Шацілкі – паселішча, якое пазбавілі імя і амаль 500-гадовай гісторыі

Шацілкі вядуць сваю пісьмовую гісторыю ад далёкага 1560 года, калі ўпершыню зьявіліся ў Прывілеі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. На сёньня гэтае месца прыгадвае пра сябе выключна ў назьве мікрараёну горада Сьветлагорск. Менавіта так было вырашана перайменаваць старажытнае паселішча камуністамі ў гэтыя дні ў 1961 годзе. Шацілкі засталіся ў гісторыі, зьвернемся туды і мы.

Шацілкі ў пачатку ХХ ст.

Шацілкі ў пачатку ХХ ст.

Заснаваньне

Шацілкі непарыўна зьвязаныя са шляхетным родам Манкевічаў, гербу Любіч. Таму вывучэньне гісторыі паселішча плаўна пераходзіць у гісторыю гэтых шляхцічаў. Ад 1560 года і да пачатку ХХ стагодзьдзя Манкевічы жылі ў Шацілках і валодалі зямлёю. Пасьля прыходу камуністаў і дагэтуль нашчадкі першага прадстаўніка роду Ждана Манкевіча працягваюць жыць ужо ў Сьветлагорску, а таксама ў бясконцай колькасьці краінаў сьвету.

Шацілкі на мапе XVIII ст.

Шацілкі на мапе XVIII ст.


Гісторык Тэльман Масьлюкоў у сваёй працы адзначаў наступнае: Шацілавічы (назва паселішча ў некаторых крыніцах) у ХІІІ – ХІV ст. знаходзіліся літаральна на мяжы з Ардой (з Чарнігаўскай зямлёй, залежнай ад Арды). Бярэзіна – буйнейшы водны шлях з поўдня у цэнтральную частку Беларусі. Як правіла, уздоўж буйных рэк пракладваліся і старажытныя сухапутныя дарогі.

Такім чынам Шацілавічы ў той час ахоўвалі ўваход па Бярэзіне ў землі спачатку Менскага, затым – Сьвіслацкага княства, а пазьней – Вялікага Княства Літоўскага. Гэтым можна патлумачыць, што з усіх паселішчаў на Бярэзіне ніжэй Бабруйска менавіта тут здаўна месьціліся ваенна-служылыя людзі (і менавіта Шацілавічы ўрэшце сталі шляхецкім паселішчам). Гэтым людзям даваўся маёнтак, які ў больш позьнія часы з Прывілея 1560 года вядомы як Шацілінскі Востраў.

Высьветлілася таксама, што эканамічнае жыцьцё ў Шацілках было настолькі інтэнсыўным, што ў ХVII ст. тут нават мелася мытня.

Шацілкі на мапе 1802 года (бліжэй да правага боку)

Шацілкі на мапе 1802 года (бліжэй да правага боку)

Можна меркаваць, што наяўнасьць у Шацілках ваенна-служылага насельніцтва прыцягнула сюды ўвагу ў XVII ст. і з боку Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. У Шацілках прыблізна ў 1650 годзе быў пабудаваны езуіцкі касьцёл і знаходзіўся мэсіянэрскі пункт.

Прывілей Ждану Манкевічу

У дакладнай копіі дакумэнта, які датаваны 1798 годам і знаходзіцца ў актавай кнізе Менскага земскага павятовага суда, знаходзім наступную інфармацыю:

«Прывілей народжанаму Ждану Манкевічу на пэўны маёнтак, які ляжыць у Рэчыцкім павеце, ад найясьнейшага папярэдніка нашага караля польскага, вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста 1560 года ліпеня месяца 15-га дня выдадзены».

Першая старонка Прывілею 1560 года

Першая старонка Прывілею 1560 года

У гэтым прывілеі ўпершыню згадваецца Шацілінскі Востраў, які «ляжыць на Горвальскім тракце над ракой Бярэзінай». Пасьля сьмерці папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаецца новаму ўладальніку з абавязкам выкананьня вайсковай службы. Пра Рамана Шацілу нам нічога невядома, нягледзячы на гэты ў Сьветлагорску стаіць помнік з выявай гэтай легендарнай асобы.

У 1566 годзе паселішча ўвайшло ў створаны Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва ВКЛ.

