Уладзімір Зяленскі: Мы не сыйдзем з Данбаса, бо ён — плацдарм для новага наступу на Украіну
Пуцін на сустрэчы з Дональдам Трампам, напэўна, высуне патрабаванне пра тое, каб Украіна сышла з Данецкай вобласці. Уладзімір Зяленскі катэгарычна супраць гэтага, і зразумела, чаму: там знаходзяцца абарончыя рубяжы, якія Расія не можа ўзяць ад пачатку ўварвання. Згубіць іх — нанесці сур'ёзны ўдар па абароне Украіны. Ідуць 1267-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За ўчора ва Украіне зафіксавана 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 13 жніўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Папова Яру, Маяка, Рубежнага, Калодзежаў, Ніканораўкі, Котліна, Новаэканамічнага, Зверава, Удалага, Лісоўкі, Радзінскага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку УСУ адбілі 28 атак расійцаў ў раёнах Дачнага, Шаўчэнкі, Новаўкраінкі, Зоркі, Вольнага Поля, Аляксандраграда, Талстога, Мірнага, Маліеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 23 разы, спрабуючыц прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Мірнага, Зарэчнага, Карпаўкі, Торскага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 17 боесутыкненняў. На Купянскім і Северскім кірунках за мінулыя суткі адбылося па восем атак расіян на кожным.
Па шэсць атак расіян на кожным зафіксавана на Тарэцкім і Прыдняпроўскім кірунках.
* * *
У ноч на 13 жніўня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у некалькіх населеных пунктах Данецкай вобласці. Паводле звестак DeepState, расійскія падраздзяленні прасунуліся ў Ніканараўцы, Шчарбінаўцы і паблізу Пятроўкі ў Данецкай вобласці.
У Генштабе УСУ запэўніваюць, што сілы абароны Украіны прымаюць дзейсныя меры, каб спыніць прасоўванне праціўніка на Дабрапольскім і Пакроўскім кірунках. Паведамляецца, што 1-шы корпус НГУ «Азоў» заняў пэўную паласу абароны на Пакроўскім кірунку. Паводле звестак СМІ, гаворка ідзе пра ўчастак у кірунку Дабраполля і дарогі Дабраполле — Краматорск.
У той жа час аналітыкі DeepState паведамілі, што ўкраінскія войскі паспяхова зачысцілі наваколлі Стэпнагорску ў Запарожскай вобласці ад сіл расійцаў.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўважае за мэту расійскага прарыву паблізу Дабраполля на Пакроўскім кірунку стварэнне інфармацыйнага фону перад сустрэчай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і лідара Крамля Уладзіміра Пуціна 15 жніўня.
«Групы расійцаў, без тэхнікі, прасунуліся на блізу 10 км у некалькіх пунктах. Некаторыя ўжо знойдзеныя, часткова знішчаныя, часткова — узятыя ў палон. Іншых таксама знойдзем і знішчым найбліжэйшым часам», — паабяцаў Зяленскі.
«Задача гэтага прасоўвання нам зразумелая: да 15 жніўня (дата сустрэчы Трампа і Пуціна) сфармаваць пэўны інфармацыйны фон, асабліва ў амерыканскай прасторы, што Расія прасоўваецца наперад, а Украіна губляе тэрыторыі», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
* * *
Таксама Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ўзброеныя сілы Украіны вызвалілі 6 з 18 акупаваных вёсак або важных пунктаў у Сумскай вобласці, у двух пунктах выйшлі на мяжу з РФ. Акрамя таго, сілы абароны Украіны захоўваюць пазіцыі ў Запарожскай вобласці і прасунуліся на 1 км углыб пазіцый расійцаў у Луганскай вобласці.
* * *
У ноч на 13 жніўня Расія атакавала Украіну 49-цю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў, а таксама 2-ма балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/KN-23. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 34 мэты: 2 балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23 і 32 варожыя БПЛА.
Раніцай, 13 жніўня, расійцы паскардзіліся, што НПЗ у Славянску-на-Кубані (Краснадарскі край) падвергнуўся нападу беспілотнікаў. У горадзе размешчаны нафтаперапрацоўчы завод «Славянск Эка». Беспілотнікі атакавалі гэты НПЗ ужо некалькі разоў за апошнія паўтары гады.
