Топ-10 фільмаў пра змаганьне народаў за годнасьць

Пяць гадоў таму сотні тысячаў беларусаў выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваё стаўленьне да дыктатуры і сфальсіфікаваных выбараў. Пакуль немагчыма адказаць, чаму людзі недаціснулі ў зручны момант рэжым. Мы склалі аўтарскі сьпіс лепшых фільмаў пра змаганьне супраць прыгнёту. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Гандзі (Gandhi). 1982

gandhi_4.avif

У тым годзе студыі адна за адной адмаўляліся здымаць гэтую стужку, бо лічылі, што яе лёс будзе незайздросным, а камерцыйнага посьпеху пра індыйскага змагара чакаць не варта. Але насуперак гэтаму рэжысэр Рычард Атэнбара здолеў ледзьве не з асабістай кішэні знайсьці фінансаваньне. Як вынік: стужка прынесла ўтрая больш грошаў за патрачаныя, а кінаакадэмія аддала ёй усе галоўныя ўзнагароды: за лепшы фільм, рэжысуру, мужчынскую ролю, сцэнар і шэраг іншых.

А мы з вамі атрымалі чароўнае ўвасабленьне на экране гісторыю Махатмы Гандзі. Апроч вельмі пераканальнай працы актораў, вы станеце сьведкамі гістарычнай кінематаграфічнай падзеі: у сцэнах пахаваньня Гандзі ўдзельнічалі запрошаныя 300 тысячаў чалавек. Уявіце сабе маштаб гэтых кадраў. Калі вы мала што ведаеце пра сучасную гісторыю Індыі, і тое, якім чынам яна атрымала незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі 70 гадоў таму – знайдзіце тры гадзіны (так, гэта вельмі доўгі фільм), каб атрымаць усе адказы.

Нумар 9. Віва, Сапата! (Viva Zapata!). 1952

viva_zapata__3.jpg

Энтані Куін атрымаў запаветную ўзнагароду Оскар за лепшую мужчынскую ролю другога пляну. Галоўную ж скрыпку тут грае легендарны Марлон Брандо. Рэжысэр Элія Казан, чый росквіт прыйшоўся акурат на пасьляваенныя 1950-я, зьняў яскравы фільм пра Мэксіку. Брандо выконвае ролю рэвалюцыянэра Эміліяна Сапаты. На пачатку ХХ ст. Сапата ўваходзіць у склад дэлегацыі аднаго з мэксіканскіх штатаў, якая скіроўваецца да дыктатара краіны Парфірыя Дыяса з нотай пратэсту.

Яны патрабуюць, каб іх землі, што былі незаконна захопленыя багатымі землеўласьнікамі, былі вернутыя гаспадарам. Дыктатар, як гэта зь імі часта здараецца, кажа пра неабходную доўгую працэдуру для працэдуры, каб нешта вырашыць. Герой Брандо рашуча не згаджаецца, і ўцягваецца ў падзеі, што прыводзяць да посьпеху. Дыктатар зрынуты, але паплечнікі рэвалюцыянэра, якія становяцца новай уладай, паводзяць сябе зусім не лепшым чынам. Стужка павольна разьвіваецца, дазваляючы ўцягнуцца ў кантэкст.

Нумар 8. Нескароны (Invictus). 2009

invictus_3.webp

Спартовая драма, якую зьняў Клінт Іствуд. У галоўнай ролі ён зьняў аднаго з улюбёных сваіх актораў (акрамя сябе) – Моргана Фрымана, у іншай істотнай ролі – Мэт Дэйман. Яны абодва атрымалі намінацыі ў амерыканскай кінаакадэміі за гэтыя працы. Гісторыя адбываецца ў Паўднёвай Афрыцы, у 1995 годзе, калі на чале краіны знаходзіцца былы палітвязень Нэльсан Мандэла. Краіна застаецца жорстка падзеленай па-першае паміж прыхільнікамі былога рэжыму «апартэіду», калі ўся ўлада належала белай меньшасьці, а чорныя разглядаліся як рабы без рабства, а зь іншага боку — гэтыя самыя чорныя, якім карцела разабрацца з былымі панамі. Што рабіць з гэтым?

Было вырашана правесьці кубак сьвету па рэгбі ў гэтай афрыканскай краіне.