У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Шацілінскі Востраў быў акупаваны Расейскай імпэрыяй. Пачаліся гэтак званыя “разборы шляхты”. Усе шляхцічы павінны былі дакумэнтальна пацьвердзіць сваё паходжаньне, інакш яны станавіліся сялянамі. У справе 1802 года Менскага Дваранскага дэпутацкага Сходу аб шляхетным паходжаньні роду Манкевічаў знаходзім наступныя зьвесткі аб пачатках Шацілак:

Гэтага роду пачынальнік Ждан Манкевіч, карыстаючыся ўсімі маёмаснымі стану шляхетнаму ад каранаваных асобаў дазволенымі, на працягу ўсяго свайго жыцьця, меў сына Васіля і зацьвердзіў яму свой стан і заслужаны ад караля маёнтак, у пацьвярджэньні чаго прад’яўлены Прывілеі на маёнтак, які ляжаць у ваяводзтве Менскім у павеце Бабруйскім, за выслугі гэтаму Ждану Манкевічу на вечныя часы выдадзены – 1560 года зроблены.

А 1590 года экстрактам выдадзены абмер згаданых маёнткаў, які рэвізорамі Валовічам і Нарушэвічам наконт Васіля зроблены і яго служачыя – што Васіль даў жыцьцё Мацею, які значыцца ў радаводзе ў калене 3-м, а ён сынам двум Амяльяну і безнашчаднаму Рыгору Манкевічам, у доказ іх паходжаньня і неад’емнага карыстаньня перавагамі прывілей на адзначаны маёнтак.

Маёнтак Востраў Шацілкаўскі народжанаму Амяльяну Манкевічу, жонцы і нашчадкам на вечныя часы ўладаньне ў спадчыну”.

Як слушна адзначае ў дасьледваньні Сяргей Рассадзін, дакумэнтальныя крыніцы праліваюць належнае сьвятло на сапраўдны сацыяльны статус як саміх паноў Манкевічаў, так і іх папярэдніка Рамана Шацілы, зь якіх часам робяць ледзьве не магнатаў.

На самой справе гэта была чыншавая шляхта, што здабывала сабе хлеб самай звычайнай сялянскай працай. У інвэнтары Бабруйскага староства за 1684 год згадваецца Сяло Шацілавічы пад ракой Бярэзінай. У ім, апрача трох сялян, пад № 4 згаданы пан Амяльян Манкевіч з актам Яго Вялікасьці – валок 1/3 – чынш агульны з таго 30 злотых мае сплочваць.

Меўся на ўвазе, вядома, акт прывілея караля Жыгімонта ІІ Аўгуста Амяльянаву продку Ждану Манкевічу і ягоным нашчадкам. А «чынш» (ад латынскага census – «перапіс»), паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года – гэта натуральныя ці грашовыя плацяжы феадальна-залежнага сялянства на карысьць землеўласьнікаў.

Траціна валокі – гэта ўсяго толькі 7,1 га. Праўда, у адрозьненьне ад суседа-пана, усе сяляне ў тым самым сяле мусілі задаволіцца толькі шостай часткай валокі. У наступным інвентары таго самага староства, за 1692 год згадваецца той самы пан Амяльян Манкевіч зямянін, які за сваю арэнду па-ранейшаму сплочваў тыя самыя 30 злотых.

Можа скласьціся ўражаньне, як мяркуе Сяргей Рассадкін, што напярэдадні, падчас разбуральнай вайны 1654-1667 гадоў з Масковіяй, ад якой страшэнна пацярпела таксама і Бабруйскае староства, Манкевічаў спаткала нейкая маёмасная катастрофа.

Cапраўды, у 1598 годзе, Амяльянаў бацька Васіль Манкевіч атрымаў Акт абмеру на Шацілінскі Востраў, па плошчы нават большае за цяперашняю гарадзкую тэрыторыю Сьветлагорска.

Аднак і папярэдні трымальнік Шацілінскага Вострава, Ждан Манкевіч, Васілёў бацька і дзед Амяльянаў, маёмасна наўрад ці быў за ўнука мацнейшы. Васілю Галубовічу ўдалося выявіць зьвесткі аб дакумэнце, складзеным 25 сьнежня 1576 года. Ён быў зацьверджаны ўласным подпісам вялікага князя Стэфана Баторыя.

niab_la_1783_1_13b_485.jpg

Гэта было рашэньне па скарзе некалькіх шляхцічаў Рэчыцкага павета, і сярод іх Ждана Манкевіча. Вялікі князь загадаў, каб яны, з пункту гледжаньня падставаў, ад продкаў атрыманых, не выконвалі аніякіх іншых павіннасьцяў, апрача вайсковай службы ў выпадку непрыяцельскага нападу на Чачэрскі замак.

Як піша Сяргей Рассадзін, які пераклаў тэкст прывілея Ждану Манкевічу на беларускую мову, за вайсковую службу на карысьць Вялікага Княства Літоўскага перадаваўся «Востраў Шацілінскі, які ляжыць на тракце Горвальскім над ракой Бярэзінай, зь яго землямі, лясамі, барамі, дубравамі, з дрэвамі бортнымі і небортнымі, з рэкамі, рэчкамі і сенажацямі, з гонамі бабровымі на рацэ Бярэзіне, з усялякімі выгодамі і ўгоддзямі з абодвух бакоў ракі Бярэзіны».

