Вучыўся ў Еўропе, быў супраць Люблінскай уніі, хварэў на сіфіліс. Маладосць Мікалая Радзівіла «Сіроткі»
2 жніўня 1549 году нарадзіўся адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў магутнага дому Радзівілаў — Мікалай Крыштаф па мянушцы «Сіротка». Знакаміты пілігрым, фундатар касцёлаў, будаўнік Нясвіжскай рэзідэнцыі… Яго маладое жыццё было настолькі насычаным, што падзей з запасам хапіла б на некалькі іншых жыццяў.
Імя Мікалая Радзівіла «Сіроткі» вядомае добра. Па сваіх справах ён здабыў сабе неўміручасць. Яго жыццё яшчэ прыпала на «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага. Час сапраўдных магчымасцей і лёсавызначальных падзей. Радзівіл магчымасцямі карыстаўся ва ўсю моц!
Яму рана давялося стаць дарослым. Усяго 16 гадоў было Мікалаю Крыштафу, калі памёр бацька. А гэта значыла, што ён станавіўся главою магутнага і ўплывовага дому Радзівілаў. Перад ім была вялікая адказнасць: захаваць, а ў ідэале памножыць, славу, уплыў і магутнасць Радзівілаў. Таксама ён мусіў аддана служыць інтарэсам Вялікага Княства Літоўскага.
Адукацыя, палітычная і вайсковая кар’ера, вандроўкі за мяжу і нават — пілігрымка на Святую Зямлю, якую магнат падрабязна апісаў і тым увайшоў яшчэ і ў гісторыю літаратуры. Напісанае трывае даўжэй за пабудаванае. Хоць у будаўніцтве ён таксама не адставаў: нясвіжская рэзідэнцыя, рэнесансны горад, шматлікія фундацыі… Насычанае жыццё! Як тут не згубіць нітачкі? Відавочна, без чагосьці аднаго, без таго, што называецца сумным словам «біяграфія» не было б таго «Сіроткі», які ўвайшоў ў гісторыю, які на слыху. Паспрабуем скласці вобраз маладога жыцця знакамітага князя.
Князь па бацьку, граф па маці
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» нарадзіўся ў 1549 годзе ў непрыкметным замку Цмелеў, які знаходзіцца паміж Кракавам і Варшавай. Паходзіў ён з аднаго з найбагацейшых і ўплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага таго часу. Ён быў старэйшым сынам у сям’і. А гэта многае вызначала. Напрыклад, імя. Калі ты першародны ў сям’і Радзівілаў, то табе наканавана быць Мікалаем. Такая родавая традыцыя.
Бацька «Сіроткі» — людзі ўплывовыя і радавітыя. Яго бацька Мікалай Радзівіл «Чорны» — канцлер, першы чалавек у дзяржаве. Уплывовы кіраўнік дому Радзівілаў і стваральнік магутнасці роду, а таксама абаронца і спонсар Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Што казць, Радзівілу «Чорнаму» свае творы прысвячаў сам Жан Кальвін. Маці «Сіроткі» — Эльжбета з роду Шыдлавецкіх, прадстаўніца арыстакратыі, пабожная кальвіністка. Не такі Мікалай Крыштаф ужо і сірата!
Адразу па нараджэнні, ад бацькоў Мікалай Крыштаф атрымаў у спадчыну замежныя тытулы: ад бацькі тытул князя Святой Рымскай імперыі, а ад маці — тытул графа Шыдлавецкага.
Выхаванне ў пратэстанцкім духу
Дзяцінства Мікалай Крыштаф правёў пераважна ў Лукішках, рэзідэнцыі бацькі пад Вільняй, а таксама ў родавых маёнтках — Нясвіжы і Шыдлоўцы. Як і ўсе магнаты таго часу, першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Выхоўваўся ў пратэстанцкім духу, навучаўся ў пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам. Усё ж, бацька — рухавік Рэфармацыі.
