Spiegel: ЗША могуць здрадзіць Украіне па пытанні тэрыторыі, не даўшы гарантый бяспекі

Як паведамляюць СМІ, еўрапейскія лідары палохаюцца залішне «прарасійскіх» ініцыятыў ЗША, і ў тым ліку адзначаюць некаторую непразрыстасць мірных перамоваў па Украіне. І таму павінны распрацоўваць свае мірныя прапановы. То-бок у ЕС амаль на 100% упэўненыя: «мірны план Трампа» зноў не спрацуе з-за пазіцыі Расіі. Ідуць 1381-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

594979318_1206366038343139_6501501640652014921_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 снежня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмы расіян ў раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Лімана, Мірнаграда, Новаэканамічнага, Радзінскага, Навапаўлаўкі, Пакроўска, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Ялты, Аляксандраграда, Сасноўкі, Стэпавага, Вербава, Прывольнага, Вішнёвага, Паўлаўкі, Краснагорскага і Рыбнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Канстанцінаўкі, Мікалаіўпілля, Торскага.

На Славянскім кірунку Сілы абароны адбілі 13 атак паблізу Ямпаля, Дронаўкі, Серабранкі, Фёдараўкі і Сіверска.

На Гуляйпільскім кірунку УСУ адбілі 12 атак расіян у раёнах Зацішша, Гуляйполя і ў бок Прылук.

* * *

Расіяне ўвечары 4 снежня масіравана атакавалі Чугуеў. Расійскія БПЛА ўразілі непрацуючае прамысловае прадпрыемства — пашкоджаны адміністрацыйны корпус. Таксама зафіксаваны прылёт трох БПЛА у аддаленым мікрараёне горада: трапленне адбылося ў будынак, які раней ужо быў разбураны абстрэламі. Пацярпелых няма.

У ноч на 5 снежня БПЛА зноў атакавалі Сызранскі нафтаперапрацоўчы завод у Самарскай вобласці Расіі, у выніку чаго там адбыўся пажар.

У ноч на 5 снежня дроны атакавалі порт у расійскім Цямруку Краснадарскага краю, ёсць пашкоджанні, узнік пажар, паведамляюць расійскія паблікі.

* * *

594599686_1206714308308312_5449807373356699410_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што ў выніку вайна ва Украіне з РФ будзе ўрэгуляваная. Пра гэта ён заявіў на святочнай цырымоніі ўключэння агнёў на каляднай ёлцы ў Вашынгтоне.

Паводле яго слоў, ЗША ўжо шмат разоў урэгулявалі сусветныя канфлікты і войны. Таму ён лічыць, што гэта ўдасца і ў выпадку з Украінай.

«Мы ўсталёўваем мір па ўсім свеце, рэгулюючы войны на ўзроўнях, якіх раней ніхто не бачыў — такіх узроўняў можа быць да васьмі. Мы шукаем яшчэ адзін варыянт урэгулявання паміж Расіяй і Украінай, калі гэта магчыма. І я лічу, што ў выніку мы гэтага даможамся», — заявіў Трамп.

Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс у інтэрв'ю NBC News выказаў надзею, што ў бліжэйшыя некалькі тыдняў па пытанні завяршэння вайны РФ супраць Украіны будуць «добрыя навіны».

«Я сапраўды лічу, што мы дасягнулі вялікага прагрэсу, але пакуль не дасягнулі фінішнай рысы. Надзея ёсць, і, спадзяюся, у бліжэйшыя некалькі тыдняў з'явяцца добрыя навіны на гэтым фронце», — сказаў Джэй Дзі Вэнс, не ўдакладніўшы, на чым заснаваныя яго чаканні.

Кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін упершыню пракаментаваў сустрэчу з Уіткафам, назваўшы яе «вельмі карыснай», але пацвердзіў, што Масква адхіліла некаторыя пункты мірнага плана, назваўшы гэта «складанай працай». Пуцін таксама заявіў, што Масква «ў любым выпадку акупуе Данбас і "Наваросію" — ваенным або іншым шляхам».

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц лічаць, што ёсць рызыка здрады Украіны і Еўропы. Іх асцярогі падзяляюць і іншыя еўрапейскія лідары і нават генсакратар NATO, паведамляе нямецкі часопіс Spiegel.

Гаворка ідзе пра тое, што ЗША могуць здрадзіць Украіне па пытанні тэрыторыі, не даўшы гарантый бяспекі. З гэтай нагоды еўрапейскія лідары ў панядзелак, 1 снежня, правялі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім канфідэнцыйную тэлефонную нараду. СМІ сцвярджае: Мерц сказаў Зяленскаму, што «ў наступныя дні трэба быць вельмі асцярожным». «Яны гуляюць у гульні як з вамі, так і з намі», — дадаў канцлер, верагодна, маючы на ўвазе спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткафа і зяця амерыканскага лідара Джарэда Кушнера.

