Святлана Ціханоўская: Героі паўстання 1863 года — і сёння крыніца нашай сілы
Сёння, у гадавіну пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага, Святлана Ціханоўская наведала могілкі Росы, дзе пахаваныя героі 1863 года, і выступіла з прамовай.
«Паўстанне 1863 года аб'ядноўвае Літву, Польшчу, Украіну і Беларусь. Нашыя народы адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і сваю годнасць», — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.
Паводле яе слоў,
апошнія падзеі ў Беларусі і Украіне паказваюць, што «мэты паўстанцаў трэба
адстойваць безупынку», бо «імперыя зноў грукаецца ў наш дом, імкнецца нас
знішчыць ці падпарадкаваць».
«Сіла, якую
знайшлі ў сабе нашыя з вамі землякі, каб супрацьстаяць расійскай імперыі,
нават коштам уласнага жыцця — гэта сіла, якую яны перадалі і нам праз паўтара
стагоддзя. Гэтая сіла — у любові да сваёй зямлі, любові да свайго народа.
Гэтая сіла — у свабодзе, гэтая сіла — у смеласці, якую кожны з нас здольны
знайсці ў сабе, каб здзейсніць подзвіг. Героі паўстання 1863 года — і
сёння крыніца нашай сілы. Крыніца нашага нацыянальнага гонару і годнасці. Яны
дапамагаюць беларусам супрацьстаяць тыранічнаму рэжыму Лукашэнкі і імперскай
агрэсіі Расіі», — сказала Ціханоўская.
Яна нагадала, што Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на тэрыторыі Беларусі, «ёміста сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі: толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой не будзе чужой улады».
«Бо нам,
беларусам, не трэба чужога. Проста дайце нам быць гаспадарамі ў сваёй
краіне. Мы хочам будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, і імя
Кастуся Каліноўскага працягвае натхняць нас у гэтай справе. Каліноўцы-добраахвотнікі
адстойваюць гонар Беларусі на палях баёў ва Украіне, студэнты-каліноўцы —
за партамі ў польскіх універсітэтах. А нашых міжнародных сяброў мы збіраем
штогод на Форум Каліноўскага тут у Вільні, у літоўскім Сеймасе», — падкрэсліла
палітык.
«Ведаеце, у
Мінску мы з сям'ёй жылі ў раёне вуліцы Каліноўскага і часта там гулялі.
Тады мае дзеці былі яшчэ маленькія і не ведалі, чым знакаміты Каліноўскі. Але
нядаўна я распавяла старэйшаму гэтую гісторыю — пра тое, як адзін маленькі,
але вольны душой чалавек змог запаліць іскру народа, каб паўстаць супраць
вялікага зла. Нават калі ён трапіў за краты — ён не здаўся і заставаўся
вольным чалавекам. «Ён такі ж, як наш тата!» — сказаў мой сын», — дадала Ціханоўская.
На яе думку, «у
кожнай беларускай сям'і ёсць свой Каліноўскі — той, хто дае вам сілы на
барацьбу і не дае спыніцца, нават калі здаецца, што ўжо няма надзеі».
«Я не магу
здрадзіць мары маіх дзяцей вярнуцца дадому і хутчэй абняць бацьку. Мы не
можам здрадзіць тым марам, якія аб'ядноўваюць нас і нашых герояў. Не можам
здрадзіць памяці пра іх. Не можам і не маем права не змагацца за свой дом. І
нягледзячы на тое, што трагічная гісторыя паўтараецца, і сёння нашыя народы
зноў вымушаныя супрацьстаяць вялізнай імперыі, — я ведаю, што мы пераможам. Ведаю,
што ўсе мы вернемся дадому. І ведаю, што Беларусь у хуткім часе вернецца ў
Еўрапейскую сям'ю, якой належыць гістарычна», — падсумавала Святлана
Ціханоўская.