Каталіцкі святы, менская модніца і сын Гарыбальдзі: нечаканыя ўдзельнікі паўстання Каліноўскага

Сёньня беларусы адзначаюць 160-ю гадавіну пачатку знакамітага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі, якое на беларускіх землях узначаліў Кастусь Каліноўскі. Акрамя яго і слынных кіраўнікоў супраціву – у ім прымалі ўдзел і знакамітыя ў разнастайных сферах асобы.

pasztouka_1.jpg

Мы абралі тры асобы, жыцьцёвы шлях якіх можа натхніць паўстанцаў у любыя часы.

Юзэф Каліноўскі (пазьней — сьвяты Рафал)

svjaty_rafal__juzef_kalinouski.jpg

Адразу адзначым, што ў наш час сьвяты Рафал Каліноўскі лічыцца апекуном людзей, якія перажываюць цяжкія ці безнадзейныя справы.

Юзэф нарадзіўся ў 1835 годзе ў Вільні. Ужо на пачатку жыцьця яму давялося сутыкнуцца з незвычайнымі падзеямі. Яго маці памерла неўзабаве пасьля родаў, а бацька ўзяў яе сястру ў жонкі, і яна выхоўвала маленькага Юзэфа. Праз некалькі гадоў памірае і яна, і бацька бярэ шлюб трэці раз — яго абраньніцай стала Сафія Путкамер, дачка знакамітай Марыі Верашчакі — каханай Адама Міцкевіча.

Да пачатку паўстаньня Юзэф Каліноўскі пасьпеў атрымаць адукацыю ў Горы-горацкім агранамічным інстытуце і скончыць вайскова-інжынэрную вучэльню ў Пецярбургу. Ён выпусьціўся са званьнем падпаручніка, а ў хуткім часе стаў і лейтэнантам. Юзэф плянаваў прысьвяціць жыцьцё інжынэрыі і вайсковай справе. У 1862 годзе яго прызначаюць на працу ў Берасьцейскую крэпасьць. Сярод яго абавязкаў — пашырэньне ўмацаваньняў.

Ён разумеў, што паўстаньне выбухне. Юзэф баяўся, што Берасьцейская крэпасьць будзе выкарыстаная ў ваенных дзеяньнях супраць паўстанцаў, і ён вырашыў кінуць расейскую армію. Калі надыйшло 22 студзеня 1863 года — Каліноўскі знаходзіўся ў Берасьці. Яму атрымалася выбіць сваю адстаўку. У хуткім часе ў Варшаве Юзэф Каліноўскі перадаў паўстанцкім уладам пляны расейскіх крэпасьцей і атрымаў прапанову заняць кіруючую пасаду ў паўстанцкіх органах на землях Беларусі і Літвы. Ён узначаліў Вайсковы аддзел у Вільні.

Юзэф арганізоўваў узброеные сілы, але сам у баях не ўдзельнічаў. Ён таксама адмовіўся выносіць і выконваць сьмяротныя прысуды. Апынуўшыся ў Вільні, Каліноўскі зразумеў, што ўзброеныя сілы паўстанцаў нешматлікія, недысцыплінаваныя і слаба ўзброеныя. Ён заклікаў кіраўніцтва паўстаньня ў Варшаве не павялічваць узброеную дапамогу, бо гэта, на яго думку, прывяло б толькі да марных ахвяраў.

У сярэдзіне 1863 года Юзэф Каліноўскі ўпершыню за 9 гадоў схадзіў на споведзь, пасьля гэтага наведваў штодзённую Імшу і захапіўся тэалёгіяй.

