Адам Кіркор — адступнік і выдавец «Новага Часу»
Сёння спаўняецца 205 гадоў з дня нараджэння Адама Ганоры Кіркора, які шмат зрабіў для захавання традыцый і культуры былога Вялікага Княства Літоўскага, а таксама для з’яўлення ўласна беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. «B*dzma.me» прыгадвае цікавыя факты з біяграфіі гэтага вядомага дзеяча ХІХ стагоддзя.
Родам са Смаленшчыны
Калі сёння адкрыць сеціва і паглядзець біяграфію гэтага
чалавека, то можна здзівіцца. Бо ў розных крыніцах Адам Кіркор будзе пазначаны
па-рознаму: літаратар, выдавец, краязнавец, археолаг, гісторык, лінгвіст,
фалькларыст, музейшчык. Абумоўлена гэта тым, што цягам жыцця ён меў вельмі
шырокую сферу інтарэсаў: цікавіла яго і літаратура, і выдавецкая справа, і этнаграфія,
і археалогія, і гісторыя агулам.
Тое самае і з яго «нацыянальнай» прыналежнасцю: у адных
аўтараў ён беларускі дзеяч, у другіх ужо польскі, а ў трэціх наогул літоўскі.
Дык кім жа быў гэты славуты даследчык беларускіх і літоўскіх старажытнасцей
насамрэч?
Нарадзіўся Адам Кіркор у небагатай шляхецкай сям’і ў вёсцы
Слівін на гістарычнай Смаленшчыне, якая сёння ўваходзіць у склад Расіі. Вучыўся
спачатку ў Магілёўскай, а потым у 2-й Віленскай гімназіі. У 1838 годзе гэтая
гімназія пераўтварылася ў Віленскі дваранскі інстытут, які і скончыў экстэрнам
малады чалавек.
Пасля вучобы ён займае пасаду сакратара канцылярыі Віленскай
казённай палаты, дзе фармальна будзе працаваць да 1864 года. Але куды больш за
казённую працу і магчымую кар’еру яго вабіць даследаванне мінулага.
Стваральнік «паганскага» іміджу Беларусі
У 1839 годзе Адам Кіркор дэбютуе з артыкулам «Остатки
языческих обыкновений в Белоруссии». Здаецца, што паганскае мінулае яму вельмі
рупіла, бо свой першы ўласны часопіс, які пачаў выходзіць у 1843 годзе, ён
назваў не як-небудзь, а «Redegast». Потым былі яшчэ «Разумовыя дзённікі»,
«Віленскі зборнік». А з 1860 года Адам Кіркор пачынае рэдагаваць галоўнае
выданне краю — «Виленский вестник», які выходзіў на расійскай і польскай мовах.
Менавіта Адам Кіркор быў адным з тых, хто ўласна і стварыў
«паганскі» імідж Беларусі і Літвы. У сваіх артыкулах ён адзначаў, што нашыя
землі — гэта край курганаў, гарадзішчаў, замкаў, дзе сляды мінулага
сустракаюцца ледзь не на кожным кроку. А ў этнаграфічных даследаваннях
даводзіў, што наша культура багатая разнастайнымі легендамі, паданнямі і
песнямі, якія спяваюць тут цягам тысячы гадоў.
Нават знакамітыя «Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах», якія
першы раз пабачылі свет у 1856 годзе і вытрымалі за кароткі час некалькі
перавыданняў, былі створаны не проста даследчыкам мінулага, але таксама і
актыўным папулярызатарам гарадской міфалогіі. Менавіта ў гэтай працы Кіркора
паўстае добра вядомы нам цяпер вобраз старажытнага паганскага горада.
А што са спадчынай Вялікага Княства Літоўскага?
Яшчэ ў 1854 годзе Віленскі губернскі статыстычны камітэт
выдаў кнігу «Черты из истории литовского народа», аўтарамі якой былі Адам
Кіркор, Людвіг Кандратовіч і Павел Кукальнік. Ужо другая старонка гэтага
выдання звяртае на сябе ўвагу — бо там густоўна зробленая Вінцэнтам Дмахоўскім
віньетка.
На ёй бачым вобраз гістарычнай Літвы, як яе ўяўлялі сабе
аўтары кнігі: магутны дуб, аблічча суворага бога Перкунаса, партрэты Вітаўта
Вялікага і Барбары Радзівіл, а таксама пазнавальныя краявіды — Замкавая гара ў
Вільні, разваліны Лідскага і Крэўскага замкаў ды іншыя славутасці.
