Беларусь, якая чакае. Вялікая Берасцейская Вандроўка. Частка 1 (ФОТА)
Гэтую вандроўку мы планавалі больш за год! Шмат хто з нашых чытачоў крыўдзіўся, што мы замала ўвагі звяртаем на Берасцейшчыну. І вось час настаў. Пачынаем серыю справаздач аб Вялікай Берасцейскай Вандроўцы. Мы наведалі шмат месцаў і цікавостак, назвы якіх амаль невядомыя шырокаму колу беларусаў. Але ў тым і самы «цымус». Мапы спампаваныя, маршруты ўдакладненыя, машына запраўлена. Паехалі!
Адразу скажам, што падрыхтоўка была вельмі доўгай і напружанай менавіта праз тое, што мы не вельмі жадалі наведваць усім вядомыя і сотні разоў сфатаграфаваныя Ружаны ці Косава. Нашмат цікавей адшукаць і паглядзець месцы, пра якія нават мы чуем упершыню. Дадаткова трэба ж яшчэ каб ва ўсіх удзельнікаў экспедыцыі супалі зоркі і атрымалася выдаткаваць некалькі дзён на яе, ды й надвор’е таксама падкідвае праблем гэтым так званым летам. Вось і ў дзень старту традыцыйна залева паспрабавала скарэктаваць планы. Але непахіснасць з упартасцю зрабілі сваю справу, і вось мы пад ужо рэдкімі кроплямі дажджу высаджваемся ў вёсцы Бартнікі ля пагорка з відавочна старым і амаль зруйнаваным будыначкам капліцы.
Напрыканцы XVIII стагоддзя ў Бартнікаў з’явіліся новыя гаспадары — вядомы род Слізняў. Тут месцілася невялікая сядзіба, якую ў свой час наведвалі Ян Чачот, Ігнаці Дамейка, Адам Міцкевіч, бо Слізні актыўна ўдзельнічалі ў руху філаматаў і філарэтаў. У 1804 годзе тут нарадзіўся вядомы беларускі скульптар і архітэктар Рафал Слізень.
Капліца-пахавальня пабудавана ў 1839 годзе Янам Слізнем, але так і не была выкарыстана па прызначэнні. Існуе гіпотэза, што капліца будавалася як асабісты невялічкі храм уладальнікаў сядзібы. Менавіта ў 1839 годзе было ліквідавана ўніяцтва, а адзіным храмам побач (у вёсцы Вольна) была як раз уніяцкая Траецкая царква, якую ўвесь час наведвалі Слізні. Магчыма таму Ян і распачаў будаўніцтва гэтай капліцы, каб мець месца для сямейных набажэнстваў паблізу ад сядзібы. На жаль, час не пашкадаваў каплічку і, відавочна, яна можа зусім хутка знікнуць канчаткова. Канешне, спыніліся мы і побач з той самай Траецкай царквой.
Далей наш шлях ляжыць у невялікую вёску Юшкавічы да касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Храм даволі малады — пабудаваны ў 1936 годзе, то бок у так званы міжваенны час. Але, нягледзячы на сваю адносную маладосць, ён вельмі добра ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе і з’яўляецца цікавым помнікам архітэктуры міжваеннага часу, якіх на Беларусі няшмат. Унутр трапіць у нас не атрымліваецца, таму традыцыйна шпацыруем па наваколлях.
Час ідзе і мы рушым далей у вёску Крошын, дзе нас чакае касцёл Божага Цела, які таксама быў пабудаваны ў міжваенны час, але ж мае багатую гісторыю сваіх папярэднікаў. Першы касцёл у Крошыне быў узведзены ў 1442 годзе і падчас розных падзей тройчы паўставаў з руінаў і попелу, пакуль у 1920-я на ягоным месцы не вырас мураваны прыгажун. Вонкавай адметнасцю гэтага касцёла з’яўляюцца ацалелыя фрагменты надмагілляў, якія ўмураваныя ў сцены.
З дапамогай мясцовай жыхаркі мы трапляем унутр і запрашаем вас разам з намі наведаць гэты храм, дзе наш фатограф нечакана стаў адным з невялікай колькасці сваіх калег, якім дазволілі сфатаграфаваць аўтэнтычную фрэску ў спецыяльным пакоі!
Але ж галоўная цікавостка і славутасць касцёла ў Крошыне — жырандоля, уласнаруч зробленая мясцовым паэтам і кавалём Паўлюком Багрымам. Памятаеце «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»? Так, гэта адзіны ягоны вядомы верш. Астатнія былі знішчаны, калі за распаўсюд антыпрыгонніцкіх вершаў і ўдзел у бунце 15-гадовы Паўлюк быў аддадзены ў рэкруты на 25 гадоў. Ён вытрымаў усе пакуты і праз гэты тэрмін вярнуўся ў Крошын, дзе працаваў кавалём. Па замове мастака і калекцыянера Пятра Святаполк-Завацкага ў 1881 годзе Паўлюк уласнаруч зрабіў жырандолю для сядзібы. Нашчадкі Пятра пазней перадалі шэдэўр касцёлу, і дагэтуль кожны можа ўбачыць гэты цуд. На могілках за касцёлам знаходзіцца магіла Багрыма, а ля ўваходу на сцяне назаўсёды застаўся ягоны адзіны вядомы верш.
