Беларусь могуць прызнаць дзяржавай-спонсарам тэрарызму праз выкраданне ўкраінскіх дзяцей
Сенатары ЗША Ліндсі Грэм і Рычард Блюменталь разглядаюць магчымасць унясення законапраекта, згодна з якім Расія і Беларусь будуць прызнаныя дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму праз выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Уладзімір Зяленскі і лідары Еўропы сёння сустрэнуцца з Дональдам Трампам, каб паразмаўляць пра яго сустрэчу з Пуціным. Ідуць 1272-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: ТГ-канал ГТРК «Дагестан»
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 182 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 жніўня.
Па-ранейшаму самым пякельным застаецца Пакроўскі кірунак —там адбіта 58 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Палтаўкі, Свабоднага, Новага Шахматнага, Запаведнага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Дачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 28 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Зялёнага Гаю, Талстога, Аляксандраграду, Васкрасенкі, Маліеўкі, Вольнага Поля і Тэміраўкі.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 21 раз паблізу Грэкаўкі, Карпаўкі, Рэдкадубу, Грыгораўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 13 разоў штурмавалі ў раёне Ваўчанска і ў кірунках Дамавога, Атраднага.
На Купянскім кірунку за суткі адбылося 12 атак. Сілы абароны адбілі штурмы ў раёнах Заходняга, Кандрашоўкі, Петрапаўлаўкі, Стэпавай Навасёлаўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі дзевяць атак. На Северскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па пяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
Аналітычны праект DeepState паведаміў, што за апошнія 1010 дзён вайны расійцы акупавалі менш за 1 адсотак тэрыторыі Украіны.
«Пачынаючы з 12 лістапада 2022 года (акупавана на дату — 108 651 кв.км) па сёння (114 493 кв. км) расійцы акупавалі 5842 кв. км украінскай тэрыторыі. Гэта складае 0,96781% ад усёй плошчы ўкраінскай дзяржавы ў міжнародна прызнаных межах», — адзначылі аналітыкі.
Расійцы мелі вялікі поспех у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання. Але дзякуючы наступальным аперацыям на поўначы краіны, у Харкаўскай і Херсонскай абласцях, Украіне ўдалося вярнуць большую частку сваіх тэрыторый.
* * *
У ноч на 18 жніўня беспілотнікі РФ атакавалі Адэскую вобласць, у выніку чаго ўзнік маштабны пажар на аб'екце паліўна-энергетычнай інфраструктуры. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулых і пацярпелых няма.
Расійскія войскі атакавалі Днепрапятроўскую вобласць ракетамі і дронамі, абстралялі з артылерыі — пашкодзілі прамысловае і транспартнае прадпрыемствы, інфраструктуру, жылыя дамы.
Дронамі тыпу «Герань-2» быў атакаваны Харкаў, 4 такіх БПЛА патрапілі ў 5-павярховы дом, у выніку чаго адбылося разбурэнне канструкцый і ўспыхнулі пажары. У выніку 4 чалавекі, сярод якіх дзіця, загінулі і яшчэ 18 атрымалі раненні. 5 чалавек яшчэ лічацца зніклымі без вестак — магчыма, яны знаходзяцца пад заваламі дома.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Х напісаў, што ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі можа імгненна скончыць вайну ва Украіне. Ён намякнуў на адмову ад Крыма і ўступлення ў NATO.
«Прэзідэнт Украіны Зяленскі можа амаль адразу ж пакласці канец вайне з Расіяй, калі захоча, ці ж прадоўжыць барацьбу, — піша кіраўнік Белага дома. — Ніякага вяртання Абамы, які аддаў Крым (12 гадоў таму, без адзінага стрэлу!), і ніякага ўступлення Украіны ў NATO. Некаторыя рэчы ніколі не мяняюцца».
Акрамя таго, Трамп анансаваў вялікую сустрэчу ў Белым доме з еўрапейскімі лідарамі: «Вялікі дзень заўтра ў Белым доме. Ніколі яшчэ столькі еўрапейскіх лідараў не збіралася адначасова. Для мяне вялікі гонар прымаць іх!!!»
* * *
Сустрэча ў Белым доме прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага склікаецца з нябачанай паспешлівасцю — упершыню з часоў перад вайной у Іраку, піша The New York Times са спасылкай на еўрапейскага дыпламата.
Як паведаміў выданню дыпламат, асноўны страх саюзнікаў заключаецца ў паўтарэнні лютаўскага скандалу, калі Дональд Трамп публічна пасварыўся з Зяленскім, заявіўшы, што Украіна «не мае карт на руках» у вайне з Расіяй.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю на канале CBS у праграме Face the Nation зняпраўдзіў, што еўрапейцы едуць у Вашынгтон як «ахоўнікі» Зяленскага, падкрэсліўшы, што лідараў запрасілі самі амерыканцы пасля шэрагу супольных кансультацый.
