Беларускі ПЭН прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Хронікі рэпрэсій 4 сакавіка
Мікалая Аўтуховіча зноў перавялі з калоніі ў турму №1 у Гродне. КДБ прызнаў Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фармаваннем». Жыхара Светлагорска пасля вяртання з Польшчы асудзілі да пяці гадоў калоніі, у Мінску і Магілёве працягваюцца завочныя прысуды, а з 2020 года ў Беларусі ліквідавалі або ліквідуюць ужо 2012 недзяржаўных арганізацый.

Мікалая Аўтуховіча зноў адправілі на турэмны рэжым
Палітвязня Мікалая Аўтуховіча перавялі з папраўчай калоніі №14 у Навасадах у турму №1 у Гродне. Пра гэта паведаміла «Свабодзе» дасведчаная крыніца.
Паводле яе, у гродзенскай турме Аўтуховіч знаходзіцца з 31 студзеня. Рашэнне аб пераводзе на турэмны рэжым выязны суд прыняў 23 студзеня ў самой калоніі. На які тэрмін яго зноў адправілі ў турму, пакуль невядома.
Паводле крыніцы, палітвязень апынуўся ў той жа камеры, дзе ўжо ўтрымліваўся раней — да пераводу з турмы ў Навасады напрыканцы 2025 года.
«Этап заняў адзін дзень. З праблем — не ўсе рэчы аддалі», — паведаміла крыніца.
Стан здароўя, паводле яе, застаецца без істотных зменаў: «З зубамі заўсёды праблема, але сказаў, каб за яго не хваляваліся».
Беларускі ПЭН прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
27 лютага КДБ прызнаў Беларускі ПЭН «экстрэмісцкім фармаваннем».
Арганізацыя была заснаваная ў 1989 годзе і з’яўляецца адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых ініцыятыў. ПЭН адстойвае свабоду выказвання, выступае супраць праяў нянавісці і прыцягвае міжнародную ўвагу да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку культурнымі.
Жыхара Светлагорска асудзілі да 5 гадоў пасля вяртання з Польшчы
Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» паведамілі пра прысуд 34-гадоваму Глебу Панасюку.
Мужчына некалькі гадоў жыў у Польшчы і 8 кастрычніка мінулага года вяртаўся ў Беларусь, каб наведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў сябрам з вакзала ў Брэсце і паведаміў, што збіраецца сесці на цягнік у родны горад. Пасля гэтага сувязь з ім знікла.
У снежні стала вядома, што Панасюк знаходзіцца ў СІЗА №3 у Гомелі. Да гэтага яго ўтрымлівалі ў ІЧУ паводле адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы паведамлялі пра палітычную матывацыю пераследу.
Цяпер вядома, што суд прызначыў яму пяць гадоў пазбаўлення волі. Сутнасць абвінавачанняў удакладняецца.
Завочныя прысуды ў Мінску і Магілёве
У Мінскім гарадскім судзе ў парадку спецыяльнай вытворчасці асудзілі Вікторыю Бакуновіч. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 361-1 («стварэнне экстрэмісцкага фармавання») і ч. 2 арт. 361-4 («іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Жанчыне прызначылі шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Спецвытворчасць распачалі 16 снежня мінулага года.
У Магілёўскім абласным судзе завочна асудзілі Арцёма Шабунёва. Яго прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулаў КК, у тым ліку «распальванне варожасці», «гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы» і «абраза прадстаўніка ўлады». Прысуд — чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў.
Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, доказамі сталі скрыншоты паведамленняў у Viber і Telegram.
З 2020 года ліквідаваныя або ліквідуюцца 2012 арганізацый
Паводле маніторынгу Lawtrend, з 2020 года як мінімум 2012 грамадскіх аб’яднанняў, установаў, асацыяцый і фондаў ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.
За апошні месяц колькасць павялічылася на 17 арганізацый. На канец лютага 1235 структур знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 777 прынялі рашэнне аб самастойным закрыцці.