Імёны свабоды. Пяць вядомых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну

Слуцкі збройны чын назаўжды ўвайшоў у народную памяць беларусаў як гераічная падзея народнай барацьбы супраць акупантаў. Але за кожным гераічным учынкам стаялі жывыя людзі. Людзі, імёны якіх сталі сімвалам адданай барацьбы за свабоду нашага народа.

Сцяг першага слуцкага палка. Крыніца: wikimedia commons

Сцяг першага слуцкага палка. Крыніца: wikimedia commons

Уладзімір Пракулевіч (1887–1938)

Выпускнік юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, чалавек з вялікім прафесійным вопытам работы на розных пасадах (у тым ліку ў якасці суддзі), чалавек левых перакананняў і адкрыты прыхільнік Партыі эсэраў і незалежнасці Беларусі.

Уладзімір Пракулевіч. Крыніца: wikipedia.org

Уладзімір Пракулевіч. Крыніца: wikipedia.org

На з'ездзе Слуцкага краю абраны старшынём Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну. Пасля паразы паўстання ў 1921 годзе Уладзімір Пракулевіч з'ехаў у Вільню, дзе агітаваў супраць выбараў у Сойм Цэнтральнай Літвы, быў арыштаваны і ў 1922-м перададзены літоўскім уладам. Жыў у Коўне, з 1923-га быў сакратаром ва ўрадзе Аляксандра Цвікевіча і пасля разам з ім з'ехаў у Прагу. Як і Цвікевіч, у 1925 годзе ён заявіў аб ліквідацыі незалежнага беларускага цэнтра на канферэнцыі ў Берліне, а ў 1926-м вярнуўся ў Мінск.

Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы, у 1930 годзе быў упершыню арыштаваны, а ў 1938-м расстраляны на Урале ў Свярдлоўскай вобласці. Канчаткова рэабілітаваны толькі ў 1989 годзе.

Павал Жаўрыд (1889-1939)

Беларускі грамадскі, вайсковы і палітычны дзеяч, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Павал Жаўрыд. Крыніца: wikipedia.org

Павал Жаўрыд. Крыніца: wikipedia.org

У 1920 годзе падчас паўстання ўваходзіў у склад Рады Случчыны. Меў добрыя кантакты з палякамі праз дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ў Варшаве. Быў адным з тых, хто прымаў рашэнне аб пачатку паўстання. З невялікімі сіламі здолеў каля месяца стрымліваць наступ значна пераўзыходных сіл Чырвонай арміі. Пасля паразы случчакоў разам з іншымі кіраўнікамі Збройнага чыну аддаў загад аб спыненні ўзброенага супраціву і адыходзе рэшткаў паўстанцкай арміі на падкантрольную палякам тэрыторыю. З 1921 годзе працаваў у Вільні, дзе займаўся школьнай адукацыяй для дзетак беларусаў Віленшчыны. Вярнуўся ў Беларусь у 1923-м.


У 1930-м першы раз арыштаваны органамі ДПУ. Вызвалены праз чатыры гады. Зноў арыштаваны ў 1938-м, асуджаны на 10 гадоў зняволення. Верагодна, памёр у лагеры. Рэабілітаваны ў 1988 годзе.

Антон Сокал-Кутылоўскі (1892-1983)

Беларускі вайскова-палітычны дзеяч, капітан, кавалер Георгіеўскага крыжа за ўдзел у Першай сусветнай вайне. Падчас паўстання камандуючы Слуцкай брыгадай.

Антон Сокал-Кутылоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Антон Сокал-Кутылоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Восенню 1920 года добраахвотна далучыўся да Слуцкага збройнага чыну. У акрузе моцна бракавала кадравых афіцэраў з баявым вопытам, а случчакам тэрмінова былі патрэбны камандзіры для фарміраваных баявых атрадаў. Спачатку ўзначаліў адзін з батальёнаў. Аднак пасля здрады камандзіра Першага слуцкага палка Паўла Чайкі і змены каманднага складу слуцкага войска стаў камандзірам амаль усіх вайсковых фармаванняў паўстанцаў з практычна дыктатарскімі паўнамоцтвамі.

Пасля паразы Слуцкага збройнага чыну перайшоў на польскую тэрыторыю, дзе быў інтэрнаваны. У міжваенны перыяд працаваў святаром у праваслаўным прыходзе Навагрудчыны. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР быў арыштаваны, але ўцёк з турмы. Падчас Другой сусветнай супрацоўнічаў з немцамі, быў сябрам Беларускай самапомачы. У 1944 годзе эвакуяваўся ў Германію, дзе ў наступным годзе здаўся наступаючым амерыканцам. Быў выдадзены апошнімі Саветам і этапаваны ў СССР. У Савецкім саюзе асуджаны на 25 гадоў за сувязь з немцамі. Выйшаў на волю ў 1957 годзе.

