Ідэя, якая не знікла: чаму пра «Адзіны Азербайджан» зноў загаварылі
У 1945 годзе СССР фактычна стварыў азербайджанскую дзяржаву на тэрыторыі Ірана. Яна праіснавала ўсяго год, але сама ідэя Bütöv Azərbaycan — «Адзінага Азербайджана» — нікуды не знікла.

Тэбрыз — галоўны горад іранскай правінцыі Усходні Азербайджан. Крыніца:commons.wikimedia.org
Атака беспілотнікаў на аэрапорт Нахічэвана, у якой Баку абвінаваціў Іран, актывізавала чуткі пра тое, што Азербайджан рыхтуецца ўступіць у вайну. Гэта можа адрадзіць ідэю «аб’яднання азербайджанскай нацыі».
Перадумовы для ідэі нацыянальнага адзінства азербайджанцаў (азерб. Bütöv Azərbaycan) склаліся гістарычна, калі тэрыторыя рассялення народа была падзелена паміж Расійскай і Персідскай імперыямі. У выніку серыі руска-персідскіх войнаў гістарычныя азербайджанскія землі былі падзелены па рацэ Аракс. Паўночная частка адышла да Расіі, паўднёвая засталася ў складзе Персіі. Менавіта гэты падзел, замацаваны Гюлістанскім (1813) і Туркманчайскім (1828) дагаворамі, і стаў асновай для пазнейшай ідэі «Адзінага Азербайджана».

Падзел азербайджанскіх земляў паміж Расійскай і Персідскай імперыямі пасля руска-персідскіх войнаў XIX ст. Крыніца: commons.wikimedia.org
Калі ў 1918 годзе нацыяналісты абвясцілі Азербайджанскую Дэмакратычную Рэспубліку (АДР), выбар назвы «Азербайджан» выклікаў трывогу ў Персіі. Там баяліся, што новая рэспубліка можа прэтэндаваць на іранскую правінцыю Азербайджан (Паўднёвы Азербайджан).
Зрэшты, неўзабаве ў Баку перамагла савецкая ўлада, якая хутка зачысціла мясцовы нацыянальны рух. Таму выглядае даволі кур’ёзным той факт, што менавіта Масква ў 1940-я гады паспрабавала рэалізаваць ідэю Bütöv Azərbaycan — праўда, выключна ў межах геапалітычнай гульні Сталіна.
У жніўні 1941 года СССР і Вялікабрытанія ўвялі войскі ў Іран. Паўночная частка краіны, населеная пераважна азербайджанцамі, перайшла пад савецкі кантроль. Неўзабаве СССР пачаў актыўна педаляваць «азербайджанскае пытанне». Пачалі выдавацца газеты на азербайджанскай мове (напрыклад, «За Радзіму»), адкрываліся школы з навучаннем на азербайджанскай. На гэтай мове ставіліся нават оперы.
12 снежня 1945 года была абвешчана Азербайджанская народная ўлада. Хоць фармальна яна абвяшчалася аўтаноміяй у складзе Ірана, увесь яе апарат, войска і ідэалогія фактычна кантраляваліся з Баку і Масквы.
Рэспубліка праіснавала каля года і была ліквідаваная пасля моцнага міжнароднага ціску на СССР. Пазней з’явіліся чуткі, што прэзідэнт ЗША Гары Трумэн нібыта высунуў Сталіну ультыматум, пагражаючы выкарыстаць атамную зброю супраць Баку. Дакументальных пацверджанняў гэтаму няма. У снежні 1946 года іранскае войска без бою ўвайшло ў Тэбрыз. Рэспубліка ўпала, яе лідары ўцяклі ў СССР.
Многія з гэтых «беглых» аселі ў Баку. Іх ідэі і досвед узмацнілі нацыянальны рух у савецкім Азербайджане. Таму ідэя аб’яднання нацыі нікуды не знікла. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў яна была падхоплена і пераасэнсавана азербайджанскімі нацыяналістамі-дысідэнтамі.
Канчаткова палітычная канцэпцыя «Адзінага Азербайджана» аформілася пасля распаду СССР, на хвалі нацыянальнага ўздыму. Яе галоўным ідэолагам і папулярызатарам стаў другі прэзідэнт Азербайджана Абульфаз Эльчыбей (1992–1993). Эльчыбей і яго прыхільнікі бачылі «Адзіны Азербайджан» як аб’яднанне тэрыторый, дзе, на іх думку, гістарычна пражывалі або пражываюць азербайджанцы.

