Еўропа рыхтуе планы эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва ў выпадку вайны з Расіяй

Дзесяць краін ЕС далучыліся да пагаднення па планах магчымай эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва ў выпадку ваеннага канфлікту ў рэгіёне. Усе гэтыя краіны апошнім часам актывізавалі падрыхтоўку адносна ўзброенага супрацьстаяння з РФ у будучыні. Ідуць 1471-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

639647162_1269599165353159_4525406289966597548_n.jpg

У цэлым на працягу мінулых сутак зафіксавана 118 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы расіян у раёнах Ніканораўкі, Радзінскага, Грышына, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага і ў бок Чырвонага Лімана.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак паблізу Канстанцінаўкі, Пляшчэеўкі, Шчарбінаўкі, Іллінаўкі, Русіна Яра і Сафіеўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 14 атак расіян у раёнах Гуляйполя, Дабраполля, Залізнічнага і Мірнага.

* * *

Украінскія воіны фіксуюць прыкметы падрыхтоўкі расійскай арміі да новых наступальных дзеянняў у раёне Пакроўска і Мірнаграда, паведамляе Групоўка войскаў «Усход» у Facebook.

Вайскоўцы адзначылі, што ў раёне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі сітуацыя складаная, як і раней. «Фіксуюцца прыкметы падрыхтоўкі праціўніка да актывізацыі наступальных дзеянняў з прыцягненнем назапашаных рэзерваў. Вораг нарошчвае колькасць авіяўдараў і іншых агнявых сродкаў», — адзначылі яны.

Некалькі тыдняў таму начальнік аддзялення камунікацый 79 АДШБр Раман Пісарэнка заяўляў, што Расія засяродзіла на Пакроўскім кірунку групоўку колькасцю каля 150 тысяч вайскоўцаў.

* * *

Дарадца міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў у Telegram паведаміў пра масавае выкарыстанне расійскімі войскамі танных разведвальных дронаў на базе БпЛА «Маланка», якія замянілі дарагія ўдарныя апараты.

Раней расіяне выкарыстоўвалі больш дарагія БпЛА — «Арланы», «Залы» і «Суперкамы», кошт якіх даходзіў да дзясяткаў тысяч долараў. З-за эфектыўнай працы зенітных падраздзяленняў Сіл абароны гэтыя апараты актыўна знішчаліся, што вымусіла РФ шукаць больш эканамічную замену.

По словам Бескрэстнава, кожны дзень яму дасылаюць да дзесяці фатаграфій дронаў «Маланка», якія сталі масава з’яўляцца на фронце. Канфігурацыя прылад стандартная: камера SIYI ZR10, модуль AI ад SIY, мэш-мадэм 1300–1500 МГц магутнасцю 2х2 Вт.

У стандартным варыянце «Маланка» нясе на сабе зарад ад 3 да 7 кг узрыўчаткі. У «разведвальным» варыянце ўзрыўчаткі няма, што дазволіла зрабіць БпЛА больш танным. З-за таннасці «Маланак», іх масавае прымяненне дазваляе расійскім войскам весці разведку з мінімальнымі затратамі.

* * *

У ноч на 5 сакавіка Расія атакавала Украіну 155 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Проціпаветранай абаронай збіта/задушана 136 БпЛА.

Расія ў ноч на 5 сакавіка здзейсніла масіраваную атаку на Крывы Рог з прымяненнем каля трох дзясяткаў беспілотнікаў, якія «ўзялі горад у кола», паведаміў кіраўнік Савета абароны горада Аляксандр Вілкул. Пад прыцэлам былі аб’екты энергетыкі і інфраструктуры, па пацярпелых удакладняецца.

У ноч на 5 сакавіка расійскія войскі здзейснілі атаку на Харкаў і прылеглыя населеныя пункты ўдарнымі беспілотнікамі. Дроны ўразілі аб’екты ў самім Харкаве і пасёлку Каменная Яруга. Інфармацыя пра наступствы ўдакладняецца.

У ноч на 5 сакавіка больш за 60 выбухаў зафіксавана пад Саратавам і Энгельсам, дзе размешчаны аэрадром стратэгічнай авіяцыі. Паводле слоў відавочцаў, неба над гарадамі літаральна «свяцілася» ад выбухаў і працы СПА. Абодва гарады часткова засталіся без электраэнергіі з-за пашкоджання ліній перадач.