Еўрапейскія хаўруснікі асцерагаюцца, што Трамп, адмовіўшыся ад ідэі спынення агню як перадумовы міру, фактычна грае на руку Пуціну. Пуцін не хавае: міру ён хоча толькі тады, калі дасягне сваіх ваенных мэтаў.
Як піша выданне, гэта робіць любое мірнае пагадненне малаверагодным. Тым не менш, калі лідары збяруцца ў Белым доме, яны будуць абмяркоўваць не толькі межы, але і гарантыі бяспекі для Украіны — аж да магчымага міратворчага кантынгенту.
* * *
Сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Уладзімірам Зяленскім і лідарамі еўрапейскіх краін не абавязкова павінна прывесці да трохбаковага саміту з удзелам Расіі, піша The Washington Post са спасылкай на крыніцу ў Белым доме
Злучаныя Штаты спадзяюцца, што на гэтым тыдні адбудзецца трохбаковая сустрэча з удзелам Трампа, Пуціна і Зяленскага. Аднак Белы дом не абавязкова чакае такога выніку ад сустрэчы ў панядзелак. Як піша выданне, распрацоўка гарантый бяспекі, імаверна, будзе доўгім працэсам, што можа дазволіць Пуціну прадаўжаць сваю вайну, пакуль дэталі канчаткова ўзгадняюцца.
* * *
Амбасадарка Еўрапейскага Саюзу ва Украіне Катарына Матэрнава назвала непрымальным «мір», які запатрабуе ад Украіны аддаць неакупаваныя часткі Данбаса. Паводле яе слоў, ЕС не будзе трываць «мір», які з'яўляецца сінонімам капітуляцыі.
«У Анкарыджы прэзідэнт Трамп вырашыў не настойваць на спыненні агню. Замест гэтага Пуцін прадставіў так званую "мірную прапанову", якая з'яўляецца нічым іншым, як дыктатам агрэсара: напрыклад, ад Украіны чакаецца, што яна здасць усходнюю частку сваёй тэрыторыі, што выходзіць за межы таго, чаго Пуцін дасягнуў ваенным шляхам. Такі "мір" непрымальны», — напісала яна ў Facebook.
Яна падкрэсліла, што ЕС ад самага пачатку выразна і рашуча заяўляў: мір павінен грунтавацца на прынцыпах міжнароднага права — на поўнай павазе незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. «Ніякіх ілюзій, ніякіх кампрамісаў з агрэсарамі», — падкрэсліла Матэрнава.
Паводле яе слоў, прысутнасць еўрапейскіх лідараў у Вашынгтоне разам з Уладзімірам Зяленскім будзе выразным сігналам, што «Еўропа стаіць за Украінай адзінай і рашучай, яна не будзе трываць "мір", які з'яўляецца толькі сінонімам капітуляцыі».
«Разам са Злучанымі Штатамі мы павінны падштурхнуць Пуціна да сапраўднага перамір'я, а затым і да сапраўднага міру — чаго не адбылося ў Анкарыджы», — напісала амбасадарка ЕС.
* * *
Сенатары ЗША Ліндсі Грэм і Рычард Блюменталь разглядаюць магчымасць унясення законапраекта, згодна з якім Расія і Беларусь будуць прызнаныя дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму праз выкраданне ўкраінскіх дзяцей, напісала амерыканская журналістка NBC News Крыстэн Волкер у сацсетцы Х.
«Сенатары Ліндсі Грэм, чалец Кангрэсу, і Рычард Блюменталь, дэмакрат ад Канэктыкута, разглядаюць магчымасць унясення ў Сенат законапраекта, які, у выпадку яго прыняцця, можа прызнаць Расію і Беларусь дзяржавамі-спонсарамі тэрарызму праз выкраданне ўкраінскіх дзяцей», — напісала журналістка.
Нагадаем, што з 2014 года дзеці з акупаваных Луганскай і Данецкай абласцей, а таксама Крыма сістэматычна вывозіліся ў розныя рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Потым у СМІ з'явілася інфармацыя, што да вывазу з Украіны дзяцей датычная Беларусь, прычым гэта адбываецца наўпрост пад заступніцтвам самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны, па даных украінскага амбудсмена па правах чалавека Дзмітрыя Лубінца, Расія вывезла з Украіны больш за 19,5 тысячы дзяцей. Менавіта выкраданне ўкраінскіх дзяцей стала прычынай для выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на арышт расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.
Глядзіце таксама