* * *

* * *
Пуцін гатовы толькі на кароткатэрміновае перамір'е з Украінай, піша The Wall Street Journal. Выданне адзначае, што сустрэча Трампа і Пуціна 15 жніўня на Алясцы можа быць карыснай, але і рызыкоўнай, калі няма выразна акрэсленага пагаднення. Трывогу выклікала змяненне пазіцыі Трампа: пасля ўльтыматуму Расіі, які завяршыўся 8 жніўня, ён не ўжыў жорсткіх захадаў, а замест гэтага накіраваў спецпасланніка Стыва Уіткафа ў Маскву. Пазней у медыя з'явілася інфармацыя аб магчымых дамоўленасцях па абмене тэрыторыямі паміж Украінай і Расіяй.
Паводле адной з версій, Крэмль гатовы пагадзіцца на спыненне агню пры ўмове, што Украіна аддасць усю Данецкую вобласць, уключаючы раёны, якія цяпер не кантралюе Расія. У той жа час Кіеў мог бы вярнуць некаторыя акупаваныя тэрыторыі, аднак падрабязнасці застаюцца невядомымі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо адхіліў гэты план, падкрэсліўшы ненадзейнасць абяцанняў Пуціна.
Аўтары выдання лічаць, што Пуцін не зацікаўлены ў захаванні незалежнасці Украіны і мае на мэце інтэграцыю краіны ў склад Расіі. Ён можа пагадзіцца толькі на кароткатэрміновае перамір'е, выгаднае Маскве. Сапраўдны мір, на думку экспертаў, магчымы толькі тады, калі вайна будзе ўяўляць пагрозу самому палітычнаму выжыванню Пуціна.
* * *
Расія патрабуе, каб Украіна саступіла стратэгічна важную неакупаваную тэрыторыю ў Данецкай вобласці. У абмен на гэтую прапанову Расіі няма чаго аддаць такога ж па важнасці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле звестак ISW, прапанова Пуціна патрабуе ад Украіны саступіць крытычную абарончую пазіцыю, для хуткай акупацыі якой расійскія войскі не маюць магчымасцяў. У абмен Масква не прапануе нічога.
Дакладныя ўмовы пазіцыі Пуціна застаюцца незразумелымі, але вядома, што Расія патрабуе саступіць неакупаваную частку Данецкай вобласці. Менавіта ў гэтай частцы знаходзіцца ўкраінскі «пояс крэпасцяў» — умацаваныя буйныя гарады і населеныя пункты, якія распасціраюцца з поўначы на поўдзень па трасе Н-20 Канстанцінаўка-Славянск. Даўжыня пояса складае 50 кіламетраў.
«Няздольнасць Расіі захапіць Славянск у 2022 годзе і барацьба за ахоп пояса крэпасцяў падкрэсліваюць поспех доўгатэрміновых намаганняў Украіны ўмацавання гарадоў гэтага пояса. Расійскія войскі цяпер усё яшчэ спрабуюць акружыць пояс крэпасцяў з паўднёвага захаду і спрабуюць захапіць яго, што, імаверна, зойме некалькі гадоў», — адзначаюць у ISW.
Саступка гэтай частцы Данецкай вобласці «проста так» забяспечыць расійскім войскам вельмі выгадныя пазіцыі для наступу на Днепрапятроўскую і Харкаўскую вобласці, абарону якіх нельга стварыць хутка, уважаюць у ISW.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не дапускае магчымасць сыходу ўкраінскіх войскаў з неакупаванай часткі Данецкай вобласці як перадумову для поўнага спынення агню.
«Мы не сыдзем з Данбаса. Мы не можам гэтага зрабіць. Данбас для расійцаў — гэта плацдарм для будучага новага наступу. Некалькі гадоў — і ў Пуціна будзе адкрыты шлях і на Запарожскую, на Днепрапятроўскую вобласці, на Харкаў. Цяпер хочуць падарыць ім прыкладна 9 тысяч квадратных кіламетраў, гэта блізу 30% усёй Данецкай вобласці (памер неакупіраванай тэрыторыі), і гэта плацдарм для новай агрэсіі», — заявіў Зяленскі.
Па словах Зяленскага, украінская пазіцыя застаецца нязменнай: спачатку спыненне агню, потым — вядзенне перамоў па астатніх пытаннях. Тэрытарыяльныя пытанні не могуць абмяркоўвацца без удзелу Украіны.
* * *
Латвія возьме ўдзел у закупцы зброі для Украіны праз механізмы NATO. Прэм'ер-міністр краіны Эвіка Сіліня пацвердзіла ўдзел Латвіі ў адпаведнай ініцыятыве Альянсу, паведамляе Liepajniekiem.lv. У прыватнасці, гаворка ідзе пра сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Латвія плануе ўнесці не менш за 2 мільёны еўра, хоць канчатковая сума фінансавання будзе вызначаная пазней.