Зыгмунд Чаховіч: паўстанец, прысуджаны да сьмерці, натхняльнік Купалы, беларус
У дзень памяці слыннага сына нашае зямлі паспрабуем зазірнуць у эпізоды жыцьця і дзейнасьці спадара Чаховіча. Падчас паўстаньня ён трымаў у памяці ўсе прозьвішчы, адрасы, яўкі і кіраваў зносінамі паміж мясцовымі арганізацыямі паўстанцаў Каліноўскага.
Зыгмунт Чаховіч нарадзіўся 19 жніўня 1831 года ў вёсцы Сурвілішкі, што сёньня знаходзіцца ў Пастаўскім раёне.
Патрыёт
Зыгмунд Чаховіч не мог не ўзяць удзел у паўстаньні супраць расейскай акупацыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. У 1862—1863 гадах ён быў сябрам Літоўскага правінцыйнага камітэту, па яго ліквідацыі экспэдытарам (загадваў кансьпіратыўнымі сувязямі з ваяводзтвамі) у Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі і Выканаўчым аддзеле Літвы. Зыгмунд стаў паплечнікам Каліноўскага па падрыхтоўцы і кіраўніцтве паўстаньнем.
Паводле даносу быў арыштаваны 31 жніўня 1863 года і прысуджаны да расстрэлу, аднак пазьней прысуд замянілі дзясяцьцю гадамі катаргі. Генэрал-губэрнатар Мураўёў палічыў гэта пакараньне занадта мяккім і павысіў тэрмін да 12 гадоў катаржных працаў.
Нягледзячы на жорсткі ціск, прашэньне аб памілаваньні рэвалюцыянэр не падпісаў. Катаргу адбываў у Нерчынскіх рудніках. Маёнтак у Сурвілішках расейскія ўлады перадалі генэралу Маўрысу.
Вобраз у Караткевіча
Зыгмунд Чаховіч, дакладней яго вобраз, перададзены ў п’есе Ўладзімера Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц».
Янка. А ты паўставаў?
Дамінік. Ды не. Мы людзі маленькія. «Хай бог таму памагае, хто нам дабра жадае».
Бянігна. Хто паўставаў — тых на вісельню, у Сібір. Ты унь спытайся ў таго, у каго кніжкі бярэш. Ён паўставаў.
Янка. Чаховіч?
Бянігна. Ну, так. А што з таго карысьці. Жабрак пры багацюшчай жонцы.
Янка. Ён не жабрак. У яго — кнігі. Не можа быці жабраком, у каго — кнігі.
Дамінік. То ж бо я раней ледзь не за папружку браўся, каб цябе за кнігу ўсадзіць, а цяпер хоць ты яго лупцуй, што вечна носам у кнізе, а гаспадарка хоць прападай.
Янка. Не тыя былі кнігі.
Дамінік. А гэта — тыя. Бярозавы лес на лучыну звёў — чытае, месяц яму радасьць — чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чытае.
Янка. Не краду ж. Чытаю… Каб вы законы ведалі — ці ж бы вас зьбіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?
Дамінік. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстаньне адыграліся на нас. На малых, на бязьвінных. Паўстаньне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакумэнты аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. I — недавер да нас. Указ за ўказам — «не пушчаць». А адкуль дакумэнты, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касьцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам зь імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.
Урывак з кнігі Караткевіча
Без Чаховіча не было б Купалы
Каля 1880 года, па зьвестках навукоўца Ігара Пракаповіча, Зыгмунд Чаховіч вярнуўся пасьля ссылкі ў Беларусь і пасяліўся на сталае жыцьцё ў маёнтку Малыя Бясяды каля Радашковічаў. Тут ён жыў, зусім не займаючыся гаспадаркай, толькі сваімі кнігамі. Лёс склаўся так, што ў суседнім фальварку Селішча на той час арандаваў зямлю Луцэвіч, у якога быў сын-падлетак Янка.
