"Не было такой сілы, каб спыніць нас". Сёння — гадавіна Варшаўскага паўстання
У гадавіну Варшаўскага паўстання ўдзельнік, Януш Максімовіч, якому на той час было толькі 14 гадоў, прыгадвае, як гэта было.
Жаданне адпомсціць за гады нямецкай акупацыі, але разам з тым страх перад колькасцю пралітай крыві – так успамінаюць момант пачатку Варшаўскага паўстання 1 жніўня 1944 года яго ўдзельнікі размове з Польскім радыё.
Варшаўскае паўстанне — гэта не толькі адна з гераічных старонак гісторыі, але і вялікая трагедыя. Настолькі вялікая, што і ў той час, і цяпер зʼяўляецца пытанне пра мэтазгоднасць збройнага паўстання.
Януш Максімовіч «Янош» удзельнічаў у паўстанні ў складзе штурмавой роты Арміі Краёвай. Тады ён быў 14-гадовым падлеткам, які, як і многія яго аднагодкі, бачыў усю жорсткасць акупацыі:
— Пасля пяці гадоў прыніжэнняў і ўсяго, што з гэтым звязана, здарыўся гэты нацыянальны ўздым. Мяне часта пытаюць, правільна гэта было ці не. Асабіста я лічу, што гэта было абсалютна правільна, таму што была каманда, былі прафесійныя афіцэры, якія гэтым кіравалі. У 1944 годзе, калі грымнулі артылерыйскія стрэлы і набліжаўся фронт, не было такой сілы, каб спыніць гэтых маладых людзей.
Па загадзе камандуючага Арміі Краёвай генерала Тадэвуша Камароўскага «Бора» 1 жніўня 1944 года ў 17 гадзін — у так званую гадзіну «W» — распачалося Варшаўскае паўстанне, мэтай якога было вызваленне сталіца ад нямецкай акупацыі да прыходу Савецкай Арміі.
Паўстанне, якое павінна было доўжыцца некалькі дзён, капітулявала толькі на пачатку кастрычніка — пасля 63 дзён зацятай і крывавай барацьбы.
"Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, мудры вождзь і настаўнік працоўных усяго свету, даў загад Чырвонай Арміі пачакаць калі немцы раздавяць паўстанне, таму што на яго чале стаялі тыя, хто не хацеў каб Польшча была савецкай марыянеткай. Чакаць Саветам давялося 63 дні", — пісаў Андрэй Пачобут у 2010 годзе.
Нагадаем, удзельнік паўстання, генерал Збігнеў Сцібар-Рыльскі, які памёр ва ўзросце 101 года, прыгадваў некалькі гадоў таму: «1 жніўня стала доўгачаканым днём свабоды». «Гэта была вялікая радасць, вялікая эйфарыя. Я памятаю, як пасля атрымання зброі мы з сябрамі ішлі па вуліцы. У нас былі аўтаматы, пісталеты. І ў першыя гадзіны мы сапраўды адчувалі сябе свабоднымі. Упершыню цягам некалькіх гадоў жыхары сталіцы змаглі адчуць сябе палякамі», – успамінаў генерал.
Паводле Сцібара-Рыльскага, у тыя гадзіны Варшава і сапраўды была свабодная: паўсюль у вокнах і на балконах луналі польскія бела-чырвоныя сцягі. Збігнеў Сцібар-Рыльскі быў найстарэйшым удзельнікам паўстання ў званні генерала: ён быў брыгадным генералам (генерал-маёр паводле беларускай вайсковай наменклатуры. — рэд.).
У выніку загінулі ад 16 да 18 тысяч салдат Арміі Краёвай і каля 200 тысяч мірных жыхароў польскай сталіцы. Цэнтральная частка Варшавы была цалкам знішчана немцамі.
1 жніўня ў памяць пра герояў Варашўскага паўстання ў сталіцы і іншых гарадах Мазоўша ў гадзіну «W» прагучыць вайсковая сірэна.