Клінт Іствуд не быў фанатам рэгбі, але пры падрыхтоўцы да здымкаў ён гадзінамі па начах у Паўднёвай Афрыцы глядзеў гульні, а потым абмяркоўваў іх. Праз пэўны час гульня захапіла і яго. Па сюжэце фільма Нэльсан Мандэла шукае падтрымкі ў капітана рэгбійнай каманды, якая гістарычна складалася зь белых і выступала для белых, каб яна паспрабавала выйграць кубак сьвету дзеля ўсіх паўднёваафрыканцаў. Вострыя канфлікты і спартовае змаганьне вам гарантаванае.

Нумар 7. Чэ: Частка першая (Che: Part One). 2008

che_part_one.jpg

Як можна здагадацца з назвы, рэжысэр Стывен Содэрбэрг стварыў і працяг гэтай стужкі, якая, безумоўна, не паўтарыла посьпех першай часткі. Гэты фільм з Бэнісія дэль Тора ў ролі Чэ Гевары прымушае нас адразу адчуць у падсьвядомасьці страшэнныя асацыяцыі з левым пераваротам 1917. Дэль Тора выглядае адзін у адзін з тымі выявамі Чэ з цішотак, плякатаў і графіці, якімі было модна напаўняць гарады яшчэ нядаўна.

У стужцы мы сустракаем Чэ ў 1956 калі ён і кубінскія выгнаньнікі на чале з чырвоным таварышам Фідэлем Кастра выпраўляюцца ў палітычна-рэвалюцыйнае падарожжа каб зрынуць імперыялістычны ўрад Батысты. Чэ Гевара, як і яго альтэр-эга Леў Троцкі паказаны як інтэлектуал, літаратар, стратэг.

Сюжэт добра знаёмы тым, каго прымушалі вывучаць гэта ў школах у савецкі час. Зараз жа – гэта крыху рамантызаваная гісторыя барацьбы за народ. У якім стане жыве Куба сёньня – паказчык таго, за што змагаліся (і дасягнулі посьпеху ў канкрэтным выпадку) чырвоныя рэвалюцыянэры. Кубінцы надалі Эрнэста Гевары імя «Чэ», што азначае «сябар». Скажы мне хто твой сябар, і як скажу хто ты.

Нумар 6. Верасень у Шыразе (Septembers of Shiraz). 2015

septembers_of_shiraz_1.jpg

Стужкі, як гэтая – дапамагаюць у пэўным сэнсе падбадзёрыць тых, хто ў гвалце і рэпрэсіях забывае, што людзі сутыкаліся з падобных і раней. Сальма Хайек і Эдрыян Броўдзі запрашаюць нас у час жорсткага палітычнага крызісу, цэлай рэвалюцыі, якая адбылася ў Іране ў 1979 годзе.

Тады за кароткі прамежак часу гэтая краіна з утульнай сучаснай дзяржавы скацілася да ісламскай дыктатуры. Мы ўбачым габрэя, які праз свае празаходнія погляды быў кінуты за краты. Зьдзекі, пачуцьцё перавагі па-над іншым толькі таму, што ў цябе ёсьць паліцэйскі дручок? Беларусы праходзілі гэта, падобна да жыхароў былой Пэрсіі ня так даўно.

Вельмі эмацыйны фільм.

Нумар 5. Прызнаньне (L'aveu). 1970

l_aveu_2_1.webp

Грэцкі рэжысэр Коста-Гаўрас стварыў захапляльную стужку з Івам Мантанам у галоўнай ролі. Глыбокім болем і перажываньнямі адгукнецца ў беларусаў прагляд гэтага фільма. Дзеяньне адбываецца ў Чэхаславаччыне. Намесьнік міністра замежных справаў арыштаваны і без тлумачэньняў кідаецца ў засьценкі.

Мы становімся сьведкамі судовага працэсу ў 1952 годзе, дзе чатырнаццаць высокапастаўленых камуністычных чыноўнікаў, у тым ліку генэральны сакратар партыі абвінавачваюцца сваімі ж сябрамі па партыі - сапраўднымі сталіністамі. Мы сутыкаемся з катаваньнямі, як фізычнымі там і маральнымі. Усім ставяць у віну, як бы сказаў беларускі дыктатар, «неканстытуцыйны захоп улады».

Кожнаму пагражае сьмяротнае пакараньне. Ад кожнага вымагаюць «прызнаньне» ва ўсіх сьмяротных грахах. Гэты фільм пра фарс рэпрэсіўнай машыны і супрацьстаяньне чалавека.

Нумар 4. Апошні кароль Шатляндыі (The Last King of Scotland). 2006

the_last_king_of_scotland_1.jpg

Назва стужкі можа крыху зьбіць з панталыку, бо гісторыя зусім не пра Шатляндыю, а пра сучасную афрыканскую краіну. У галоўнай ролі Форэст Уітакер – на шатляндца не падобны (тут у спрэчку можа прыйсьці цудоўны рэжысэр Джоэл Коэн, які нядаўна зьняў сваю вэрсію Макбэта, дзе такі ж цёмнасуры Дэнзэл Вашынгтан грае галоўную ролю сярэднявечнага шатляндзкага караля – але гэта асобная гісторыя).

У «Апошнім каралі Шатляндыі», што зьняў Кевін Макдональд, мы знаёмімся з Угандай, і асабліва зь яе прэзідэнтам Ідзі Амінам. Мы глядзім на гісторыю крывавых злачынстваў дыктатара вачыма лекара, які прыехаў практыкаваць ва Ўганду з Шатляндыі. Напачатку ён зачараваны гэтым кіраўніком дзяржавы, які ўяўляецца рэфарматарам і прыхільнікам звычайных каштоўнасьцяў. Але досыць хутка нутро дыктатара праяўляецца ў дробязях і буйных страшэнных учынках.

Нумар 3. Сем дзён у траўні (Seven Days in May). 1964

seven_days_in_may_4.webp

Джон Франкенхаймэр стаў рэжысэрам гэтай стужкі, зоркамі якой былі Бэрт Ланкастэр і Кірк Дуглас. Гэта выдуманая гісторыя, аднак надзвычай падобная да праўды. У сюжэце слабы прэзідэнт ЗША дамовіўся аб пагадненьні аб скарачэньні ўзбраеньняў з краінай саветаў, але яго мера непапулярная і не падабаецца знакамітаму генэралу, герою папярэдняй вайны. Яны сутыкаюцца ў барацьбе за кантроль над урадам ЗША.

Адзін з афіцэраў, лаяльных да прэзідэнта прыходзіць да высновы, што найвышэйшае кіраўніцтва арміі рыхтуе пераварот, каб зрынуць гаспадара Авальнага кабінэту. Прэзідэнт спрабуе знайсьці доказы, каб спыніць вайскоўцаў, якім застаецца зусім крыху да пасьпяховага вырашэньня сваёй задумы. Усё павінна вырашыцца за сем дзён, да нядзелі.

Нумар 2. Дзэта (Z). 1969

z_3.jpg

Яшчэ адзін твор Коста-Гаўраса. Гэты рэжысэр стварыў сапраўдную фільматэку пра змаганьне народаў. Гісторыі руйнаваньня палітычных сістэмаў заўжды неад’емныя ад зьнішчэньня чалавечых жыцьцяў, ад эрозіі сацыяльных сувязяў.

Лепшы замежны фільм на цырымоніі «Оскар». У галоўных ролях тут – Іў Мантан і Жан-Луі Трынціньян. Рэжысэр паказвае Іва Мантана ў ролі вядомага палітыка і лекара, чыё публічнае забойства на фоне жорсткай дэманстрацыі хаваецца ваеннымі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Яны спрабуюць паказаць гэта як няшчасны выпадак. Жан-Луі Трынціньян – упарты суддзя, які вырашыў не дазволіць рэжыму так проста распраўляцца з апанэнтамі. Мы бачым вялізную машыну дзяржаўнай змовы.

Што азначае літара Z, якая і дала назву фільму? Мы даведаемся пра гэта напрыканцы.

Нумар 1. Жанчына з імём Голда (A Woman Called Golda). 1982

a_woman_called_golda_3.png

Фільм, які паставіў Алан Гібсан — пра дзяўчынку Голду, якая правяла дзяцінства ў беларускім Пінску, наведвала старажытную вялікую сінагогу, а потым вырасла і стала чацьвертым прэм’ер-міністрам Ізраіля. Увесь сьвет ведае яе як Голда Мэір, а дзявочае прозьвішча ў прыхаджанкі пінскай сінагогі — Мабовіч.

Бацька-заснавальнік дзяржавы Ізраіль Давыд Бэн-Гурыён сказаў пра яе: «У адзін цудоўны дзень, калі будзе напісана гісторыя, у ёй будзе пазначана, што адна габрэйка дастала грошы, якія забясьпечылі існаваньне нашай дзяржавы». Стужка адметная яскравым выкананьнем галоўнай ролі Інгрыд Бэргман. Для акторкі гэтая праца стала апошняй у жыцьці, менш чым праз год яна памерла. Няшмат прыхільнікаў «залатога стагодзьдзя Галівуду» бачылі яе ролі ў сталым узросьце. Паверце, гэта вартае таго.

Прыемнага прагляду!