«Намаганні Крамля прадставіць перамогу Расіі як непазбежную не адпавядаюць рэаліям поля бою»
Напярэдадні перамоў са Стывам Уіткафам Расія спрабуе пусціць «пыл у вочы» сваімі заявамі пра поспехі на фронце, якія наўпрост выдумляюцца. Украіна не хавае, што сітуацыя складаная, аднак расійскі «прарыў» вельмі далёкі ад рэальнасці. Ідуць 1378-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 226 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 72 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Новага Шахава, Ніканораўкі, Бяліцкага, Шахава, Радзінскага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Пакроўска, Зверавага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па 22 атакі на кожным.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 21 раз каля Дружалюбаўкі, Цвердахлебава, Карпаўкі, Сярэдняга, Шандрыгалавага, Навасёлаўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 18 расійскіх атак у раёнах Зацішша, Новага Запарожжа, Зялёнага Гаю, Варвараўкі, Прывольнага і Гуляйполя.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 14 разоў атакаваў пазіцыі УСУ у раёнах Ваўчанска, Ізбіцкага, Сінельнікавага, Абухаўкі і Нававасілеўкі.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін атрымаў ад сваіх генералаў даклады аб нібыта захопе РФ Пакроўску ў Данецкай вобласці і Ваўчанску ў Харкаўскай вобласці, заявіў спікер кіраўніка Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Паводле яго слоў, увечары 30 лістапада Пуцін наведаў адзін з пунктаў кіравання расійскіх войскаў. Начальнік генштаба РФ Валерый Герасімаў з іншымі камандуючымі расійскіх войскаў далажылі Пуціну аб «захопе» Пакроўска і Ваўчанска.
У свежых зводках начальнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў паведаміў, што расійскія войскі нібыта акружылі Стэпнагорск у Запарожскай вобласці; «паспяхова развіваюць наступ» у Днепрапятроўскай вобласці; каля 30% будынкаў у Канстанцінаўцы нібыта ўжо пад кантролем расійскіх падраздзяленняў; штурмавыя падраздзяленні групоўкі «Захад» увайшлі ў Ліман Данецкай вобласці.
Як і іншыя заявы расійскага камандавання, гэтая інфармацыя не пацвярджаецца ўкраінскім бокам і назіральнікамі, і разглядаецца як чарговая спроба прадставіць сітуацыю на фронце на карысць Масквы.
Кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Украіны (ЦПД) РНБА Андрэй Каваленка адзначыў, што расіяне робяць гучныя заявы і спрабуюць ціснуць на фронт выключна для заходняй аўдыторыі і павышэння ставак у дыпламатыі.
1 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што, нягледзячы на заявы РФ, украінскія абаронцы вычысцілі з Купянска амаль усе расійскія войскі. Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што ад расіян зачышчана больш за траціна Пакроўска. Андрэй Каваленка адзначыў, што пад кантролем украінскіх войскаў застаецца мінімум палова Ваўчанска.
* **
Расійскія войскі не пакідаюць спроб захапіць Пакроўск і Мірнаград Данецкай вобласці. Сітуацыя крытычная, але бітва за агламерацыю працягваецца, адзначае аналітычны праект DeepState.
Расійцы працягваюць «распыляцца па Пакроўску і яго ваколіцах, спрабуючы ўсталяваць фізічны кантроль у раёне. Найбольшая колькасць фіксацый ворага адбываецца ў цэнтральнай і паўночнай частках горада», гаворыцца ў паведамленні.
Украінскія абаронцы прыкладаюць намаганні для зачысткі асобных раёнаў, але асноўная праца выконваецца пілотамі дронаў, якія без прыпынку спрабуюць выявіць і знішчыць праціўніка, але ў расіян ёсць магчымасці адпраўляць новых пяхотнікаў у тыя раёны, якія ўжо былі ачышчаны.
* * *
Звязаны з Крамлём расійскі мілблогер адказаў на заяву Міністэрства абароны Расіі пра тое, што расійскія войскі захапілі Клінавае (на поўнач ад Канстанцінаўкі, прыкладна ў 10 кіламетрах ад цяперашняй лініі фронту), раскрытыкаваўшы неаднаразовыя перабольшванні Мінабароны адносна баявых поспехаў, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Блогер сцвярджае, што Мінабароны Расіі робіць заўчасныя заявы аб захопе населеных пунктаў, не даючы ніякіх пацвярджаючых доказаў, і заяўляе пра поспехі Расіі ў населеных пунктах, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад пацверджаных расійскіх пазіцый.
Ваенны блогер дадаў, што апошнія падзеі на полі бою ўмацоўваюць бягучую перагаворную пазіцыю Расіі, і намякнуў, што Мінабароны РФ фактычна шкодзіць сваёй перагаворнай пазіцыі, робячы ілжывыя заявы, якія могуць лёгка «даць зваротны эфект» пры з'яўленні доказаў адваротнага.
Крэмль неаднаразова рабіў перабольшаныя заявы пра поле бою ў рамках сваёй працяглай кагнітыўнай вайны, каб ілжыва прадставіць расійскую перамогу як непазбежную. ISW працягвае ацэньваць, што, хоць сітуацыя на некаторых канкрэтных участках лініі фронту з'яўляецца сур'ёзнай, асабліва на кірунках Пакроўска і Гуляйполя, намаганні Крамля прадставіць перамогу Расіі ва Украіне як непазбежную не адпавядаюць рэаліям поля бою.
Скажонае ўяўленне Крамлём сітуацыі на месцах настолькі далёка ад рэальнасці, што вядомыя ваенныя мілітарысцкія блогеры вымушаны публікаваць уласныя карэктуючыя заявы, адзначае ISW.
* * *

* * *
У Белым доме «вельмі аптымістычна» настроены адносна працэсу перамоваў па ўсталяванні міру ва Украіне, заявіла прэс-сакратар адміністрацыі Трампа Кэралайн Левіт.
Прэс-сакратар дадала, што каманда ЗША, уключаючы прэзідэнта Дональда Трампа, віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса, спецпасланніка Стыва Уіткафа, дзяржсакратара Марка Рубіё і міністра абароны Піта Хегсэта «сапраўды хочуць, каб вайна скончылася».
У гэтым кантэксце яна ўспомніла пра «добрыя перамовы» з украінскай дэлегацыяй напярэдадні ў Фларыдзе. «Цяпер, вядома, спецпасланнік Уіткаф накіроўваецца ў Расію. Гэта свайго роду чоўнавая дыпламатыя, якую вы бачыце падчас працы гэтай адміністрацыі, дзе мы размаўляем на роўных з абодвума бакамі», — сказала яна.
«Што ж тычыцца дэталяў, я дазволю перагаворшчыкам весці перамовы, але мы адчуваем сябе досыць добра, і мы спадзяемся, што гэтая вайна нарэшце скончыцца», — заявіла Левіт.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з французскім прэзідэнтам Эмануэлем Макронам у Парыжы паведаміў, што абмеркаванне «мірнага плана», прапанаванага ЗША, — гэта «працэс, ён яшчэ не скончыўся».
Больш за ўсё дыскусій, паводле яго, выклікаюць тры пытанні. «Пытанне тэрытарыяльнае — самае складанае. Пытанне грошай на аднаўленне — на мой погляд, без прысутнасці еўрапейскіх партнёраў, гэта не проста і складана, таму што грошы знаходзяцца ў Еўропе. Мне здаецца, гэта не вельмі справядліва. І пытанне гарантый бяспекі, што вельмі важна. Канкрэтна ад Злучаных Штатаў Амерыкі, канкрэтна ад Еўропы», — сказаў прэзідэнт Украіны.
«Гэта значыць, я б сказаў, што гэта тры галоўныя тэмы, магістралі і ў той жа самы момант трыгеры. І тут трэба быць вельмі асцярожнымі», — дадаў ён.
Кіраўнік Украіны падзякаваў перагаворным групам, дадаўшы, што цяпер «план выглядае лепш».
* * *
Указ аб дванаццатым пакеце ваеннай дапамогі Украіне ад Італіі ўступіў у сілу, паведамляе Афіцыйны веснік Італіі.
Указ, падпісаны міністрам абароны Італіі Гвіда Кразэта па ўзгадненні з міністрамі замежных спраў і эканомікі, дазваляе «перадачу ўрадавым органам Украіны ваенных транспартных сродкаў, матэрыялаў і абсталявання». Пералік гэтага абсталявання прыводзіцца ў сакрэтным дакуменце, змест якога, як і ў папярэдніх выпадках, не апублікаваны з меркаванняў бяспекі.
Транспартныя сродкі, матэрыялы і абсталяванне, «перадаюцца атрымальніку бясплатна».
Урад Джорджы Мелоні раней адправіў 11 пакетаў дапамогі з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, агульны кошт якіх складае ад 2,5 да 3 млрд еўра. Сярод іншага, па неафіцыйных дадзеных, Італія перадала Кіеву дзве батарэі сістэм СПА SAMP/T.