СМІ: Пуцін не змяніў сваю пазіцыю адносна Украіны і не збіраецца спыняць агонь на фронце
З'явіўся поўны пералік патрабаванняў, якія расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін высунуў для заканчэння поўнамаштабнай вайны супраць Украіны падчас сустрэчы з Дональдам Трампам на Алясцы. Расія не разглядае спыненне агню да падпісання вялікага пагаднення, а Зяленскі не збіраецца здаваць Данецкую вобласць. Ідуць 1271-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 атаку расіян у раёнах Палтаўкі, Уладзіміраўкі, Новага Шахматнага, Радзінскага, Лісоўкі, Чунышына, Зверава, Котліна, Удалага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 32 разы, спрабуючы прасунуцца паблізу Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Студні і ў бок Серабранкі і Грыгароўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 26 разоў атакаваў у раёнах Новахацкага, Вольнага Поля, Мірнага, Паддубнага, Шаўчэнка, Васкрасенкі, Цеміраўкі, Маліеўка і Альгоўскага.
На Купянскім кірунку за суткі адбылося 17 атак расіяну раёнах Кандрашоўкі, Заходняга, Галубоўкі і Стэпавай Навасёлаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ сем разоў штурмавала пазіцыі УСУ ў раёнах Ваўчанска, Чырвонага Першага, Каменкі і Свірнавага.
* * *?
Прасоўванне падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны на асобных участках Паўночна-Слабажанскага кірунку складае ад 1 да 2,5 кіламетраў, паведамляе Генеральны штаб УСУ. У прыватнасці, актыўныя дзеянні праходзяць у раёнах Аляксееўкі і Юнакоўкі Сумскай вобласці.
* * *
Сілы абароны Украіны маюць некаторыя поспехі на асобных участках фронту, нягледзячы на спробы расійцаў акупаваць больш тэрыторыі Украіны, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 14 жніўня, паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны захад ад Дыліеўкі (на поўнач ад Тарэцка).
Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Тарэцкім кірунку, паведаміў, што расійскія войскі вядуць баі за Тарэцк ужо больш за год, і што за гэты час брыгада забіла і параніла больш за 50 000 расійскіх вайскоўцаў — гэта прыкладна пяць дывізій.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 жніўня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на захад ад Новаэканамічнага (паўночны ўсход ад Пакроўска).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 жніўня, паказваюць, як падраздзяленні расійскай 36-й мотастралковай брыгады (29-я САА, Усходняя вайсковая акруга) падымаюць сцяг у заходняй частцы Аляксандраграда (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі), што паказвае, што расійскія войскі нядаўна захапілі Аляксандраград і Васкрасенку (на паўднёвы ўсход ад Аляксандраграда).
* * *
17 жніўня аналітычны праект DeepState паведаміў аб акупацыі расійскімі войскамі населенага пункта Зялёны Гай у Харкаўскай вобласці, а таксама аб прасоўванні паблізу Лазавой ў Харкаўскай вобласці. У Данецкай вобласці расійцы прасунуліся каля населенага пункта Папоў Яр.
* * *
Украінскія войскі паспяхова трымаюць абарону каля Дабраполля Данецкай вобласці. Аднак армія РФ спрабуе прарваць яе з дапамогай дронаў, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Камандаванне ўкраінскага корпуса, які дзейнічаў на Пакроўскім кірунку, 15 жніўня паведаміла, што УСУ ачысцілі населеныя пункты Грузскае, Рубежнае, Новавадзяное, Пятроўку, Вясёлае і Залаты Калодзеж, якія знаходзяцца на паўночным усходзе ад Дабраполля.
Таксама крыніца, звязаная з украінскай вайсковай выведкай, паведаміла 15 жніўня, што УСУ часткова стабілізавалі сітуацыю на лініі Вясёлае — Залаты Калодзеж — Кучараў Яр на паўночным усходзе ад Дабраполля.
У той жа час расійскія вайсковыя блогеры пішуць, што войскі РФ дасягнулі тактычных поспехаў ля трасы Дабраполле — Краматорск і наступалі ва Уладзіміроўцы і Шахматным, аднак у ISW гэтаму няма пацвярджэнняў.
Расійскае камандаванне спрабуе перакінуць сілы і сродкі для прарыву ў раёне Дабраполля, але пакуль беспаспяхова.
Тым часам украінскі бок працягвае праводзіць эвакуацыю населеных пунктаў паблізу зоны расійскага пранікнення, што, імаверна, пацвярджае пагрозу расійскіх беспілотнікаў у раёне Дабраполля. Кіраўнік Данецкай АВА Вадзім Філашкін абвясціў 14 жніўня аб абавязковай эвакуацыі сем'яў з дзецьмі з Дружкоўкі (паўночна-ўсход ад Дабраполля) і вёсак Андрэеўскай грамады. Ён адзначыў, што ў гэтых населеных пунктах пражываюць каля 1800 дзяцей.
