Невядомы Крычаў. Новыя знаходкі краязнаўцаў — унікальныя фота і дакументы

Краязнаўцы з усходнебеларускага Крычава запусцілі цікавы праект пад назвай «Невядомы Крычаў». Сабраныя матэрыялы адносяцца да першай паловы ХХ стагоддзя, у асноўным перадваеннага і ваеннага часу. Гэта ўнікальныя фотаздымкі, рарытэтныя дакументы і ўспаміны людзей, якія перажылі вайну і акупацыю Крычава войскамі Трэцяга Рэйха. 

Нямецкі жаўнер пад мостам вуліцы Шашэйнай, 1941-142 гг. Крыніца — ebay.de

Нямецкі жаўнер пад мостам вуліцы Шашэйнай, 1941-142 гг. Крыніца — ebay.de

Найперш трэба адзначыць шэраг унікальных нямецкіх здымкаў часоў акупацыі горада, што паказваюць як выглядаў Крычаў у тыя часы, прычым яны адлюстроўваюць розныя раёны горада. Напрыклад, адной з самых цікавых фатаграфій з’яўляецца здымак нямецкага жаўнера, які зафіксаваў мост цэнтральнай дарогі старога Крычава, якая вяла да палаца Пацёмкіна-Галынскіх. На фотаздымку (датаваць яго можна 1941-м або 1942-м годам) можна ўбачыць нямецкага жаўнера, які пазіруе якраз на фоне драўлянага моста, што звязвае розныя часткі цэнтральнай вуліцы старога горада. На здымку  немец «фоткаецца» пад мостам, верагодна, каля нейкага калодзежа, які меў драўляны навес і агароджу. Каштоўнасць здымка ў тым, што ён дазваляе зблізу ўбачыць драўляны мост, які на іншых дарэвалюцыйных здымках не так добра бачны. Фота важна і ўнікальна, бо цяпер моста няма: у савецкія часы прорва была засыпана і драўляная пераправа перастала быць актуальнай.  

Глядзіце таксама

Прыродныя краявіды таксама прыцягвалі ўвагу нямецкіх жаўнераў, асабліва галоўная водная артэрыя Крычава — рака Сож. Захаваўся панарамны здымак немца Kleinbahna Soscha, які зафіксаваў, што ў 1942 годзе ў Крычаве па рацэ хадзіў водны транспарт. Што цікава, фота было падпісана як «Kritschew, Russland». Мусіць некаторыя немцы нават і не падазравалі аб існаванні Беларусі і тое, што Крычаў — гэта ўсходнебеларускі горад. Дарэчы, па ўспамінах старажылаў горада, Сож у даваенны час быў суднаходнай ракой, якой цяпер не з'яўляецца. Рачныя краявіды сапраўды прыгожыя і нездарма прыцягнулі вока ўважлівага немца. 

Панарамны здымак Сожа немца Kleinbahna Soscha, 1942 год. Крыніца — ebay.de

Панарамны здымак Сожа немца Kleinbahna Soscha, 1942 год. Крыніца — ebay.de


Яшчэ адзін здымак прыродных краявідаў быў знойдзены на сайце нямецкага «Турэмнага мемарыяла» (Zellentrakt Gedenkstätte), прысвечанага разнастайным тэмам Другой сусветнай вайны. На ім у падраздзеле «Палявыя лісты і фотаальбомы» быў адшуканы ў электронным варыянце фотаальбом маладога нямецкага афіцэра Генрыха Біена, які падрабязна фіксаваў разнастайныя ваенныя падзеі і выгляд жыхароў розных гарадоў і краінаў, захопленных войскамі Трэццяга Рэйха.

Глядзіце таксама

Сярод шматлікіх фота можна знайсці і прыродны краявід на тэрыторыі горада з подпісам «bei Kritschew» («у Крычаве»). Гэты здымак невялікі, але таксама фіксуе прыгожы краявід, верагодна ў ваколіцах ракі Сожа. Прычым акцэнт на фота быў зроблены хутчэй на прыгожых аблоках, чымся на рацэ, якая бачна толькі недзе ў далечыні, на заднім фоне і тое, не зусім відавочна. 

Прыродныя краявіды на тэрыторыі Крычава. З фотаальбома Генрыха Біена. Крыніца — zellentrakt.de

Прыродныя краявіды на тэрыторыі Крычава. З фотаальбома Генрыха Біена. Крыніца — zellentrakt.de


Не менш цікавым з’яўляюцца і фота, што былі зроблены нямецкімі жаўнерамі ў раёне чыгуначнага вакзала. Яны таксама дастаткова інфарматыўныя і адкрываюць нам некалькі цікавых фактаў, звязаных з акупацыяй Крычава. 