Аўтарам артыкула адшуканы Прывілей 1736 года вялікага князя літоўскага Аўгуста Саса нададзены Самуэлю Манкевічу. У ім вялікі князь спысылаецца на адпаведныя прывілеі падпісаныя яго папярэднікамі вялікімі князямі Ўладзілавам Ваза і Стэфанам Баторыем. Са свайго боку вялікі князь Аўгуст Сас чарговы раз пацьвярджае права Манкевічаў у асобе Самуэля на валоданьне родавым маёнткам Шацілкі.

Прывілей 1736 года вялікага князя літоўскага Аўгуста Саса нададзены Самуэлю Манкевічу

Прывілей 1736 года вялікага князя літоўскага Аўгуста Саса нададзены Самуэлю Манкевічу

На канец XVIII і пачатак XIX ст. маем адразу некалькі дакумэнтаў, дзе знаходзіцца дакладны пералік усіх шацілкаўскіх нашчадкаў Ждана Манкевіча. Гэта і Акт рэгістру насельніцтва Іх міласьці паноў Манкевічаў і іншай шляхты да камісіі люстрацыйнай падаванай у 1793 годзе. Таксама гэта і адпаведная рэвізская казка 1795 года.

Антоні сын Яна Манкевіч з сям'ёю ў рэвізскай казцы 1795 года

Антоні сын Яна Манкевіч з сям'ёю ў рэвізскай казцы 1795 года

Наступны дакумэнт: Вывад шляхецтва 1802 года. І сканчвае гэтае багацьце інфармацыі Пасямейныя сьпісы шляхты Бабруйскага павету 1803 года.

Ксёндз Манкевіч

Цікавую інфармацыю выявіла Марыся Белавінская за 1863 год: «Ваколіца Шацілкі, у якой каля 200 душ шляхты, у Рэчыцкім павеце, у 3-х вярстах ад мяжы Рагачоўскага павету, там ёсьць касьцёл і ксёндз, ураджэнец той жа ваколіцы Манкевіч, шляхта там каталікі даволі разьвітыя».

Гэтым ксяндзом быў Валенты Манкевіч, сын Віктара (Вінцэнта). Ён належаў да Ордэна францішканцаў, да той яго часткі, якая называецца абсэрвантамі (гата тыя, хто выконвае правілы Ордэна асабліва дакладна).

Валенты Манкевіч служыў пазьней і ў Менску. Сёньня яго надмагільная пліта знаходзіцца на старых каталіцкіх могілках каля касьцёла Сьв. Роха ў Менску.

Паўстанец Каліноўскага і літаратар

Дзякуючы Генадзю Кісялёву маем фотаздымак і зьмястоўную інфармацыю пра Яна сына Юзэфа Манкевіча. Яго лёс бліскучы і трагічны.

На судзе пасьля здушэньня паўстаньня ён даў наступныя паказаньнi: 18 гадоў, шляхціч Рагачоўскага павета, бацькоў няма, сваякi пражываюць у Старым Быхаве i ў Стара-Быхаўскiм павеце, у вёсцы Камарычы (Аляксандар i Канстантын Манкевiчы). Выхоўваўся ў Рагачоўскай шляхетнай вучэльні. У сьнежнi 1861 года паехаў у Вiльню, працаваў у кнiгарнi Маўрыкiя Аргельбранта «і перайшоў у рэдакцыю Веленскага весьніка, дзе часткова займаўся літаратурай – жыў у Адама Кіркора».

Ян Манкевіч (1845 - пасьля 1875)

Ян Манкевіч (1845 - пасьля 1875)

Пасьля выбуху паўстаньня зьбіраўся ехаць у Пiнскi павет, каб далучыцца да паўстанцаў, але не адважыўся, паехаў у Магiлёў «з мэтай знайсьці занятак, які б адпавядаў маёй праграме ў будучыні – навукам і літаратуры».

Падчас прагляду папераў крымінальнай справы Генадзь Кісялёў шукаў якога-небудзь тэксту па-беларуску.

I такi тэкст знайшоўся. Вось накiд, зроблены лацiнкай:

«Анодысь поп наш казав, што настала канчэньне сьвета, што антыхрыст

нарадзiвся якiсь Галiбарды, вельмi страшэнны, ― з хвастом i рагамi… Казав, што ён есьць народ, сто чалавек адразу, ― а часам по двесьця i болей. Нашы бабы пауцiкалi ў лес… бо то кажуць, што антыхрыст ужо блiзко!.. Найболiй баiтца поп ― бо тэй Галiбарды папоў не любя. Ест зашто!..