Асаблівую ролю ў выхаванні «Сіроткі» адыгрывала маці, якую сучаснікі лічылі прыкладам дабрыні і прыстойнасці, яна лічылася адданай маці і жонкай, была надзвычай набожнай.
У 1563 годзе Мікалай Радзівіл быў адпраўлены вучыцца за мяжу. Спачатку Кракаў, потым — Страсбург, пратэстанцкая гімназія. Што праўда ў Страсбургу, правучыўся Мікалай Крыштаф усяго год… Не, яго не выключылі з шэрагаў студэнтаў за кепскія вынікі па вучобе ці дрэнныя паводзіны. У жніўні 1564-га ў горадзе распаўсюдзілася чума, ён пакінуў горад і адправіўся ў Цюбінген. Амаль два гады правучыўся ён ў мясцовым універсітэце.
Падчас побыту ў Еўропе, Мікалай Крыштаф, згодна з пажаданнем бацькі, пабываў пры розных манаршых дварах. Таксама «Чорны» выкарыстоўваў знаходжанне сына ў Еўропе для розных мэт: прасіў яго дасылаць цікавыя яму кнігі і навіны, падтрымліваў праз яго сувязі са шматлікімі, пераважна, рэлігійнымі дзеячамі. Бацька ў сваіх лістах дзяліўся з Мікалаем Крыштафам шматлікімі навінамі з радзімы.
У Еўропе Радзівіл здабываў прыхільнікаў, наладжваў палітычныя сувязі і — піярыў Літву. Напрыклад, пасля бліскучай перамогі на Уле бацька перадаў яму копію ліста пра гэту падзею і заклікаў яе распаўсюдзіць на нямецкай і лацінскай мовах Усё ж, тады яшчэ не шмат ведалі пра Княства пры дварах Еўропы.
Пакуль «Сіротка» атрымліваў адукацыю і наладжваў сувязі з Еўропай, у 1565 годзе памірае яго бацька. Цяпер ён робіцца галоўным у доме Радзівілаў і павінен сам рабіць кар’еру, распараджацца ўсім, што было даверана яму. А яшчэ, святым абавязкам было — працягваць справу бацькі.ш
Перайшоў у каталіцызм
Але адразу ён робіць усё наадварот! У 1567 годзе Мікалай Крыштаф «Сіротка» атрымаў у спадчыну бацькавы маёнткі, зрабіўся апекуном малодшых братоў і сясцёр. І ў тым жа годзе пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камедонія, езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі і Гозія ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і ўступіў у шэрагі мальтыйскіх рыцараў.
Першыя гады «Сіротка» замоўчваў факт свайго пераходу ў каталіцтва. Верагодна, ён не хацеў пакрыўдзіць Радзівіла «Рудага» (або падарваць ягоны аўтарытэт), які пасля смерці «Чорнага» быў заўзятым кальвіністам і галоўным пратэктарам Рэфармацыі ў Літве. Усё ж, адна сям’я. Стаўленне маладога Радзівіла змянілася ў 1572 годзе, калі ён упершыню публічна прычасціўся.
Прывёў найбольш войска, чым хто
Таксама пасля смерці бацькі «Сіротка» вяртаецца з Еўропы. На радзіме ўсё яшчэ палае вайна за Інфлянты. У 1567–1568 гадах Радзівіл ўдзельнічаў у Радашковіцкім паходзе Жыгімонта II. Для паказу войска пад Красным Сялом ён прывёў найбольш узброеных ваяроў з усіх літоўскіх магнатаў — 539 гусараў і 386 пехацінцаў.
Праціўнік Люблінскай уніі, даганяў караля Валуа
Нягледзячы на малады ўзрост — усяго 22! — Мікалай Крыштаф Радзівіл нароўні з элітай Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічае ў Люблінскім сойме 1569-га году. Як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, «Сіротка» не быў у захапленні ад Уніі, нават быў яе праціўнікам.
Прычына — забраныя Каронай землі Вялікага Княства Літоўскага. Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту са сваіх маёнткаў у Падляшшы і Валыні. Урэшце, ён усё ж падпісаў акт заключэння ўніі, але зрабіў гэта толькі пад пагрозай канфіскацыі маёнткаў, якія цяпер аказваліся ў складзе Польшчы.
