Беларусь, якая чакае. Вялікая Берасцейская Вандроўка. Частка 3 (ФОТА)

Адпачнулі, кінулі позірк на ўжо звыклыя хмары і працягваем Вялікую Берасцейскую вандроўку. Сёння па плане заходні кавалак Палесся і новыя цікавосткі. Хуткі сняданак, імгненныя зборы і паехалі!

_belarus_moladava_kaplica_skirmunty_2025_fota_novy_czas.jpg

Першая частка вандроўкі

Другая частка вандроўкі

Сённяшні маршрут не такі насычаны, але досыць працяглы — так склаліся зоркі і планы. Мільгаюць за вокнамі аўтамабіля вёскі ды палі, і толькі неба застаецца напружана-шэрым. Фатограф спрабуе паспаць, але мы прагнем салідарнасці і раз-пораз нагадваем аб ягоных абавязках. У адказ атрымліваем: «Няма тут што здымаць, ну». 

Так і даехалі да Моладава — вёскі ў Іванаўскім раёне, дзе месціцца капліца-пахавальня рода Скірмунтаў, якія набылі гэтыя землі ў вядомага роду Агінскіх напрыканцы XVIII стагоддзя. Практычна адразу новыя ўладары пачалі будаваць палац, аўтарам праекту якога быў знакаміты архітэктар Растрэлі (вы памятаеце, магчыма, Зімні палац у Санкт-Пецярбургу). У ХІХ стагоддзі Скірмунты напоўніцу развівалі прамысловасць у краі, лепшыя працаўнікі накіроўваліся на стажыроўку ў Германію ды Францыю, а ў 1830 годзе быў заснаваны першы ў Беларусі цукровы завод. Да нашых дзён дайшла толькі капліца-пахавальня роду Скірмунтаў, якую пабудавалі ў 1907 годзе. Палац не перажыў дзвюх Сусветных войнаў і быў канчаткова знішчаны ў 1944 годзе, але да нас дайшлі некалькі замалёвак славутага Напалеона Орды. 

Моладава мае яшчэ адну цікавостку, якая нашмат старэйшая за капліцу Скірмунтаў і дакладна памятае палац. Гэта драўляная Спаса-Узнясенская царква, якую пабудавалі ў XVIII стагоддзі. Спачатку яна была ўніяцкай, але пасля падзей 1863 году яе перадалі ў праваслаўе і перабудавалі. Захаваўся малюнак таго ж Орды, дзе можна ўбачыць, як выглядаў храм ад самога пачатку. Цяпер царква закрыта, бо побач нядаўна пабудавалі сучасную, у якую перанеслі яшчэ адзін помнік — стары звон 1583 году стварэння з гербам роду Войнаў, якія ў той час валодалі Моладаўскім маёнткам.

Зноўку мы ў дарозе, і наш шлях ляжыць пад Драгічын у лясы побач з вёскай Ляжыткавічы, дзе павольна разбураецца стары касцёл Святога Духа. Цікава, але храм паўсюль прыгадваецца ў звязцы з вёскай Язвіны, хаця да яе каля 2 кіламетраў. Побач знаходзіцца дзіцячы лагер адпачынку з назвай «Вінч». Існуе меркаванне, што тут калісьці існавала шляхецкая сядзіба з такой назвай, побач з якой і быў  пабудаваны ў 1750 годзе невялікі барочны касцёл. Пасля перадачы ў праваслаўе ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл перажыў дабудаванне «цыбульнай» вежы, як бачна на малюнку 1861 году. У 1919 годзе яго вярнулі каталікам, а пасля Другой сусветнай вайны разрабавалі і закрылі. Тэрыторыя вакол абкошана і дагледжана, але, шчыра кажучы, надзей на нейкае аднаўленне зусім мала.

Падчас нашага знаходжання ля касцёлу надвор’е вырашыла троху выправіцца, і на працягу шляху да наступнага пункту прызначэння фатограф канчаткова прачнуўся і нават пачаў спрабаваць камандаваць. Таму вось вам некалькі краявідаў Драгічыншчыны з абавязковымі саламянымі артэфактамі.

Гэтае месца мы ніяк не маглі абмінуць хаця б з той нагоды, што тут ужо некалькі год вядзецца рэстаўрацыя адной з найвядомейшых пахавальняў Беларусі. Канешне ж, гэта Заказель і капліца-пахавальня знакамітага роду Ажэшкаў. Адразу скажам, што не чакалі, што ўбачанае нам так спадабаецца! Капліца была пабудавана ў Заказелі ў 1839 (па некаторых даных, у 1849 годзе) і ўваходзіла ў паркава-сядзібны комплекс Ажэшкаў, якія валодалі гэтымі землямі з першай паловы XVIII стагоддзя. Самай знакамітай прадстаўніцай роду з’яўляецца вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка, якая вельмі любіла бываць у Заказелі і якая, па мясцовым паданні, хавала ў шпілі капліцы аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 году Рамуальда Траўгута.