Вертыкальнае фота, зробленае ў раёне вакзала, выглядае нават будзённа: два нямецкіх жаўнера абняўшыся, вырашылі сфоткацца на фоне шыльды, якая пазначае назву паселішча. Дакладны час здымка складана вызначыць, але быў ён зроблены недзе ў 1941-1943 гг., а гэта значыць у час акупацыі горада нямецкім войскам. Нягледзячы на тое, што фота простае, яно досыць інфарматыўнае. Цэнтральным аб'ектам на здымку з'яўляецца шыльда, бо менавіта па ёй можна вызначыць, што немцы фатаграфаваліся ў раёне чыгуначнага вакзала горада. На шыльдзе бачна нямецкамоўная назва чыгуначнай станцыі «Kritschew I», а гэта ў сваю чаргу сведчыць, што найменне горада перакладалася з рускай, а не беларускай мовы — Кричев. 

Сам здымак мае нізкую мастацкую якасць, бо атрымаўся ён размытым, твары жаўнераў не бачныя. Тым не менш фота досыць цікавае. Праўда, мясца, дзе была зроблена фатаграфія, сёння надзвычай цяжка знайсці, бо на здымку няма аб'ектаў, да якіх можна было б прывязацца і вызначыць лакацыю ў раёне сучаснага чыгуначнага вакзала Крычава. 

Два намецкіх жанера пад шыльдай Kritschew I. Крыніца — ebay.de

Два намецкіх жанера пад шыльдай Kritschew I. Крыніца — ebay.de

Дарэчы, менавіта на тэрыторыі вакзала ў часы акупацыі знаходзілася сталовая, хутчэй за ўсё для нямецкіх жаўнераў і персанала, які іх абслугоўваў. Здымка будынку вакзала ў часы акупацыі яшчэ не знойдзена, аднак ёсць фота 1922 года. Можна меркаваць, што драўляны вакзал з тых часоў і да пачатку вайны асабліва не змяніўся.


Чыгуначны вакзал у Крычаве, 1922 г. Крыніца — krichev.gov.by/hist-old

Чыгуначны вакзал у Крычаве, 1922 г. Крыніца — krichev.gov.by/hist-old


Па ўспамінах крычаўляніна Крыжэвіча Васіля Фаміча (1929 г.н.): «На вакзале пряма сталовая была. Заходзіш і давалі есць. Я раза два, помню, еў. А там жа на вакзале станцыя была дзеревянная? — Да, дзеревянная была, вакзал».  

Даследаванне крычаўскіх краязнаўцаў таксама паказала, што падчас вайны пацярпела і сакральная архітэктура, а менавіта праваслаўныя храмы горада: Іллінская і Свята-Мікалаеўскія цэрквы. Іллінская царква, ад якой сёння застаўся толькі невялікі фрагмент сценкі будынка, знаходзілася на могілках па сённяшняй вуліцы Чэхава. Судзячы па кавалку былога будынка, які верагодна адносіцца да ХІХ стагоддзя, царква была цаглянай альбо часткова цаглянай з драўлянай часткай. Магчыма гэта адзін са старадаўніх помнікаў з чырвонай цэглы-плінфы, што размяшчаліся з кожнага боку царквы на невялікай адлегласці. Менавіта ў ХІХ стагоддзі храм зрабіўся праваслаўным (дагэтуль быў уніяцкім) і быў перабудаваны і ўдасканалены. У 1940 годзе з храма зрабілі цвіковы (па іншай інфармацыі — маслабойны) цэх. Будынак сакральнай архітэктуры быў разбіты падчас баёў за Крычаў, магчыма ў выніку патраплення ў храм авіяцыйнай бомбы. 

 Рэшткі Іллінскай царквы на гарадскіх могілках па вуліцы Чэхава ў Крычаве. Фота А.Кузьміна.

 Рэшткі Іллінскай царквы на гарадскіх могілках па вуліцы Чэхава ў Крычаве. Фота А.Кузьміна.


З успамінаў крычаўляніна Крыжэвіча Васіля Фаміча пра царкву на могілках: «У нас цэрьква стаяла дажэ здзесь вон на кладбішчы, деревянная. Я ешчэ в ней захадзіў, пацаном быў. Патом ужэ вайна началась і яе спалілі немцы, папала бомба сюды у яе, яе узарвала усю. І палучілась кулдобіна такая, ямка».