Як адзначае беларускі літаратуразнаўца Ўладзімер Гніламёдаў, калі піша пра вялікага паэта, дзяцінства Янкі Купалы прайшло ў вандраваньнях па Меншчыне – ад фальварка да фальварка, ад пана да пана. У Косіне, калі Ясю споўнілася шэсьць гадоў, ён упершыню пачаў вучыцца грамаце – сын аднаго з служачых маёнтка па прозьвішчы Патаповіч навучаў яго па-польску. Хлопчык рос добразычлівым, шчырым, разумным і, як успаміналі сёстры, вельмі спагадлівым.
Вучыўся ён і ў вандроўных настаўнікаў, і сам пры магчымасьці шмат чытаў у вольны ад працы час. Сярод тых, хто паўплываў на будучага паэта, быў Уладзімер Самойла – потым вядомы літаратар, які шмат дапаможа Янку Купалу на яго паэтычнай пуцявіне, а таксама Зыгмунт Чаховіч – удзельнік паўстаньня 1863 года. У яго маёнтку (у Селішчы) знаходзілася багатая бібліятэка.
У маёнтку Чаховіча Янка Купала ўпершыню прачытаў нелегальную літаратуру, даведаўся пра паўстаньне, карыстаючыся бібліятэкай.
Сам Купала наступным чынам узгадваў Чаховіча:
«Пан быў ідэаліст, летуценьнік... Жыў асобна, куды яму пасылалася ежа, ні з кім не сустракаўся, заўсёды заняты кнігамі. У бібліятэцы Чаховіча было шмат прагрэсіўных кнігаў, якія дапамаглі мне асэнсаваць палітычны лад тагачаснай царскай Расеі і абуджалі незадавальненьне гэтым ладам.
Пан быў у свой час сасланы Мураўёвым у Сібір, але з цягам часу вярнуўся і жыў бязвыезна ў сваім маёнтку Бясяды. У яго бібліятэцы мне адкрыўся, што называецца, скарб. Яго бібліятэка адкрыла мне вочы на многае, што дагэтуль было невядома.
Бываючы ў яго часта, прыносячы яму ў падзяку за кнігі то масла, то сыр, бо таго, што даставалася яму ад жонкі, на пражытак не хапала, гутарылі зь ім шмат аб чым, аб чым – цяжка нават успомніць, але больш за ўсё, здаецца, аб паўстаньні 1863 года. Часта ён мне выбіраў кнігі для чытаньня, а іншы раз я сам прасіў такіх або іншых аўтараў. Апрача ўсякага роду паэзіі. Якой я больш за ўсё захапляўся, бэлетрыстыкі, гісторыі і жа т.п., у яго першага я пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, больш за ўсё наконт паўстаньня. Былі гэта выданьні кракаўскія, лёнданскія, парыжскія...»
Нешчасьлівае каханьне
Пра жонку Зыгмунда Чаховіча вельмі яскрава напісаў Уладзімер Караткевіч у вышэй узгаданай пьесе. У эпізодзе, дзе малады Янка Купала размаўляе з Чаховічам аб асабістым жыцьці, чытаем:
Чаховіч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, зь якой ажаніўся, калі ўсе — і мы — чакалі паўстаньня і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся… як сонца аддадзена зямлі. Як я — ёй… Сьцеражыся слабасьці, сынок. Першы крок — гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.
Янка. Больш за ўсё не хачу рабства.
Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай — прапаў… Жанчыны, жонкі. Гэта хлусьня, што адны мужыкі — ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я прайграў. А горш за ўсё зь ёй. 3 яе прагай быць сярод сільных. 3 такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.
Янка. А вы не з тых.
Чаховіч. Так. I… я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне — Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. I дзве тысячы сто трыццаць шэсьць гэтых новых. Як іх… Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстаньня. I быў чалавекам захапленьня, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём… Арыштавалі… Паказаньняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасьці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. I добра зрабіў. Бо разам з пажыцьцёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленьні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасьля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых пасьпеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасьля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу… Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.
Зыгмунд Чаховіч памёр у 1907 годзе.