Следам пад назвай «Літоўскія старажытнасці» ідзе разгорнутае
тлумачэнне віньеткі. Яго, як няцяжка здагадацца, напісаў Адам Кіркор. У гэтым
паведамленні асобную ўвагу варта звярнуць на міфалагічныя вобразы:
Крыва-Крывейта, зніч, вайдэлоткі...
Паганства не выстаўляецца Адамам Кіркорам чужой з’явай ці ў
негатыўным ключы. Наадварот — яно паказана неад’емнай часткай уласнай
культурнай і гістарычнай традыцыі, да якой аўтар ставіцца з вялікай павагай.
Таму зусім не дзіва, што і наступны тэкст, які прысвечаны Вітаўту Вялікаму,
пададзены таксама ў пазітыўным ключы. Артыкул пра ці не самага вядомага
літоўскага ўладара ўсіх часоў, які быў надрукаваны ў відавочна кампліментарным
стылі, не мог не выклікаць негатыву з боку царскіх уладаў...
Захавальнік пры музеі
Такі наварот у бок мінуўшчыны не быў выпадковым. Сярэдзіна
ХІХ стагоддзя — час, калі ўжо пачынаюць адбывацца нацыятворчыя працэсы. Народы,
якія некалі насялялі спачатку ВКЛ, а потым і Рэч Паспалітую, яшчэ не маглі
канчаткова разысціся па сваіх «нацыянальных» кутах, але ўжо імкнуліся да
гэтага.
Адам Кіркор выдатна разумеў, што ягоная радзіма — гэта не
Расія, але і не Польшча. Таму і Вялікае княства паўставала ў яго ў вобразе
гэткай ідэальнай дзяржавы мінулага. І такі падыход не быў адзінкавым — Тэадор
Нарбут таксама бачыў «залаты век» Літвы ў тых часах, калі яна была цалкам
самастойнай. Ён так і пісаў, маўляў, пасля Люблінскай уніі нам ужо і няма чым
ганарыцца...
У траўні 1855 года Яўстах Тышкевіч дамогся дазволу ад уладаў
і заснаваў Віленскі музей старажытнасцей, які размясціўся ў будынку бібліятэкі
былога Віленскага ўніверсітэта. Свае прыватныя калекцыі музею перадалі Яўстах і
Канстанцін Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Тэадор Нарбут і іншыя вядомыя
дзеячы таго часу. Захавальнікам пры музеі быў Адам Кіркор, які таксама перадаў
у яго сваю прыватную калекцыю.
Варта адзначыць, што на гэты час ён раскапаў і даследаваў
ужо больш за тысячу курганоў на абшарах былой гістарычнай Літвы. Добры прыклад
— археалагічны комплекс каля вёскі Рэчкі на Вілейшчыне, які даследуюць нашы сучаснікі.
Упершыню там адбыліся археалагічныя раскопкі акурат у сярэдзіне 1850-х гадоў, і
ладзіў іх Адам Кіркор.
З перапынкамі музей старажытнасцей праіснаваў да Першай
сусветнай вайны. Пры ім у 1855–1865 гадах дзейнічала Віленская археалагічная
камісія. Гэта быў залаты час для неабыякавых да мінулага віленчукоў. У гэты
самы перыяд з’яўляецца і віленскі гурток беларускіх, польскіх і літоўскіх
пісьменнікаў, які часта называюць першай беларускай літаратурнай суполкай.
Да паўстання недатычны, але да следства прыцягваўся
У паўстанні 1863–1864 гадоў Адам Кіркор удзелу не браў, хаця
і быў побач — ён асабіста быў добра знаёмы з Віктарам Каліноўскім. І ў тым быў
свой рэзон і логіка. Яму было зразумела, што ў параўнанні з падзеямі 30-гадовай
даўніны, калі змаганне адбывалася фактычна паміж дзвюма рэгулярнымі арміямі,
цяпер ішла гаворка адно аб выступленнях патрыятычна настроенай моладзі, якая не
мае належнай падрыхтоўкі.
Да ўсяго Кіркора, як і некаторых ягоных сяброў, польскія
эмігранцкія колы пачалі залічваць у «адступнікі» яшчэ за колькі гадоў да ўласна
паўстання. Прычына банальная — Кіркор разам з аднадумцамі сабраў і выдаў
«Віленскі альбом» у 1858 годзе. Такім чынам віленская інтэлігенцыя спрабавала
паказаць Аляксандру ІІ, які акурат прыехаў у Вільню, адметнасці гэтага краю.
