вынікаў рэферэндума, супраць якога выступалі дэпутаты апазіцыі.

«Іншыя дэпутаты, якіх Лукашэнка напалохаў, прагаласавалі наконт рэферэндуму толькі праз дзень — то-бок, працэдура прызначэння рэферэндуму ішла. Такое прымяненне сілавога прыёму, парушэнне закона ў дачыненні да дэпутатаў парламента падчас працэдуры разгляду парламентам пытання пра рэферэндум, зрабіла гэты рэферэндум нелегітымным — хаця б толькі па гэтай прычыне. Праводзь яго, не праводзь — была парушаная працэдура яго прызначэння.

Можна прывесці прыклад прававых дзяржаў, і любы юрыст гэта пацвердзіць: калі кагосьці затрымалі з парушэннем працэдуры, альбо праведзены вобыск з парушэннем працэдуры — гэтыя дзеянні лічацца незаконнымі. Тут таксама была парушаная працэдура прызначэння рэферэндума, і рэферэндум проста нелегітымны. Самім фактам збіцця дэпутатаў парламента, які разглядаў рашэнне пра рэферэндум, Лукашэнка дэлегітымізаваў гэты рэферэндум апрыёры. І таму па ўсіх законах, па Канстытуцыі вынікі гэтага рэферэндуму юрыдычна нікчэмныя.

Дэ-юрэ бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» застаюцца дзяржаўнымі сімваламі, дэ-юрэ мова беларуская застаецца адзінай дзяржаўнай. Новая дэмакратычная ўлада, калі яна сапраўды будзе беларускай уладай, за хвіліну прызнае факт нелегітымнасці гэтага рэферэндума. І ўсё становіцца на свае месцы», — разважае Сяргей Навумчык.

Пачатак ці працяг?

Фактычна тую ж схему «адхілення непажаданых» Лукашэнка прымяніў потым — напрыклад, у час рэферэндуму 1996 года, калі «дужыя хлопчыкі ў цывільным» вынеслі з Центрвыбаркама Віктара Ганчара, і не ўпускалі ў ЦВК ані яго, ані старшыню Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, ані генпракурора Васіля Капітана. Яны проста моўчкі пасміхаліся ім у вочы. Падаецца, збіццё дэпутатаў ВС-12 было першым крокам Лукашэнкі да пачуцця беспакаранасці…

Але Сяргей Навумчык, як ні дзіўна, лічыць, што не.

«Лукашэнка стаў адчуваць сваю беспакаранасць ужо праз некалькі тыдняў пасля прынясення прэзідэнцкай прысягі, напачатку верасня 1994 года, калі ён пусціў АМАП на разгон шэсця, прысвечанага Дню Беларускай вайсковай славы. — разважае Навумчык. — Гэта быў першы раз за гады незалежнасці, калі палітычная акцыя была спыненая сілавым шляхам. Вось тады той жа Мечыслаў Грыб павінен быў сабраць сесію парламента. Мы (Апазіцыя БНФ — НЧ.) ставілі гэтае пытанне, але нас не падтрымалі. Нас не падтрымаў той жа Ганчар, Лябедзька, іншыя паплечнікі Лукашэнкі».

Другім сігналам для Лукашэнкі, па меркаванні Навумчыка, быў антыкарупцыйны даклад Сяргея Антончыка напрыканцы 1994-га. Лукашэнка прабыў прэзідэнтам толькі чатыры месяцы, а ўжо вакол яго квітнела тая самая карупцыя, з якой ён абяцаў змагацца. Парламент, Вярхоўны Савет тады нават прагаласаваў за тое, каб даклад Антончыка быў апублікаваны ў дзяржаўнай прэсе.

У выніку газеты, дзе павінен быў быць даклад Антончыка, выйшлі з «белымі плямамі». «І вось тут Грыб меў поўнае права, — дый што там, проста абавязаны, — паставіць пытанне рубам і распачаць працэдуру імпічменту, бо быў парушаны артыкул Канстытуцыі пра свабоду слова і забарону цэнзуры. Гэта не было зроблена», — кажа Навумчык.

«А ўжо пасля збіцця дэпутатаў, калі было проста крымінальнае злачынства, Грыб павінен быў заявіць, што рэферэндум неканстытуцыйны. Назаўтра ён павінен быў аддаць загад аб арышце Лукашэнкі, ці хаця б пачаць працэдуру імпічменту. Але яго напужалі. На наступны дзень пасля нашага збіцця ён заявіў, што “Беларусь на мяжы грамадзянскай вайны”, а потым яго напужалі — не ведаю чым, ён узяў свае словы назад… Ганебны быў учынак з яго боку», — разважае былы дэпутат.

Сяргей Навумчык зазначае, што па збіццю дэпутатаў генпракурор Шаладонаў завёў крымінальную справу па артыкулах «перавышэнне службовых паўнамоцтваў» і «хуліганства», нібыта не дэпутатаў збілі проста ў залі парламента, а нехта выйшаў з дому і папісаў ля пад’езда. На яго думку, артыкул павінен быў гучаць, як «тэрарыстычны акт у дачыненні да дзяржаўных дзеячаў» з адказнасцю аж да расстрэлу.

Калі ж браць канстытуцыйны аспект, то, па словах Навумчыка, «адназначна» павінна была быць распачатая працэдура імпічменту. «Але Грыб і іншыя кіраўнікі парламента гэтага не зрабілі. І той жа Ганчар таксама прамаўчаў. Таму ўсе далейшыя ахвяры Лукашэнкі прыклалі руку альбо ўдзелам, альбо маўчаннем да яго нага пераканання, што яму можна ўсё», — зазначае ён.

Такім чынам, лічыць Навумчык, менавіта да лета 1995 года, праз год пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам, той упэўніўся, што яму сапраўды можна ўсё. І ўжо ў жніўні 1995 года ён раздушыў страйк на Мінскім метрапалітэне, паклаў Мінскі страйкам тварам у асфальт пад рулямі аўтаматаў, а лідара рабочага руху і дэпутата парламента Сяргея Антончыка інтэрнавалі на тры дні на базу спецназа.

«То-бок, тады ўжо Лукашэнка ведаў, што яму можна ўсё, і за гэта яму нічога не будзе. Бо тыя, хто акрамя яго быў на чале дзяржавы, аказаліся абсалютна няздатныя», — гаворыць Навумчык.

Пачытаць па тэме:

Сяргей Навумчык, «Дзевяноста пяты»

Яўген Анішчанка, «Разгон. Успаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання»