Расія з пачатку вайны ва Украіне страціла 1% даваеннага мужчынскага насельніцтва
The Economist піша, што вайна абыходзіцца Расі дорага — яна страціла ва Украіне 1% мужчынскага насельніцтва. А калі казаць пра працаздольнае мужчынскае насельніцтва, гэта можа быць 2%. У той жа час тэрытарыяльныя заваёвы не апраўдваюць гэтых страт. Ідуць 1383-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 161 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 7 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 атак расіян у бок Новага Шахава, Навапаўлаўкі і ў раёнах Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне правялі 16 атак у раёнах Ялты, Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Ворана, Аляксандрограду, Стэпавага, Успенаўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 14 атак расіян у раёне Гуляйполя, Салодкага і ў кірунку Дабраполля.
На Ліманскім і Славянскім кірунках адбылося па 13 боесутыкненняў на кожным.
* * *
Вайскоўцы 67-й асобнай механізаванай брыгады УСУ вызвалілі вёску Ціхае на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці, паведамляецца на старонцы брыгады ў Facebook.
Расійскія войскі заяўлялі аб акупацыі гэтага населенага пункта 21 лістапада. У паведамленнях публікаваліся відэазапісы, на якіх салдаты РФ ўсталёўвалі сцяг на Аляксандраўскім кірунку, сцвярджаючы аб захопе вёсак Ціхае і Атраднае.
Цяпер УСУ паведамляюць, што вёска была цалкам ачышчаная ад акупантаў. Па стане на 6 снежня яна знаходзіцца пад кантролем Украіны.
«Афіцыйна заяўляем: па стане на 6.12.2025 населены пункт Ціхае знаходзіцца пад кантролем воінаў 67 асобнай механізаванай брыгады Узброеных Сіл Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
Расія магла страціць 1% даваеннага мужчынскага насельніцтва з пачатку вайны ва Украіне, піша The Economist.
«Па даных апошняга даваеннага перапісу 2020-2021 гадоў, згодна з якімі ў Расіі пражывала больш за 68 млн мужчын. Колькасць загінулых расійскіх ваеннаслужачых можа перавышаць 680 тысяч чалавек. Калі лічыць толькі працаздольную частку мужчынскага насельніцтва, то гэта каля 430 тысяч забітых на вайне», — гаворыцца ў артыкуле.
Па розных падліках, агульныя расійскія страты забітымі і параненымі складаюць ад 1 да 1,35 млн салдат і афіцэраў.
За няпоўны год расійскія войскі, па даных Інстытута вывучэння вайны (ISW), змаглі захапіць 4562 кв. км украінскай тэрыторыі. Гэта на 22% больш, чым у 2024 годзе, калі было акупавана 3734 кв км плошчы Украіны. Але нават нягледзячы на пэўныя поспехі Расіі ў пакроўска-мірнаградскай зоне Данецкай вобласці, у Купянску на Харкаўскім кірунку, а таксама наступ у Запарожскай вобласці, які паскорыўся, агульныя тэмпы яе прасоўвання застаюцца павольнымі, канстатуе The Economist. За апошнія тры гады РФ змагла дадаткова акупаваць толькі 1,45% тэрыторыі Украіны.
Фактычна за гэты час ніводзін буйны горад не перайшоў пад кантроль РФ. Нават у Пакроўску, баі за які працягваюцца ўжо амаль паўтары гады, да вайны жыла 61 тысяча чалавек, ён быў толькі 73-м па велічыні горадам Украіны. Па даных ISW, горад пакуль не захоплены расійскімі войскамі канчаткова.
Для поўнага захопу ўкраінскіх Херсонскай, Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцей, якія Расія замацавала за сабой у канстытуцыі, ёй неабходна ўзяць пад кантроль яшчэ 20345 кв км. Пры цяперашніх тэмпах прасоўвання на гэта пойдзе як мінімум два з паловай гады, ваяваць давядзецца мінімум да траўня 2028 года, адзначае The Economist. У цэлым Расія кантралюе каля 20% украінскай тэрыторыі — каля 120 тысяч кв км (уключаючы тэрыторыі, акупаваныя ў 2014 годзе — Данбас і Крым — НЧ).