І тым не менш яго прыцягвалі да следства. Рэч у тым, што ў
варшаўскай кватэры яго былой жонкі Гелены Маеўскай хаваўся адзін з кіраўнікоў
паўстання — Рамуальд Траўгут. З Геленай, якая была маладзейшая за Кіркора на 8
гадоў, у Кіркора не склалася сямейнага жыцця. Яны пабраліся шлюбам у 1846
годзе, але праз 10 гадоў яна сышла ад яго да Уладзіслава Сыракомлі — блізкага
сябра Кіркора ў той час. Быў гучны скандал, пара нават выехала на некаторы час
з Вільні ў Кракаў, але неўзабаве Сыракомля вырашыў вярнуцца да сваёй жонкі
Паўліны.
Пасля падаўлення паўстання Адам Кіркор страціў магчымасць
для нармальнай працы ў Вільні. Прычыны былі цалкам зразумелыя — ён стаў чужым
для сваіх, праз што накапіліся фінансавыя праблемы. Па распараджэнні Міхаіла
Мураўёва «Виленский вестник» увесну 1864 года пачаў выходзіць толькі на
расійскай мове, а да ўсяго там друкаваліся ўсе афіцыйныя царскія адозвы.
Натуральна, што выпісваць яго ніхто асабліва не хацеў, а вымушаны лаялізм
Кіркора не быў ацэнены належным чынам. Сам жа выдавец быў даведзены да
банкруцтва...
«Новое время» Кіркора
У 1867 годзе Адаму Кіркору давялося перабрацца ў Пецярбург,
дзе ён пачаў займацца выданнем газеты «Новое время». Існуе меркаванне, што
дазвол на выданне быў атрыманы ў якасці кампенсацыі за тое, што Кіркор пацярпеў
у Вільні. Але газета, якая выходзіла ў 1868–1872 гадах, зноў апынулася пад
пільным вокам уладаў. Кіркор у чарговы раз трапіў у складаную сітуацыю. З
аднаго боку, ён хацеў рабіць легальную працу, дзякуючы якой мог бы працягваць
сваю справу і не парушаць закон. З іншага боку, за ім цвёрда замацавалася
рэнамэ «адступніка» сярод сваіх, а сярод чужых поўнілася незадаволенасць
публікаванымі ў газеце матэрыяламі.
У хуткім часе «Новое время» разарылася, а Кіркор вымушаны
быў з’ехаць з Расеі, каб пазбегнуць турмы. Ад’язджаючы з Пецярбурга, ён пакінуў
у сталіцы Расійскай імперыі большую частку сваёй бібліятэкі, якая была
прададзена фактычна за бясцэнак — каб разлічыцца з даўгамі. Пазней ён
прыгадваў, што кнігі ў Пецярбургу прадаваліся ў разы танней, чым іх можна было
прадаць у Кракаве.
Там Адам Кіркор жыў вельмі бедна, а ягоны лёс складваўся не надта ўдала: ён беспаспяхова спрабаваў наладзіць выдавецкую справу, перабіваўся выпадковымі заробкамі, хварэў, сумаваў па Вільні. Але знаходзіў у сабе сілы, каб працягваць справу жыцця — ладзіць архелагічныя раскопкі, пісаць артыкулы і ўспаміны.
У 1874 годзе ён прачытаў курс лекцый пад назвай «Пра
літаратуру братніх славянскіх народаў», якія потым пабачылі свет асобнай
кнігай. Сам Кіркор быў зусім няпэўным у тым, што гэта добрая задума, але
публічныя лекцыі карысталіся вялікай папулярнасцю. Адметна, што акурат у гэтай
працы сярод іншага менавіта ў беларускім кантэксце ён разглядзеў творы Вінцэнта
Дуніна-Марцінкевіча і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Акрамя гэтага Адам Кіркор
пакінуў аб’ёмістую карэспандэнцыю і ўспаміны, дзе зафіксаваны літаратурныя
партрэты яго паплечнікаў па даследчыцкай працы ў Вільні.
Памёр ён у 1886 годзе ў Кракаве, а ўвесь свой архіў пакінуў
Кракаўскаму народнаму музею. Прызнанне і пашана вярнуліся да Кіркора адносна
хутка — ужо ў 1911 годзе вядомы беларускі збіральнік старадрукаў Рамуальд
Зямкевіч напісаў і выдаў у Вільні невялікую брашуру, якая так і называлася —
«Адам Ганоры Кіркор».