Ажэшкі, насамрэч, бралі актыўны ўдзел у гэтым паўстанні і былі за гэтае пакараныя. Заказель была ў іх канфіскаваная, муж Элізы сасланы, а капліцу ў 1865 годзе закрылі з нагоды «дрэннага ўплыву» і разбурылі алтар унутры. У 1867 годзе яе паспрабавалі перабудаваць у праваслаўны храм, але мясцовыя жыхары і нават дваране рашуча выступілі супраць. Паўтары стагоддзя пахавальня павольна разбуралася, пакуль не здзейсніўся цуд і знайшліся грошы на археалагічныя даследаванні і аднаўленне гэтага помніка. Сур’ёзныя работы пачаліся ў 2018-2019 гадах і працягваюцца дагэтуль, але ўжо нават сёння мы можам убачыць прыгажосць святыні, якая адраджаецца, і выказаць словы ўдзячнасці ўсім датычным і пашпацыраваць па старым парку.

Натхнёныя ўбачаным, хутка рушым далей, бо наперадзе яшчэ шмат кіламетраў і не адна цікавостка. Палессе не надта багатае на разнастайнасць краявідаў, таму фатограф сумнавата назірае за вёскамі і палямі, што мільгаюць у вокнах. Але ж неўзабаве мы на месцы! Вёска Мацеевічы і драўляная царква Раства Іаана Прадцечы нарэшце нас дачакаліся. Першы драўляны храм з’явіўся тут у 1720 годзе і быў пабудаваны на сродкі Антонія Юзафа Касцюшкі. Цікава, што Касцюшкі былі каталікамі і першапачаткова царква выглядала падобнай на касцёл. Цягам часу драўляны храм прыйшоў у зусім занядбаны стан, і ў 1863 годзе (супадзенне?) быў перабудаваны (фактычна пабудаваны нанова) па праваслаўным канонам.

Падчас сусветных войнаў царква істотна не пацярпела, і ў 1957-1958 гадах на ёй нават змянілі дах і правялі электрычнасць. Але ж нечакана ў 1967 годзе яе закрылі. На хвалі вяртання храмаў вернікам напрыканцы 1980-х царкву ў Мацеевічах было вырашана перадаць па прызначэнні, але да гэтага часу яна ўжо мала нагадвала храм — аварыйны стан даху, абрынулася столь і паддашша, хмызнякі... Але ж у 1991 годзе пачалася рэканструкцыя, у якой бралі ўдзел амаль усе жыхары. Нават кіраўнік калгаса ў свой водпуск працаваў за стырном камбайна, а заробак аддаваў на будаўніцтва царквы. Нягледзячы на тое, што першапачатковыя вонкавы і ўнутраны выгляд храму ды некаторыя скарбы незваротна страчаны, царква Раства Іаана Прадцечы вартая ўвагі і наведвання, дакладна вам кажам.

Надвор’е канчаткова выправілася, і пад вясёлымі бялюткімі воблачкамі на блакітным небасхіле мы бадзёра рухаемся да сапраўднага архітэктурнага рарытэту Беларусі. Амаль пяць стагоддзяў (з 1595 году) касцёл Святой Тройцы грунтоўна і пільна адсочвае падзеі ў вёсцы Чарнаўчыцы побач з Брэстам. Гатычны прыгажун пачаў будавацца ў 1585 годзе па фундацыі Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі». Над праектам касцёла працавалі запрошаныя манахі-езуіты з Італіі. Існуе версія, што яны ж потым накіраваліся ў Нясвіж, дзе будавалі знакаміты Фарны Касцёл. 

Касцёл цудам захаваў свой натуральны выгляд, хаця і зазнаў шмат гістарычных «выбрыкаў» — і пераход пад праваслаўнае крыло ў 1863 годзе, і вяртанне ў каталіцтва ў 1919. Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі храму фашысты ладзілі расстрэлы, а сам храм разрабавалі і знішчылі ўнутранае аздабленне. Тым не менш, сёння касцёл адноўлены і пільна даглядаецца мясцовымі вернікамі. У ім нават жыве чырвонакніжная сіпуха, пра што кажа асобная таблічка і сведчанні вяскоўцаў.

Трэба адзначыць, што храм у Чарнаўчыцах выклікае вялікую цікавасць у турыстаў — падчас нашага не вельмі працяглага знаходжання там яго наведалі больш за дзясяткі вандроўнікаў з усёй краіны. Канешне, мы не маглі з’ехаць і не паглядзець на гэтую святыню ўнутры. Нам пашчасціла, мы гэта зрабілі і даведаліся, што ў касцёле захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай Чарнаўчыцкай, дзякуючы якой у саміх Чарнаўчыцах і наваколлі адбылося нямала цудаў і вылекаванняў. Кажуць, што ў храме захоўвалася і шмат вотаў — каштоўнасцяў, якія людзі неслі ў касцёл у якасці падзякі за цуды вылекавання. На пачатку Першай сусветнай вайны касцёл належаў праваслаўнай царкве, і бацюшка вывез абраз і шмат скарбу ў Расію, дзе яны і згубіліся. Вернікі звярталіся і да цара МІкалая І, і да савецкіх уладаў за дапамогай у вяртанні святога абраза, але пакуль безвынікова. Пошукі працягваюцца і дагэтуль.

На гэтым мы завяршаем наш трэці дзень палявання на цікавосткі Берасцейшчыны, бо трэба паклапаціцца аб адпачынку. Стомлены вандроўнік — дрэнны вандроўнік, тым больш, што наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат цікавага. А вам раім не проста чытаць, а прапаноўваць нам новыя кірункі, бо хутка ўжо маляўнічая восень! Бывайце здаровы — пішыце замовы!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.