Рэферэндум–1995 паказаў, хто кіруе парадам

Першы рэферэндум у гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь адбыўся роўна 20 гадоў таму — 14 мая 1995 года. На рэферэндуме змянілі сімвалы Беларусі і магчымы кірунак яе гісторыі.



15_12.jpg

11 красавіка дэпутаты Вярхоўнага Савета прагаласавалі за ініцыятыву прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі — народны рэферэндум. Праўда, не пагадзіліся з трыма з чатырох прапанаваных пытанняў. Лукашэнка прыстрашыў прыпыніць дзейнасць Вярхоўнага Савета. На знак пратэсту дэпутаты фракцыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком пачалі галадоўку і засталіся начаваць у зале паседжанняў парламента. Але АМАП, спасылаючыся на бяспеку, збіў і сілком выправадзіў дэпутатаў з залі ў ноч з 11 на 12 красавіка.

 

У Лукашэнкі яшчэ заставаўся моцны супернік — харызматычны Зянон Пазьняк, з яго ідэяй нацыянальнага адраджэння, гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белым сцягам.

 

Лукашэнка, ігнаруючы нязгоду дэпутатаў, звярнуўся наўпрост да выбарцаў і вынес на галасаванне наступныя пытанні: пра наданне рускай мове статусу дзяржаўнай; пра змену дзяржаўнай сімволікі; пра падтрымку дзеянняў прэзідэнта, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй; пра патрэбу ўнясення змен у Канстытуцыю, якія ствараюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета прэзідэнтам у выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі.

 

83 % выбарцаў аддалі перавагу свабодным адносінам з беларускай мовай. Дзяржава — гэта войска, законы, суд, турма… і школа. Тройкі па мове ў школе свежыя ў памяці ў многіх. Вынік гэтага галасавання быў прадказальны.

 

Магічныя штучкі з дзяржаўнай сімволікай складана зразумець, але, кажуць, працуюць. Пасылаў жа Гітлер экспедыцыю ў Гімалаі за старажытнымі містычнымі знакамі для трэцяга рэйха. Ніхто з беларусаў не зразумеў, навошта ўсё гэта, але на ўсялякі выпадак 75 % прагаласавалі за прапановы.

 

1995 год: у Расіі — бандыцкія разборкі і палітычныя забойствы (год расстрэлу Улада Лісцьева), пачатак Першай Чачэнскай вайны. Менавіта за інтэграцыю з такой Расіяй прагаласавалі 83 %. Пакуль толькі за эканамічную...

 

Апошні пункт рэферэндуму празрысты. Уся ўлада — прэзідэнту. Прэч дэбаты і нязгоды. Рашэнні Вярхоўнага Савета будуць мець моц толькі ў выпадку, калі супадуць з прэзідэнцкімі. Пачалося планамернае і паслядоўнае ўсталяванне абсалютнай улады.

 

Пасля паспяховага рэферэндуму Іван Ціцянкоў падняўся на дах Дома ўрада і асабіста разарваў на жмуты бел-чырвона-белы сцяг. Напэўна, за гэта геройства ён пасля ўвайшоў у рэйтынг самых багатых людзей Беларусі (420 мільёнаў долараў па дадзеных за 2011 год).

nn.by__img_w534d4_phot_3f9f11549c76cc0879176b502e245ab0.jpeg

Мы на доўгія гады атрымалі ў сваёй краіне “апошнюю дыктатуру Еўропы”. Прайшло дваццаць гадоў. Што ж, народ, задаволены сваім выбарам на рэферэндуме?

“Агледзеліся яны, ачунялі, пахмяліліся, пасля працверазелі” (с) Высоцкі.

Да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ідзём ужо з абсалютна цвярозай галавой і з поўнай адсутнасцю якога-кольвек выбару.