* * *

* * *
З'явіўся поўны пералік патрабаванняў, якія расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін высунуў для заканчэння поўнамаштабнай вайны супраць Украіны падчас сустрэчы з Дональдам Трампам на Алясцы. Спіс умоў апублікавала агенцтва Reuters у нядзелю, 17 жніўня.
Крэмль не адмовіўся ад сваіх папярэдніх патрабаванняў.
Спіс умоў:
- Расія не разглядае спыненне агню да падпісання вялікага пагаднення;
- Кіеў павінен цалкам вывесці войскі з Данецкай і Луганскай абласцей;
- РФ замарозіць лініі фронту ў Херсонскай і Запарожскай абласцях;
- Вяртанне пад кантроль Украіны участкаў у Сумскай і Харкаўскай абласцях;
- Фармальнае прызнанне суверэнітэту Расіі над Крымам і іншымі захопленымі тэрыторыямі;
- Адмена прынамсі часткі санкцый супраць РФ;
- Забарона ўступлення Украіны ў NATO;
- Абмяркоўваецца магчымасць міжнародных гарантый бяспекі для Кіева;
- Расійская мова і РПЦ павінны атрымаць афіцыйныя правы ва Украіне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў прапанову трохбаковай сустрэчы Украіна — Амерыка — Расія. Дэталі перамоваў будуць абмеркаваныя з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам у Вашынгтоне ў панядзелак, 18 жніўня.
* * *
Выступ расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна перад прэсай на Алясцы выразна паказаў, што ён не змяніў сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі адзначаюць, што Пуцін парушыў пратакол і першым узяў слова на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Пуцін паўтарыў шэраг даўніх крамлёўскіх інфармацыйных наратываў пра вайну ва Украіне, расійскую гісторыю і стасункі ЗША і РФ.
Пуцін традыцыйна адзначыў важнасць «ліквідацыі карэнных прычын» вайны ва Украіне, пад якімі маецца на ўвазе пашырэнне NATO на ўсход і нібыта дыскрымінацыя расійскамоўных ва Украіне. А таксама абвінаваціў еўрапейскія дзяржавы ў спробах сарваць перамоўны працэс.
«На супольнай прэс-канферэнцыі Пуцін не даў ніводнага сігналу пра гатоўнасць змяніць свае вайсковыя мэты або ісці на кампрамісы. Ён паўтарыў рыторыку, якую выкарыстоўвае з 2021 года, каб апраўдаць расійскую агрэсію супраць Украіны, і прадэманстраваў, што ягоныя погляды на ўкраінскі суверэнітэт не змяніліся», — падкрэслілі аналітыкі.
* * *
Паводле звестак Reuters, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адхіліў патрабаванне расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна аддаць Расіі неакупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці ў абмен на замарожванне фронту ў іншых абласцях.
Як паведаміла крыніца, падчас размовы з Зяленскім Трамп паведаміў, што Пуцін прапанаваў «замарозіць большасць ліній фронту», калі Украіна аддасць усю Данецкую вобласць.
«Зяленскі адхіліў гэтае патрабаванне, паведаміла крыніца», — гаворыцца ў матэрыяле.
Крыніцы Reuters таксама пацвердзілі, што еўрапейскіх лідараў запрасілі ўзяць удзел у перамовах Трампа і Зяленскага ў панядзелак.
* * *
Паводле звестак Axios, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў, што імкнецца арганізаваць трохбаковую сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным ужо ў наступную пятніцу, 22 жніўня.
«Як паведамілі Axios дзве крыніцы, Трамп сказаў Зяленскаму і іншым удзельнікам размовы, што хоча правесці трохбаковы саміт "хутка", ужо 22 жніўня. Пуцін публічна не абавязваўся праводзіць такую сустрэчу», — адзначае выданне.
У размове Трамп і ягоны спецыяльны пасланнік Стыў Уіткаф праінфармавалі Зяленскага і лідараў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, NATO і Еўрапейскай камісіі аб пазіцыі Пуціна.
Яны распавялі, што Пуцін патрабаваў ад Украіны аддаць дзве з чатырох абласцей, на якія прэтэндуе Расія (Данецкую і Луганскую), і замарозіць лінію фронту ў Херсонскай і Запарожскай. Выданне нагадвае, што Расія кантралюе амаль усю Луганскую вобласць, але толькі блізу трох чвэрцяў Данецкай.
Пуцін таксама папрасіў ЗША прызнаць суверэнітэт Расіі ў тых частках Украіны, якія яна атрымае паводле мірнага пагаднення.
Са слоў суразмоўцы выдання, Пуцін сапраўды заявіў пра сваю гатоўнасць абмеркаваць гарантыі бяспекі для Украіны. Але ён згадаў Кітай як аднаго з магчымых гарантаў, магчыма, намякаючы, што ён будзе супраць сіл бяспекі, якія складаюцца з войскаў NATO.