Іншы лёс напаткаў Свята-Мікалаеўскую царкву, што лакалізуецца на старадаўнім гарадзішчы Крычава — Замкавай гары. Пабудавана новая царква была ў ХІХ стагоддзі, хоць існавала на гарадзішчы з даўніх часоў. Адметна, што драўляны праваслаўны храм у час вайны не пацярпеў і захаваўся. Аднак пасля вызвалення Крычава ўжо ў 1944 годзе царква была спалена. Хадзілі чуткі, што гэта было зроблена фанатыкам-атэістам, якіх масава выхоўвала савецкая дзяржава ў міжваенны час.

Глядзіце таксама

Адразу пасля пажару гараджане пачалі аднаўляць царкву. У вёсцы Лабковічы быў набыты драўляны дом, разабраны і сплаўлены па Сожы да Замкавай гары. На сённяшні дзень драўляная праваслаўная царква з'яўляецца адметным помнікам беларускага народнага дойлідства.

Свята-Мікалаеўская царква на Замкавай гары ў Крычаве. Крыніца — be.wikipedia.org. 

Свята-Мікалаеўская царква на Замкавай гары ў Крычаве. Крыніца — be.wikipedia.org. 


Не менш важнымі і цікавымі ў гістарычным праекце з’яўляюцца дакументы. Напрыклад, пасведчанне аб шлюбе ў красавіку 1945 года, калі яшчэ не скончылася Другая сусветная вайна. А ў вызваленым Крычаве (горад вызвалілі 30 верасня 1943 года) ужо ва ўсю святкуюць вяселлі і наладжваюць мірнае і звыклае жыццё. Хоць і ў часы вайны і акупацыі святкавалі радзіны і вяселлі, адпраўлялі хаўтуры і службы, бо прырода чалавека мала змяняецца нават у самых складаных умовах.


Пасведчанне аб шлюбе 17 красавіка 1945 год. Крыніца — ay.by

Пасведчанне аб шлюбе 17 красавіка 1945 год. Крыніца — ay.by


Яшчэ большую цікавасць уяўляе беларускамоўны дакумент 1938 года, у якім жыхарка Крычава Гнедко Наталля Кандрац’еўна просіць у мясцовага райаддзела ўладкавацца на працу ў дзіцячыя яслі. Пры гэтым яна адзначае, што скончыла пяцімесячныя курсы і нават паступіла ў педінстытут, але па сямейных абставінах не змагла паехаць вучыцца. Дакумент з прыватнага архіва натуральна цікавы і рарытэтны, аднак не з’яўляецца вялікай рэдкасцю. 


 Заява Наталлі Гнедко ў крычаўскі раённы аддзел на беларускай мове. 1938 г. З прыватнага архіва. Крыніца — інстаграм-старонка «Невядомы Крычаў». 

 Заява Наталлі Гнедко ў крычаўскі раённы аддзел на беларускай мове. 1938 г. З прыватнага архіва. Крыніца — інстаграм-старонка «Невядомы Крычаў»


Цікавым з’яўляецца і машынапісны дакумент, у якім нямецкі капітан з палявога паста паведамляе некай фрау Арндт аб смерці яе брата. Паводле дакументу, гэта адбылося 30 кастрычніка 1943 года прыкладна ў 45 кіламетрах ад Крычава каля вёскі Кузьмінічы (сённяшні Чавускі раён). Крычаў (Kritschew) тут толькі згадваецца як добрая геаграфічная прывязка, хоць горад у той час ужо быў вызвалены савецкім войскам. Дарэчы, менавіта ў той час адбываліся моцныя і кровапралітныя баі на рацэ Проне, дзе і знаходзілася вёска, што пазначана ў лісце. 

Машынапісны ліст з нямецкага палявога паста аб смерці жаўнера Эрыха Памплуна. Крыніца — інстаграм-старонка «Невядомы Крычаў». 

Машынапісны ліст з нямецкага палявога паста аб смерці жаўнера Эрыха Памплуна. Крыніца — інстаграм-старонка «Невядомы Крычаў»


Такім чынам, знойдзеныя шэраг разнастайных дакументаў, якія з розных бакоў паказваюць даваеннае і ваеннае жыццё Крычава, а таксама адлюстроўваюць тэму паўсядзённасці няпростых часоў ХХ стагоддзя на прыкладзе аднаго ўзятага горада і яго жыхароў.