Яны прыехалі на сьмерць

Лісьлівыя словы тыранаў падштурхоўвалі некаторых беларусаў у складаныя 1920-я гады прыехаць на занятую камуністамі тэрыторыю Беларусі з Захаду. Абяцаньне яскравага сонца і бясконцай беларусізацыі скончыліся для іх трагічна. Згадаем асобы тых, хто адкінуў ідэю БНР, каб патануць у БССР.

Здымак Пракулевіча, аднаго з арыштаваных НКУС пасьля вяртаньня з эміграцыі

Здымак Пракулевіча, аднаго з арыштаваных НКУС пасьля вяртаньня з эміграцыі

Ад Бэрліна да кулі

Драматычныя падзеі разгарнуліся перад ці неўзабаве пасьля Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, што адбывалася ў Бэрліне. Дэлегаты мерапрыемства 15 кастрычніка 1925 года пастанавілі:

«У зьвязку з сучасным становішчам Беларусі, заходняя часьць якой знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы, а ўсходняя — творыць Беларускую Савецкую Рэспубліку ў складзе Сацыялістычнага Савецкага Саюзу, у мэтах аб’яднаньня ўсіх сіл народу для яго поўнага нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня ў поўным паразуменьні з краевымі беларускімі арганізацыямі, — абвесьціць ад сёньняшняга дня Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць».

У пастанове таксама канстатавалася, што «надзвычайную важнасьць мае імкненьне Радавай Беларусі да зьдзяйсненьня нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу беларускага народа», а Менск прызнаваўся цэнтрам беларускага адраджэньня. Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя абвясьціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менску «здрадай справе вызваленчага беларускага руху».

Пасьля гэтага цэлы шэраг беларусаў падаўся на Ўсход, каб непазьбежна загінуць ад варожай чырвонай кулі.

Глядзіце таксама

Палута Бадунова

Палута Бадунова

Палута Бадунова

Яна — першая беларуская міністарка, першая рэспубліканка-незалежніца, якая сьмела даводзіла права беларусаў на незалежнасьць і ўласную рэспубліку (не манархію). Палута Бадунова паказала шлях іншым і зрабіла звыклай для нас прысутнасьць жанчыны ў палітыцы – пісаў пра яе Ўладзіслаў Гарбацкі.

21 лютага 1918 году Палута ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. Удзельнічала ў адкрыцьці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. Старшыня арганізаванага ў Менску 4 траўня 1918 году дабрачыннага беларускага таварыства «Цётка». Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сакратар ЦК партыі. 12 лістапада 1919 году абраная намесьнікам старшыні Народнай Рады БНР.

Глядзіце таксама

Калі ў 1925 годзе пачалі масава вяртацца эмігранты, у студзені Палута вярнулася ў БССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры.

3 верасьня 1937 году Палута была арыштаваная. 30 лістапада 1937 году Асобая тройка НКУС БССР вынесла прысуд — 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў. 25 траўня 1938 году прысуджаная да найвышэйшай меры пакараньня. Расстраляная 29 лістапада 1938 году ў Менску.

Язэп Мамонька

Язэп Мамонька

Язэп Мамонька

Вельмі блізкі калега Палуты Бадуновай быў датычны да ўсіх лёсавызначальных падзеяў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920-х жыў Чэхаславаччыне і Літве.

На хвалі беларусізацыі вырашыў пераехаць у БССР. У верасьні 1928 года атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу ж 11 верасьня 1928 года быў арыштаваны ДПУ БССР на станцыі Бігосава, адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 года пастановай калегіі АДПУ прысуджаны да 10 гадоў лягераў.

2 верасьня 1937 года пастановай «тройкі» НКУС Карэльскай АССР прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны на станцыі Мядзьвежая Гара (Сандармох).

Дадатковай трагічнасьці дадае факт таго, што Мамонька двойчы трапляў у адну і тую ж пастку: яшчэ ў 1921 годзе яго схапілі ў Менску камуністы і выслалі ў глыб Расеі, але ў той час Язэпу атрымалася ўцячы. Гісторыя не навучыла.

