Самыя вядомыя саміты. Дасье ў карыкатурах

Сустрэча Трампа з Пуціным на Алясцы — не дрэнная нагода, каб з дапамогай карыкатур згадаць найважнейшыя саміты ў гісторыі за апошнія сто гадоў.

Пачнем з Версальскай канферэнцыі 1919 года, дзе падводзілі вынікі Першай сусветнай. У канферэнцыі прынялі ўдзел галоўныя заходнія лідары — прэм’еры Дэвід Лойд Джордж (Вялікабрытанія), Віторыа Арланда (Італія), Жорж Клеманса (Францыя) і прэзідэнт Вудра Вільсан (ЗША). Бальшавіцкую Расію і Германію  на канферэнцыі ігнаравалі. Нядзіўна, што ў гэтых краінах да Версаля ставіліся негатыўна. На гэтай нямецкай карыкатуры палітыкі дзеляць свет, не заўважаючы, што сядзяць на парахавой бочцы пад назвай «сусветная рэвалюцыя».

photo_2025_08_17_16_33_00.jpg

Версальская сістэма аказалася няўстойлівай. Пасля прыходу да ўлады Гітлер запатрабаваў далучэння да Германіі тэрыторый з нямецкім насельніцтвам, у прыватнасці, чэхаславацкі рэгіён Судэты. У выніку ўсё вырашылі на саміце ў Мюнхене ў 1938-м, куды прыехалі французскі прэм'ер Даладзье, яго брытанскі калега Чэмберлен, італьянскі дыктатар Мусаліні і, нарэшце, сам Гітлер. Тусоўка вырашыла перадаць Судэты немцам, што, як вядома, адкрыла шлях да Другой сусветнай. На гэтай карыкатуры палітыкі ўгаворваюць Гітлера як капрызнае дзіця — не пачынаць вайну.

photo_2025_08_17_16_33_02.jpg

Ялта і Патсдам у 1945-м — месцы і час сустрэч «вялікай тройкі»: прэм'ер Брытаніі Чэрчыль, прэзідэнт ЗША Рузвельт і Сталін — кіраўнік СССР. У рамках гэтых рандэву былі закладзены контуры пасляваеннага свету. Невыпадкова адзін з мастакоў выявіў «тройку» як тых дактароў, якія лечаць хворы зямны шар.

photo_2025_08_17_16_33_04.jpg

Як вядома, ідылія пасля вайны доўжылася нядоўга. Неўзабаве пачалася халодная вайна, якая, здавалася, у любы момант можа ўвайсці ў гарачы фармат. Шмат у чым такога не здарылася, дзякуючы саміту Хрушчова і Кенэдзі ў Вене ў 1961-м. На першы погляд, саміт праваліўся, паколькі абодва палітыка шмат пікіраваліся (як відаць на гэтым малюнку). Але негалосна яны ўсё ж фактычна дамовіліся не выкарыстоўваць атамную зброю ў супрацьстаянні.

photo_2025_08_17_16_33_07.jpg

Увесь свет змяніўся пасля амерыканскага-кітайскага саміту ў лютым 1972-га. Сустрэча Ніксана і Мао ў Пекіне азначала раскол камуністычнага блока і паслабленне Масквы ў трэцім свеце. Вось так убачыў саміт Мао і Ніксана адзін з амерыканскіх графікаў.

photo_2025_08_17_16_33_10.jpg

Гістарычныя саміты Гарбачова і Рэйгана ў сярэдзіне 80-х мелі маштабныя наступствы — узаемнае раззбраенне, канец халоднай вайны і пачатак рэформаў у СССР. Зрэшты, спачатку ўсё было не надта гладка. Многія не верылі, што паміж палітыкамі магчымы дыялог. Прыклад таму — палітычная карыкатура таго часу. На ёй намаляваны Рональд Рэйган і Міхаіл Гарбачоў, якія сядзяць за сталом перамоваў. Дошка для гульні ў шашкі на баку Гарбачова, які хоча гуляць з Рэйганам у шашкі. На баку Рэйгана, які збіраецца гуляць у покер, — фішкі і карты.

photo_2025_08_17_16_33_12.jpg

І вось, нарэшце, саміт Пуцін-Трамп на Алясцы ў мінулую пятніцу. Пакуль яго вынікі і перспектывы вельмі не зразумелыя. Ясна толькі тое, што імідж Трампа ў вачах шмат каго пацярпеў. Многія карыкатурысты эксплуатуюць сюжэт як Пуцін маніпулюе амерыканскім гарантам.

photo_2025_08_17_16_33_14.jpg