25 сакавіка 1864 года ён быў схоплены і неўзабаве атрымаў сьмяротны прысуд ад расейскіх уладаў. Аднак пасьля пакараньне было замененае на 10 гадоў катаргі ў Сібіры з пазбаўленьнем шляхетнай годнасьці. У эміграцыі Каліноўскі ўсё больш упэўніваўся, што яму варта стаць сьвятаром. Ён вёў вельмі аскетычны лад жыцьця. Пасьля амністыі 1868 года яго вызвалілі, але забаранілі вяртацца на радзіму. Юзэф вымушана абраў Іркуцк, бо там дзейнічаў касьцёл. Праз 6 гадоў атрымаў дазвол вярнуцца, але не на радзіму, а толькі ў Польшчу.

У 1877 годзе Юзэф Каліноўскі далучаецца да манаскага ордэну кармэлітаў, і ўзяў новае імя — Рафал. У хуткім часе ён дасягае вялікага прызнаньня і становіцца прыёрам (кіраўніком) ордэну на польскіх землях. Рафал прыйшоў да высновы, што разьвіцьцё кармэлітаў патрабуе новага кляштара, і ён вырашае зрабіць яго ў Вадовіцах — менавіта ў гэтым горадзе праз некалькі дзесяцігодзьдзяў народзіцца Караль Вайтыла, будучы Пантыфік Ян Павал ІІ.

Рафал правёў у кляштары 30 гадоў і памёр у 1907 годзе. 17 лістапада 1991 года Рафал быў абвешчаны сьвятым каталіцкага касьцёла. 

Каміла Марцінкевіч

kamila_2.jpg

Дзяўчына нарадзілася ў Менску ў 1834 годзе ў сям’і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Зь дзяцінства яна займалася музыкай і ўжо ва ўзросьце васьмі гадоў давала канцэрты ў гарадах былой Рэчы Паспалітай. Акрамя роднага горада Каміла грала ў Варшаве, Кіеве, Вільні і некаторых іншых месцах.

Апроч выкананьня чужых твораў, Каміла Марцінкевіч пісала і свае. На жаль, будучы клясык літаратуры, яе бацька Вінцэнт, не меў дастатковых сродкаў, каб працягваць музычную адукацыю дачкі. Ён паспрабаваў уладкаваць яе ў парыжскую кансэрваторыю, але марна.

Паводле пісьмовых крыніцаў тагачаснага губазіка — яна першай стала выконваць патрыятычныя гімны ў касьцёлах, і за сьпевы ў менскім катэдральным касьцёле акупацыйны расейскі рэжым зьмясьціў яе псыхіятрычныю лякарню. Больш за тое, самі паліцэйскія справаздачы кажуць пра тое, што яна распаўсюджвала «патрыятычную моду» праз свае сьпевы — тады гэта было адзіным, што магла зрабіць Каміла, каб падтрымаць новыя павевы паўстаньня, што даносіліся з Варшавы ў 1861 годзе. Нагадаем — у той час адбыўся расстрэл мірнай варшаўскай дэманстрацыі.

Крыху пазьней, калі сьпяваць у касьцёлах забаранілі, Каміла пачала апранаць чорную сукенку і галаўны ўбор — у знак трауру па забітых пратэстоўцах. За ёй зноў пачалі паўтараць — і сотні менскіх паненак усіх узростаў пачалі выходзіць у горад у чорным. Расейскія ўлады баяліся ўсяго, што нейкім чынам выходзіць за рамкі – і кабетам забаранілі апранаць чорнае.

Каміла была выхавана бацькам належным чынам — яна здолела зьдзейсьніць фэерычную палітычную акцыю — выліла вядро памыяў на галаву менскага губэрнатара.

У 1863 годзе быў арыштаваны першы менскі фатограф Антоні Прушынскі, які за жыцьцё пасьпеў зрабіць безьліч культавых здымкаў, у тым ліку партрэтаў беларускіх дзеячаў. Напрыклад, ён зрабіў здымак і бацькі Камілы — ён часта зьяўляецца і ў падручніках. Але апроч звычайных здымкаў Прушынскі рабіў і адмысловыя, паўстанцкія. У яго атэлье быў знакаміты стул, на сьпінцы якога была ў тым ліку і Пагоня. Падчас ператрусу быў знойдзены ў тым ліку і гэты здымак:

kamila_3.jpg

На ім добра бачныя паўстанцы, а адзінай паненкай на здымку была Каміла Марцінкевіч.