Уладзімер Пракулевіч

Выпускнік юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, чалавек з вялікім прафэсійным досьведам працы на розных пасадах (у тым ліку ў якасьці судзьдзі), чалавек левых перакананьняў і адкрыты прыхільнік Партыі эсэраў і незалежнасьці Беларусі, — так пісаў пра яго гісторык Іван Палескі.

На зьездзе Слуцкага краю абраны старшынём Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну. Пасьля паразы паўстаньня ў 1921 годзе Уладзімер Пракулевіч зьехаў у Вільню, дзе агітаваў супраць выбараў у Сойм Цэнтральнай Літвы, быў арыштаваны і ў 1922-м перададзены літоўскім уладам. Жыў у Коўне, з 1923-га быў сакратаром ва ўрадзе Аляксандра Цьвікевіча і пасьля разам зь ім зьехаў у Прагу. Як і Цьвікевіч, у 1925 годзе ён заявіў аб ліквідацыі незалежнага беларускага цэнтра на згаданай намі вышэй канферэнцыі ў Бэрліне, а ў 1926-м вярнуўся ў Менск.

Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы, у 1930 годзе быў упершыню арыштаваны, а ў 1938-м расстраляны на Ўрале.

Лявон Заяц

Дазвол на вяртаньне ў СССР

Дазвол на вяртаньне ў СССР

Леанард Язэпавіч Заяц нарадзіўся ў 1890-м у Даўгінаве Вілейскага павета. За часамі вучобы на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнівэрсітэта ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху. У 1913-м нават граў ролю Яўхіма ў «Паўлінцы».

У палітыцы з 1916 году. Уваходзіў у Беларускую народную партыю сацыялістаў. Як прадстаўнік БНПС удзельнічаў у Зьездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску, якія выступалі за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расейскай федэрацыі.

Сябар Рады Ўсебеларускага зьезда. Па абвяшчэньні незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года займаў пасаду загадчыка справаў, а па адстаўцы Яўхіма Бялевіча заняў таксама пасаду народнага сакратара юстыцыі.

Лявон Заяц — адзіны, хто ў 1918–1925 быў сябрам усіх, акрамя аднаго, урадавых кабінэтаў БНР. Ва ўрадзе Івана Серады займаў пасаду старшыні канцылярыі, працаваў у Камісіі міжнародных справаў. Пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча заняў пасаду дзяржаўнага кантралёра. Пры Ластоўскім – загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар.

Глядзіце таксама

22 сакавіка 1919 года Лявон Заяц разам з групай беларускіх палітыкаў выехаў у Бэрлін. Працаваў шэфам Дыпляматычнай місіі БНР у Нямеччыне. Далей чытаем у гісторыка Анатоля Сідарэвіча:

«Як вядома, 15 кастрычніка 1925 Урад БНР самараспусьціўся (насамрэч гэтага не было, аб чым падрабязьней можна пачытаць у артыкуле пра Другую Ўсебеларускую канфэрэнцыю ў Бэрліне – заўв. П.Х.). За гэтую пастанову галасаваў і Заяц. У 1926 ён пераехаў у Савецкі Саюз і быў прызначаны кансультантам народнага камісарыяту фінансаў ССРБ. 19.07.1930 яго арыштавалі ў «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. Апроч таго, яму інкрымінавалі прыналежнасьць да «Беларускага брацтва» (Ластоўскі, Цьвікевіч ды інш.).

Высланы на 5 год ва Ўфу, 25 ліпеня 1935 года Заяц зноў быў арыштаваны, аднак прысуду не дачакаўся: у часе сьледзтва ён памёр (як можна прачытаць, ад хваробы нырак)».

На жаль гэты кароткі сьпіс – толькі дробная частка з тых сотняў і тысячаў імёнаў, якія зьведалі катаваньні, высылкі і сьмерць пасьля таго, як паверылі салодкаму голасу дыктатарскага рэжыму.

Не паўтарайце іх памылак.