* * *
У Ноўгарадзе-Северскім Чарнігаўскай вобласці ў выніку атакі расійскіх БПЛА тыпу «Герань-2» увечары 6 снежня ў сваім доме загінуў 50-гадовы мясцовы жыхар. У выніку атакі пацярпеў участак паліцыі, будынак медыцынскага каледжа і прынамсі восем прыватных жылых дамоў.
У ноч на 7 снежня расійцы зноў нанеслі масіраваны камбінаваны ўдар па аб'ектах інфраструктуры Крэменчуга. У асобных раёнах горада назіраюцца перабоі з электразабеспячэннем, водазабеспячэннем і цеплынёй.
У ноч на нядзелю, 7 снежня, у Саратаўскай вобласці Расіі прагучалі выбухі. Telegram-каналы і мясцовыя жыхары паведамляюць пра атаку беспілотнікаў на нафтабазу ў Энгельсе.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разам з членамі ўкраінскай перагаворнай дэлегацыі Рустэмам Умеравым і Андрэем Гнатавым правялі размову з перагаворшчыкамі ад ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам, паведаміў Зяленскі ў сацсетках.
Зяленскі назваў размову «доўгай і змястоўнай», а таксама «вельмі прадметнай» і «канструктыўнай».
«Мы надалі ўвагу многім аспектам і даволі хутка абмеркавалі ключавыя рэчы, якія могуць гарантаваць заканчэнне кровапраліцця і зняць пагрозу трэцяга ўварвання Расіі, а таксама пагрозу невыканання Расіяй яе абяцанняў, як гэта ўжо не раз было ў мінулым. Украіна мае намер працаваць сумленна з амерыканскім бокам і надалей, каб рэальна прынесці мір», — напісаў Зяленскі.
* * *
Па звестках амерыканскага выдання Axios, тэлефонная размова прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з прадстаўнікамі ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам у суботу доўжылася дзве гадзіны, і абмеркаванне тэрытарыяльнага пытання было «складаным».
Адна з крыніц распавяла, што Уіткаф і Кушнер сабралі інфармацыю ад абодвух бакоў і ціснулі на Пуціна і Зяленскага, каб яны пайшлі на саступкі, неабходныя для дасягнення пагаднення.
«Абмеркаванне тэрыторыі было складаным, паведаміла крыніца, знаёмая з ходам размовы. Расія ўсё яшчэ патрабуе ад Украіны вывесці войскі з не кантраляваных ёю частак Данбаса, але ЗША спрабуюць распрацаваць новыя ідэі для вырашэння гэтага пытання, паведаміла другая крыніца», — гаворыцца ў публікацыі.
Іншым ключавым пытаннем былі гарантыі бяспекі Украіны з боку ЗША. Адна крыніца паведаміла, што бакі дасягнулі значнага прагрэсу і наблізіліся да пагаднення, але трэба яшчэ папрацаваць, каб абодва бакі аднолькава тлумачылі праект гарантый бяспекі.
* * *
Узброеныя сілы ЗША вывучаюць вопыт прымянення аўтаномных сістэм узбраенняў падчас баявых дзеянняў ва Украіне, каб выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі ва ўласных ваенных аперацыях. Пра гэта заявіў міністр вайны ЗША Піт Хегсет падчас выступлення на форуме прэзідэнцкага фонду Рональда Рэйгана ў Каліфорніі.
Паводле слоў кіраўніка Пентагона, менавіта аўтаномныя платформы і тэхналогіі штучнага інтэлекту будуць вызначаць характар будучых узброеных канфліктаў.
Хегсет таксама падкрэсліў, што краіны-партнёры ЗША павінны павялічваць выдаткі на абарону, каб падтрымліваць агульную бяспеку. Ён адзначыў, што Вашынгтон працуе з саюзнікамі над стварэннем глабальнай сістэмы абарончай абароны.
«Гэта сфармуе агульны магутны абарончы шчыт з добра ўзброенымі саюзнікамі па ўсім свеце, якія гатовыя да ўласнай абароны, абароны сваіх і агульных інтарэсаў», — сказаў кіраўнік Пентагона.