Паглыбляемся ў Берасцейшчыну і бачым знаёмую назву. Мы наведвалі Ястрэмбель крыху больш за год таму і нам стала цікава паглядзець — ці адбыліся нейкія перамены ў старой сядзібе Катлубаяў. Некалькі хвілінаў дарогі і мы ўпэўнена можам канстатаваць, што за год анічога не змянілася. Нават каменныя рэшткі чагосьці ля ўваходу ляжаць некранутымі. Хутчэй за ўсё і гэты кавалак гісторыі будзе незваротна страчаны.
Абыходзячы сядзібу, мы раптоўна сустрэлі маладую казулю, якая здзіўлена на нас паглядзела і павольна пайшла па сваіх справах. Шматлікія смаўжы на нас увогуле аніякай увагі не звярталі, таму мы працягнулі свой шлях далей.
Надвор’е вырашыла спыніць свае спробы вярнуць нас дадому, адклікала хмары і неахвотна пачало паказваць кавалкі сіняга небасхілу і маляўнічыя аблокі. Фатограф акрыяў духам і мы разам з ім. Ад такіх краявідаў настрой паляпшаецца імгненна. Дарэчы, у наш графік такія спыненні закладзены, таму не спяшаючыся насалоджваемся прыгажосцю роднай краіны. Дзе вы яшчэ ўбачыце такіх вартаўнікоў поля? А прыгожая ж была алея з магутных старых дрэваў...
Рушым у Івацэвіцкі раён і спыняемся ў вёсцы Любішчыцы, дзе месціцца прыгожая царква Святой Ганны, якая была пабудавана з цэглы ў 1845 годзе. Некаторыя кажуць аб 1857 годзе, але гэта не істотна, на наш погляд. Спачатку падаецца, што храм драўляны, але гэта толькі ўражанне, якое ствараецца пад уплывам архітэктуры класіцызму, аточанасцю царквы старымі дрэвамі і агульнай сціпласцю ўсяго ансамбля. Прыгожае месца, хоць і не мае вялікіх гістарычных адзнакаў, але, як нам здаецца, абавязковае для наведвання.
Праехаўшы прыдарожны ўказальнік «Косава», мы спыняцца не збіраліся, бо ну хто ж яшчэ не бачыў вядомага палаца, ці музея Касцюшкі з касцёлам? Але ж літаральна праз лічаныя метры фатограф рэзка кінуў: «Стоп!» Канешне ж, немагчыма было праехаць капліцу на старых могілках у промнях вечаровага сонца! Калісьці капліцу і могілкі атачалі магутныя старыя дрэвы, цяпер большасць іх ссечана, але некаторыя яшчэ засталіся і дадаюць каларыту гэтаму месцу. Капліца пабудавана ў 1859 годзе, і ў яе сцены ўмураваны надмагільныя камяні, як і ў касцёле Крошына. А яшчэ мы знайшлі там вельмі цікавую магілу, якая пільна даглядаецца...
Збіраючаяся непагадзь прымушае нас паскорыцца і навыперадкі з амаль чорнай хмарай мы хутка даязджаем да вёскі Бусяж на сустрэчу з царквой Успення Прасвятой Багародзіцы. Яшчэ здалёк зразумела, што гэта былы касцёл з барочнымі рысамі. Так і ёсць — пабудавалі храм манахі-картэзіянцы з Бярозаўскага кляштару (ён ёсць у нашых планах!) у 1779 годзе, і ён быў каталіцкім да 1840 году, калі яго аддалі ў праваслаўе. Прыкладна ў той жа час перад уваходам была пабудаваная званіца, якая больш пасуе праваслаўным традыцыям. Пасля Другой сусветнай вайны пашкоджаны баявымі дзеяннямі храм быў закрыты. Праваслаўным вернікам яго зноў аддалі ў 1973 годзе.
Развітваемся з Бусяжам і не спяшаючыся накіроўваемся далей, спадзеючыся на тое, што вячэрні дождж будзе непрацяглым і да наступнай нашай кропкі абавязкова скончыцца. Так і адбылося — апошнія кроплі раствараліся ў лужынах, калі мы адчынялі дзверы аўто. Вёска Белавічы (не блытаем з Бялавічамі ля Мастоў) цікавіць нас старой царквой Іллі Прарока і брамай. Драўляная царква была пабудавана напрыканцы XVIII стагоддзя (больш дакладных звестак няма) і цалкам захавалася дагэтуль. Афарбоўку і белыя плямы на надмагіллях побач пакінем на сумленні тых, хто гэта ўзгадніў і рабіў. Брама з бутавага камення паўстала ў 1885 годзе і прыцягвае ўвагу не менш, а то і больш за царкву. На момант нашага візіту брама рамантавалася, але тое, як гэта робіцца, выклікае шмат пытанняў... Пачакаем, можа не ўсё так трагічна, але ж сучасная гнуткая чарапіца па баках ужо выклікае занепакоенасць.
На гэтай зусім не мажорнай ноце наш першы дзень паводле плану лічым завершаным і накіроўваемся на месца адпачынку. Не сумуйце — працяг будзе хутка, а пакуль... Бывайце здаровы — пішыце замовы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.