Пасля Радзівіл атрымаў сенатарскую пасаду надворнага маршалка літоўскага. У сувязі з новымі абавязкамі малады магнат больш часу праводзіў з каралём. Яму часта даводзілася ездзіць паміж Варшавай, Кракавам і Вільняй.
Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста «Сіротка» быў прыхільнікам абрання на трон кандыдата з дому Габсбургаў. Не дарэмна ж наладжваў сувязі ў студэнцкія гады! Нягледзячы на паразу яго кандыдата, ён ухваліў абранне француза Генрыха Валуа каралём Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
У 1573 годзе ён адправіўся ў Францыю, дзе і ў складзе афіцыйнай дэлегацыі, і ў прыватным парадку, размаўляў з абраным каралём. У 1574 годзе ён суправаджаў яго на шляху ў Рэч Паспалітую, быў з ім побач падчас урачыстага ўезду ў Кракаў. «Сіротка» таксама прысутнічаў на каранацыі новага караля Польшчы і вялікага князя Літвы, быў удзельнікам каранацыйнага сойму. Але ўжо ў сярэдзіне года ён таксама ўдзельнічаў і ў пагоні за збеглым уладаром…
Хварэў на венералогію
Вядома, што ў маладосці Радзівіл шмат часу праводзіў, у тым ліку пры каралеўскім двары — як Жыгімонта ІІ, так і Генрыха Валуа — за рознымі ўцехамі. Застоллі, паляванне, распуста… У выніку апошняга ён захварэў на сіфіліс, ад якога ў той час не было вядомых лекаў. Пазней у яго таксама развілася падагра. Першыя выразныя сімптомы з’явіліся ўжо ў 1575 годзе: ён даволі хутка часткова страціў слых…
На Інфлянцкай вайне
Караля Валуа не дагналі. З 1576 году «Сіротка», з букетам хвароб, верна служыць пры двары новага кіраўніка Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які рашуча хацеў вырашыць праблему Інфлянцкай вайны. У наступным годзе Радзівіл з уласным абозам у 300 чалавек прыбывае ў лагер пад Ракішкамі і сам ўдзельнічае у баявых дзеяннях супраць Масквы на рацэ Дзвіне. Гэта кантраст пасля баляў і раманаў пры двары Валуа…
Аднак хваробы не пакідалі. У гэты час жыццё Радзівіла — гэта выезды за мяжу на лекаванне, вяртанне ў вайсковы лагер караля. І так па коле, па некалькі разоў.
У 1579 годзе пасля чарговага аздараўлення разам з братам Альбрэхтам ён прывёў у каралеўскі лагер пад Свірам 700 коннікаў. Радзівіл удзельнічаў у легендарнай аблозе і вызваленні Полацка, падчас кампаніі быў цяжка паранены асколкам у галаву, ледзь не страціў вока ў выніку стрэлу.
У 1580 годзе Радзівіл выехаў на лячэнне ў Італію, адкуль планаваў накіравацца ў Святую Зямлю. Аднак ён атрымаў інфармацыю аб распаўсюджанай там чуме, з-за чаго адклаў паломніцтва і вярнуўся ў краіну ў сярэдзіне 1581 года.
І зноў — вайна! «Сіротка» ўдзельнічае ў паходзе Баторыя. У лагер пад Дзісной ён прывёў 120 гусар. З верасня па лістапад таго ж года ўдзельнічаў у аблозе Пскова. У той час ён крытыкаваў караля і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага за малую колькасць гармат і пораху. Пад выглядам кепскага здароўя Радзівіл плюнуў на ўсё і вярнуўся ў Літву. І выправіўся на Святую Зямлю.
***
Пасля вяртання гэта быў ужо зусім іншы Радзівіл. Ён ажаніўся, напісаў бестселер пра сваю пілігрымку, перабудаваў Нясвіж. Ці сапраўды на гэта так паўплывала вандроўка?