Лукаш Семянюк (1887-1921)

Беларускі сялянскі антыбальшавіцкі атаман. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Лукаш Семянюк і яго паўстанцы. Крыніца: wikipedia.org

Лукаш Семянюк і яго паўстанцы. Крыніца: wikipedia.org

У гэтага чалавека было вельмі яскравае жыццё. Паходжаннем з беларускіх сялянаў, ён добра ведаў іх праблемы і таму актыўна ўключыўся ў барацьбу за права беларускага сялянскага люду «людзьмі звацца».

Вярнуўшыся з франтоў Першай сусветнай вайны і пабачыўшы ў якім жудасным стане знаходзіцца яго родная Барысаўшчына, Лукаш Семянюк хутка стаў адным з арганізатараў антынямецкага сялянскага паўстання, што палыхнула ў Мінскай губерні летам 1918 года. Пасля сумеснага задушэння немцамі і бальшавікамі паўстання трапіў у бальшавіцкую турму. Але і вязніца не змагла яго ўтрымаць, ён збег з турмы ў наступным годзе і адразу арганізаваў баявы атрад, які актыўна пачаў займацца антыбальшавіцкай партызанкай.


На працягу 1919 года Семянюк з'яўляўся фактычным гаспадаром Халопеніцкай і Красналуцкай валасцей Барысаўскага павета. Маючы некалькі дзясяткаў партызан, ён поўнасцю ачысціў ад бальшавікоў усю гэтую тэрыторыю. Гэта стала магчымым дзякуючы поўнай падтрымцы мясцовых жыхароў. Гісторыя захавала такі яго зварот да сялянаў: «Дзядзькі! Хлебаробы! Разыходзіцеся хутчэй па дамах. Нам, мужыкам, зараз кожная хвіліна, што той зімовы тыдзень. Хто яшчэ не скончыў, няхай спяшаецца сеяць грэчку і проса. Барануйце і абганяйце бульбу! Касьбу пачынайце! Вы тут, на сходзе, а там без вас пчолы пачалі на раі дзяліцца. І хай дапаможа вам Бог! Жывіце і працуйце ў сваёй зялёнай мужыцкай дзяржаве! Падаткаў нікуды не давайце! Пакуль я жыву, Лукаш Семянюк, у крыўду вас не дам. Заглянула сонца і ў нашае мужыцкае ваконца! Дык па хатах, дзядзькі!»

Яшчэ праз год яго атрад далучыўся да сялянскай арміі, якая фарміравалася вакол партыі «Зялёнага дуба» і ўжо ў гэтай якасці далучыўся да Слуцкага збройнага чыну ў іх барацьбе супраць савецкай навалы. Загінуў адчайны атаман у 1921 годзе ў баі з наступаючым атрадам Чырвонай арміі.

Эдвард Вайніловіч (1847-1928)

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, тройчы дэпутат расійскай Дзяржаўнай думы, лідар Краёвай партыі Літвы і Беларусі, мецэнат, фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску.

Эдвард Вайніловіч. Крыніца: wikipedia.org

Эдвард Вайніловіч. Крыніца: wikipedia.org

Шчыра кажучы, Эдвард Вайніловіч не быў наўпрост удзельнікам паўстання. Як буйны землеўласнік і даволі заможны чалавек, ён не падтрымліваў сацыялістычную плынь, якая дамінавала ў шэрагах паўстанцаў. Але, з’яўляючыся шчырым патрыётам Беларусі, Эдвард Адамавіч Вайніловіч усё жыццё змагаўся за свабоду сваёй Радзімы. Абраўшыся ў 1906 годзе дэпутатам Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі, ён узначаліў у ёй групоўку дэпутатаў пад назвай «Саюз Колаў Каралеўства Польскага і Краёў Літвы і Русі». Затым ён стаў адным са стваральнікаў «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», што стаяла на пазіцыях шырокай аўтаноміі Літоўска-Беларускага краю.


З’яўляючыся веруючым каталіком, будаваў праваслаўныя цэрквы і быў вядомым абаронцам правоў яўрэйскага насельніцтва. Уваходзіў у склад Рады БНР. У 1918 годзе падчас акупацыі Беларусі немцамі выступіў з планам аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага.

Падчас Слуцкага збройнага чыну адкрыта падтрымаў паўстанцаў. Менавіта ў яго доме ў Слуцку адбыўся з’езд Случчыны. Пасля захопу Слуцкага краю бальшавікамі Эдвард Вайніловіч з’ехаў у Польшчу, дзе заснаваў дзіцячы дом для бездаглядных дзетак, які апекаваў да канца жыцця.

Пячатка Часовай рады Случчыны. Крыніца: history-belarus.by

Пячатка Часовай рады Случчыны. Крыніца: history-belarus.by