Украінскія маніторынгавыя рэсурсы паведамляюць пра паспяховыя траплянні на тэрыторыі Саратаўскага НПЗ і аэрадрома «Энгельс-2», які з’яўляецца базай для расійскіх стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС.

* * *

645072749_1277291074583968_9076120399849662973_n.jfif

* * *

Чарговы раўнд мірных перамоў Украіны з ЗША і РФ адкладаецца з-за вайны ў Іране. У той жа час Кіеў чакае добрых навін па абмене палоннымі, паведаміў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў звароце.

Ён распавёў, што размаўляў з сакратаром РНБА Рустэмам Умеравым адносна яго камунікацыі з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў. Паводле слоў прэзідэнта, дыялог з ЗША працягваецца ў штодзённым рэжыме.

«Цяпер з-за сітуацыі вакол Ірана яшчэ няма неабходных сігналаў для трохбаковай сустрэчы. Але як толькі сітуацыя з бяспекай і агульны палітычны кантэкст дазволяць працягнуць менавіта тую, трохбаковую, дыпламатычную працу, гэта будзе зроблена. Украіна да гэтага гатовая», — сказаў Зяленскі.

Акрамя таго, ён падзякаваў прадстаўнікам разведкі, Офіса прэзідэнта і ўсім службам за крокі для далейшых абменаў палоннымі.

«Мы працуем, каб вярнуць усіх нашых людзей дадому з расійскага палону. Спадзяемся на добрыя навіны», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

* * *

Засяроджанасць ЗША на канфлікце з Іранам можа прывесці да крытычнага дэфіцыту амерыканскіх ракет-перахопнікаў PAC-3 Patriot ва Украіне, паведамляе Reuters, спасылаючыся на украінскія, еўрапейскія, амерыканскія крыніцы.

З моманту пачатку удараў ЗША і Ізраіля па Іране, Іран выпусціў сотні балістычных ракет і дронаў па краінах Персідскай затокі. Большасць з іх была перахоплена, у тым ліку з дапамогай PAC-3 Patriot, на якія Украіна спадзяецца для абароны сваёй энергетычнай і ваеннай інфраструктуры ад расійскіх балістычных ракет.

Прыкладна 600 ракет PAC-3, якія вырабляюцца штогод кампаніяй Lockheed Martin, ужо недастаткова для пакрыцця патрэб ЗША і іх саюзнікаў у Персідскай затоцы, не кажучы ўжо пра патрэбы Украіны.

Пераважная большасць ракет Patriot, якія пастаўляюцца Украіне, надаюцца еўрапейскімі краінамі ў рамках ініцыятывы NATO PURL, запушчанай у мінулым годзе з мэтай закупкі для Украіны зброі амерыканскай вытворчасці. Паводле слоў еўрапейскіх дыпламатаў, існуе занепакоенасць, што калі вайна з Іранам зацягнецца, затрымкі з пастаўкамі ў рамках PURL могуць узмацніцца, бо ЗША вычэрпваюць уласныя запасы.

Высокапастаўлены прадстаўнік міністэрства абароны ЗША пацвердзіў Reuters затрымкі з пастаўкамі ў рамках PURL, звязаныя з вытворчасцю.

* * *

Краіны Паўночнай Еўропы рыхтуюць планы магчымай эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва ў выпадку пачатку ваеннага канфлікту ў рэгіёне, піша Reuters.

«Вопыт Украіны паказаў, што часовае перамяшчэнне насельніцтва дазваляе працягваць абарону краіны, адначасова абараняючы грамадзянскае насельніцтва», — сказана ў заяве Мінабароны Швецыі.

Агенцтва паведамляе, што акрамя транспартных і турыстычных калідораў, планаванне трансгранічнай эвакуацыі будзе ўключаць і прыём ды рэгістрацыю людзей, а таксама абарону ўразлівых груп.

«Мэтай пагаднення з’яўляецца паляпшэнне абароны грамадзянскага насельніцтва ў выпадку сур’ёзных крызісаў або, у горшым выпадку, вайны», — адзначыла абароннае ведамства Швецыі.

Да паўночнаеўрапейскага пагаднення далучыліся Германія, Польшча, Эстонія, Латвія, Літва, Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Ісландыя і Данія. Адзначаецца, што ўсе гэтыя краіны ў апошнія гады актывізавалі падрыхтоўку адносна магчымага ўзброенага канфлікту з РФ у будучыні.