* * *

Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вэвер у сацсетцы X заявіў, што яго краіна, дзе захоўваюцца замарожаныя расійскія актывы, можа падтрымаць перадачу іх Украіне ў выглядзе так званага «рэпарацыйнага крэдыту». Але для гэтага Еўрасаюз павінен выканаць тры ўмовы.

Дэ Вэвер падкрэслівае, што выкарыстанне актываў, якія знаходзяцца ў дэпазітарыі Euroclear, можа мець патэнцыйна негатыўныя наступствы як для Бельгіі, так і для Еўропы. Таму адной з умоў для падтрымкі надання «рэпарацыйнага крэдыту» ён называе забеспячэнне «поўнай узаемнай адказнасці за рызыкі».

«Кампенсацыі за незаконную экспрапрыяцыю могуць значна перавышаць кошт саміх актываў і ўключаць складаныя працэнты, а таксама нерэалізаваны прыбытак. Таму, з нашага пункту гледжання, гарантыі павінны з першага ж дня пакрываць усе патэнцыяльныя фінансавыя абавязальніцтвы», — растлумачыў бельгійскі палітык.

Другой умовай з'яўляецца «забеспячэнне ліквіднасці і абароны ад рызык». Бельгія хоча пераканацца, што дэпазітарый Euroclear будзе мець неабходныя рэсурсы ў выпадку неабходнасці: напрыклад, калі ён трапіць пад расійскія санкцыі або Цэнтрабанк РФ запатрабуе кампенсацыі.

Трэцяя ўмова заключаецца ў тым, што Брусель чакае справядлівага размеркавання выдаткаў. Па меркаванні дэ Вэвера, удзел у аперацыі павінны прымаць усе дзяржавы-члены ЕС, якія маюць на захоўванні расійскія актывы: «І мы павінны патрабаваць гэтыя сродкі прапарцыйна і раўнамерна ад усіх устаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Еўропы, і, у ідэале, нават шырэй, чым тэрыторыя Еўропы – уключаючы краіны, якія ўваходзяць у "кааліцыю рашучых"».

«Мы лаяльныя да Украіны. Мы заўсёды будзем абіраць мір, свабоду і дэмакратыю. Мы гатовыя ісці на ахвяры, але нельга патрабаваць немагчымага ад нашай краіны», — адзначыў прэм'ер Бельгіі.

* * *

Урад Вялікабрытаніі гатовы перадаць на падтрымку Украіне восем мільярдаў фунтаў стэрлінгаў замарожаных у краіне расійскіх актываў. Лондан хоча заключыць пагадненне з ЕС і іншымі краінамі, дзе захоўваюцца расійскія грошы, піша The Times.

Адзначаецца, што ў рамках міжнароднай ініцыятывы па ўзмацненні ціску на Крэмль Вялікабрытанія хоча заключыць пагадненне з ЕС і іншымі краінамі, у прыватнасці Канадай, якое магло б разблакаваць да 100 мільярдаў фунтаў для падтрымкі Украіны.

Гэтыя сродкі могуць пакрыць больш за дзве траціны фінансавых патрэбаў Украіны на бліжэйшыя два гады — як для працягу абароны, так і для аднаўлення ў выпадку заключэння мірнага пагаднення.

* * *

Еўрапейскі Саюз павінен распрацаваць уласны мірны план для Украіны і перастаць арыентавацца выключна на ініцыятывы ЗША, заявіў еўракамісар па абароне Андрус Кубілюс выданню Politico.

ЕС «павінен быць незалежным ці, прынамсі, быць гатовым заняць моцную пазіцыю ў геапалітычных падзеях, а тым ліку мець свае планы адносна таго, як можна дабіцца міру ва Украіне, і абмяркоўваць іх з нашымі трансатлантычнымі партнёрамі», — сказаў Кубілюс.

Выданне адзначае, што Еўропа была заспета знянацку мірным планам ЗША з 28 пунктаў. Еўрапейскія краіны не былі прадстаўлены ў Крамлі падчас сустрэчы спецпрадстаўніка Трампа Стыва Уіткафа з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным 2 снежня.

Чыноўнікі ЕС асцерагаюцца, што нават калі цяперашні новы план Трампа не спрацуе, праз некалькі месяцаў з'явіцца новы. На фоне гэтага Кубілюс сказаў: «Кожныя паўгода мы атрымліваем новыя планы, і я адчуваю, што мы тут чакаем, якія планы паступяць з Вашынгтона ў гэтым годзе. Планы павінны паступаць таксама з Бруселя або Берліна».

Еўракамісар дадаў, што ў Еўропы «павінна быць магчымасць абмеркаваць два планы: адзін еўрапейскі, а другі, магчыма, падрыхтаваны нашымі амерыканскімі сябрамі. Знайсці сінергетычныя сувязі паміж гэтымі двума планамі і дасягнуць найлепшага выніку».