Яе арыштавалі па даносу расейскага вайскоўца, які напісаў, што Каміла спакушала яго і схіляла, каб ён перадаў ёй зброю для паўстанцаў. Калі дзяўчына трапіла ў Пішчалаўскі замак (сёньняшнюю Валадарку), яна здолела нейкім чынам знайсьці кветкі, і ў час, калі па калідорах вялі аднаго з паўстанцаў на сьмерць, Каміла кінула яму, як пішуць крыніцы, букет пад ногі. Адважная дзяўчына. Яе выслалі ўглыб Расеі.

Пасьля яна здолела вярнуцца ў былое Вялікае Княства, у Вільню, дзе ўзяла шлюб з лекарам Казімірам Асіповічам, мела 6 дзяцей і памерла ў 1900 годзе. 

Меноці Гарыбальдзі

harybaldzi.jpg

Сын славутага італьянскага рэвалюцыянэра Джузэпэ Гарыбальдзі нарадзіўся ў далёкай Бразыліі ў 1840 годзе. Падчас хросту яго назвалі Дамэніка, але бацька, вядомы змагар супраць хрысьціянства, даў яму яшчэ і дадатковае імя — Меноці, пад якім ён і атрымаў прызнаньне ў сьвеце.

Старэйшы Гарыбальдзі, які марыў пра вялікую, адзіную Італію, браў сына на свае вайсковыя паходы. Да паўстаньня 1863 года ён пасьпеў паўдзельнічаць у так званай «Другой вайне за незалежнасьць Італіі» ў 1859 годзе, потым высаджваўся на Сіцыліі ў 1860-1861 гадах, калі каралеўства абедзьвюх Сіцылій было анэксаванае Сардынскім каралеўствам і такім чынам увайшло ў аб’яднанае каралеўства Італія.

Далей быў яшчэ паход з бацькам на Рым у 1862 годзе. У выніку Меноці Гарыбальдзі атрымаў вялікі досьвед у вайсковых справах, і напярэдадні паўстаньня ягоныя веды разглядаліся арганізатарамі дастатковымі, каб узначаліць паўстанцаў з Люблінскага ваяводзтва. Магчыма хтосьці разьлічваў атрымаць эфект, падобны да іншага слыннага сына беларускай зямлі — Тадэвуша Касьцюшкі, які пасьля пасьпяховага ўдзелу ў вайне за незалежнасьць Злучаных Штатаў вярнуўся на радзіму і ўзначаліў паўстаньне супраць расейскіх акупантаў.

Па задуме генэрала Юзэфа Высоцкага, паўстанцы пад кіраўніцтвам Меноці Гарыбальдзі мусілі аб’яднацца з іншымі вайсковымі злучэньнямі, што рыхтаваліся ў Канстантынопалі і высадзіцца разам у раёне Адэсы, каб адтуль даць пад дых расейцам. Аднак гэтыя пляны, на жаль, не здолелі рэалізавацца.

Меноці Гарыбальдзі арганізаваў таксама і цэлы аддзел італьянскіх добраахвотнікаў, якія змагаліся падчас Паўстаньня 1863 года супраць расейскіх войскаў. Яны нават мелі эпічную назву «Легіён Гарыбальдзі», хаця іх колькасьць была больш сьціплай. Непасрэдным кіраўніком італьянскіх паўстанцаў быў Франчэска Нульлё. Вялікага ўплыву на ход паўстаньня яны ня мелі, але больш істотным застаўся іх прыклад замежнай дапамогі ў змаганьні за нашу і вашу свабоду.

Малодшы Гарыбальдзі пасьля войнаў чвэрць стагодзьдзя быў дэпутатам у італьянскім парлямэнце, меў шасьцёра дзяцей і памёр у 1903 годзе.