Колiсь то ён толькi папамi кармiвся, а народу не трогав ― мы б [неразборлiвае слова] ― а то бач i народ тлумя… Кажуць, што гэты антыхрыст дабiраетца да самага цара… Губернатар пiша ― штоб мы ваявалi… а тым часам i малы i стары до лесу а нi на вайну сабiраютца. Дый трасца яго ведае, чы не брэша толькi поп. Напiшыця нам паночкi правду [адно-два словы выкрэсьлены], бо народ пагiне не столькi ад антыхрыста, сколькi ад набору… а то мы падурэiм ― тэй брэша, тэй брэша, а хто ж на паследак правду скажа?..»

Тут накiд, на жаль, абрываецца. Як бачым, тэкст пачынаўся з казачных iнтанацый, а потым пераклiкаецца са шмат якiмi iншымi беларускiмi адозвамi таго часу, нават нейкiм чынам з «Мужыцкай праўдай», якая аддавала вялiкую ўвагу пытаньню рэкруцкага набору, абяцала казаць народу шчырую праўду.

Галоўнае ж ― мы пераканалiся ― перад намi сапраўды беларускi пiсьменьнiк са сваёй арганiчнай мовай, творчымi плянамi, жыцьцёвай «праграмай». Ён быў цiкавы Адаму Кiркору як зямляк (абодва з Магiлёўшчыны) i як лiтаратар, прадстаўнiк нешматлiкага тады беларускага Парнасу.

Усе гэтыя пляны былi перакрэсьленыя паўстаньнем.

11 лiпеня 1863 года ў крымінальнай справе зьявiўся такi неардынарны запiс: камiсiя «пераканалася, што гэты малады чалавек, пры непераможнай упартасьці ў паказаньнях ісьціны, да таго прасякнуты мяцежніцкімі задумамі, што па ўласнай яго аб'яве ў прысутнасьці камісіі не мае намеру ад іх адрачыся нават і на будучы час».

Хлопец зазнаў у сувязi з гэтай заявай нямала непрыемнасьцей, быў iзаляваны ў камеры-адзiночцы. Ваенны суд у Магiлёве асудзiў яго на катаргу. Палявы аўдытарыят у Вiльнi ў сакавiку 1864 года ўсё ж зьмякчыў кару ― саслаць на пасяленьне ў менш аддаленыя месцы Сiбiры.

Апошнi сьлед Яна Манкевiча: у 1875 годзе ён зьвяртаўся да магiлёўскага губэрнатара (адкуль ― невядома) з просьбай выслаць асабiстыя дакумэнты, узятыя ў яго пры арышце.

 Перайменаваньне Шацілак

У 1961 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў загад «Аб пераўтварэньні гарадзкога пасёлка Шацілкі ў горад раённага падпарадкаваньня і перайменаваньні Парыцкага раёна Гомельскай вобласьці». У законе было пазначана: «Пераўтварыць гарадзкі пасёлак Шацілкі Парыцкага раёна Гомельскай вобласьці ў горад раённага падпарадкаваньня, надаўшы яму найменьне – горад Сьветлагорск. Парыцкі раён Гомельскай вобласьці перайменаваць у Сьветлагорскі раён.

1961_1.webp

Такім чынам старшыня прэзідыюма Вярхоўнага Савета Казлоў пагуляўся ў вялікага князя.

Сёньня ў Сьветлагорску жыве каля 68 тысячаў чалавек, сярод якіх шмат нашчадкаў ад першага Манкевіча.

Аўтар артыкула таксама паходзіць ад легендарнага Ждана Манкевіча. Лінія атрымліваецца наступная: Ждан меў сына Васіля, той сына Мацея, той сына Амельяна, той сына Габрыэля, той сына Аляксандра, той сына Яна, той сына Антонія Манкевіча, народжанага 30 студзеня 1766 у Шацілках.

Антоні Манкевіч разам з жонкай Ганнай нарадзілі дачку Францішку ў дзявятым пакаленьні ад Ждана. Францішка пабралася шлюбам з Юзэфам Грынкевічам гербу Наліўка з ваколіцы Сапожкі. Іх дачка Ганна выйшла за Юзэфа Какашынскага ў 1857 годзе. 

Метрычны запіс пра шлюб Юзэфа Какашынскага і Ганны Грынкевіч у 1857 годзе ў Журавіцкім касьцёле. Ганна паходзіла ад легендарнага Ждана Манкевіча.

Метрычны запіс пра шлюб Юзэфа Какашынскага і Ганны Грынкевіч у 1857 годзе ў Журавіцкім касьцёле. Ганна паходзіла ад легендарнага Ждана Манкевіча.