Абульфаз Эльчыбей — другі прэзідэнт Азербайджана і галоўны папулярызатар ідэі «Адзінага Азербайджана». Крыніца: commons.wikimedia.org
Пры гэтым справа не абмяжоўвалася толькі Азербайджанам («Паўночны Азербайджан») і іранскім Паўднёвым Азербайджанам. Эльчыбей таксама прэтэндаваў на «Заходні Азербайджан» — тэрыторыю сучаснай Арменіі, Дэрбент (частку Дагестана ў РФ) і Барчалы (рэгіён у Грузіі). Ён выступаў і за стварэнне федэрацыі цюркскіх дзяржаў з Турцыяй.
Пасля прыходу да ўлады Гейдара Аліева дзяржаўная канцэпцыя змянілася. Афіцыйнай ідэалогіяй стала канцэпцыя «азербайджанства». У ёй робіцца акцэнт на адзінстве ўсіх грамадзян Азербайджана незалежна ад этнічнага паходжання, на патрыятызме і палітычнай лаяльнасці.
Мабыць, толькі ацалелыя ад рэпрэсій нацыяналісты-дысідэнты не забыліся пра спадчыну Эльчыбея. Яны рэгулярна ўздымаюць тэму Bütöv Azərbaycan у перыяды нестабільнасці ў Іране. Кожны раз для іх гэта «гістарычны шанец» сабраць да 50 мільёнаў азербайджанцаў пад дахам адной дзяржавы. Аднак іх уплыў на рэальную палітыку ў часы Аліевых заўсёды быў абмежаваны.

Рассяленне азербайджанцаў у Азербайджане, Іране і суседніх рэгіёнах. Крыніца: commons.wikimedia.org
Зрэшты пасля аднаўлення Баку кантролю над Нагорным Карабахам у 2023 годзе баланс сіл у Паўднёвым Каўказе істотна змяніўся. Прэзідэнт Ільхам Аліеў і іншыя афіцыйныя асобы пачалі актыўна выкарыстоўваць тэрмін «Заходні Азербайджан» для абазначэння тэрыторыі Арменіі, што многім у Тэгеране нагадала ірэдэнтысцкую рыторыку.
Пры гэтым іранскія ўлады баяцца не столькі рэцыдыву азербайджанскага сепаратызму. Лічыцца, што паўднёвыя азербайджанцы даволі добра інтэграваныя ў іранскае грамадства: яны прадстаўлены на ўсіх узроўнях улады — ад духавенства да генералітэту. Рэжым яны лічаць «сваім», у адрозненне ад зрынутай дынастыі Пехлеві, якая праводзіла палітыку гвалтоўнай персізацыі і прыгнёту нацыянальных ускраін.
Сепаратызм як арганізаваны рух у азербайджанскім асяроддзі практычна адсутнічае. У адрозненне ад курдскіх або белуджскіх рэгіёнаў, дзе дзейнічаюць узброеныя групоўкі, на паўночным захадзе Ірана падобнай актыўнасці не назіраецца.
Куды больш аяталы баяцца іншага. Азербайджан — адносна заможная свецкая дзяржава, дзе, як і ў Іране, дамінуе шыіцкая версія ісламу. Для Тэгерана гэта небяспечная мадэль: краіна з той жа рэлігійнай традыцыяй, але без тэакратычнай сістэмы, якая можа стаць прыкладам для мільёнаў іранскіх азербайджанцаў.
Пакуль падстаў абвінаваціць Баку ў інспірацыі сепаратызму быццам няма. Рэакцыя азербайджанскага кіраўніцтва на атаку 5 сакавіка 2026 года на аэрапорт у Нахічэване была жорсткай, але строга абмежаванай рамкамі двухбаковага канфлікту. Ніякіх спасылак на «гістарычныя землі» або «адзінства нацыі» зроблена не было.
Аднак сітуацыя ў рэгіёне настолькі непрадказальная, што выключаць любыя сцэнары пакуль нельга.