Сваю хлусню пра «экскурсію «вагнераўцаў» у Варшаву і Жэшуў» Лукашэнка назваў «жартам»
1 жніўня Лукашэнка выправіўся ў Камянецкі раён, каб «пракантраляваць» ход сельскагаспадарчых работ. У аграгарадку Белавежскі ён зрабіў тое, дзеля чаго ўласна і прыехаў: зладзіў традыцыйны стэндап на актуальныя тэмы. У ролі гледачоў выкарысталі мясцовую масоўку, якую «арганізавалі» з нагоды візіту «першай асобы».
Тое, што выступленні Лукашэнкі не варта ўспрымаць усур’ёз, даўно вядома. Сёння ён кажа адно, заўтра другое — часта супрацьлеглае, да гэтага ўсе даўно прывыклі.
Але сёння
Лукашэнка фактычна прызнаў сваю ж хлусню.
24 ліпеня падчас
чарговай сустрэчы з Пуціным ён выказаўся наконт настрояў наймітаў ПВК «Вагнер», якія зараз базіруюцца ў Беларусі, галоўным чынам, у вёсцы Цэль Асіповіцкага
раёна.
«Можа, і не трэба было гаварыць. Але скажу, што нас пачалі напружваць «вагнераўцы». Просяцца на Захад: "Дазвольце нам!" Я кажу: "Вам навошта на Захад туды?" — "Ну, сходзім на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў". Ну і ў ціхую... Мы ж кантралюем, што адбываецца».
«А Жэшуў для іх непрымальны. Калі яны ваявалі пад Арцёмаўскам (так, на расійскі капыл, Лукашэнка называе Бахмут. — «НЧ»), яны ж ведаюць, адкуль ішла вайсковая тэхніка. У іх вось гэта ўнутры сядзіць: Жэшуў — гэта бяда. Вядома, я трымаю іх у цэнтры Беларусі, як дамовіліся. Не хацелася б туды іх перадыслацыраваць. Таму што ў іх настроі дрэнныя. І, трэба аддаць належнае, яны ведаюць, што адбываецца вакол Саюзнай дзяржавы», — дадаў аўтар вядомага мема пра «чатыры пазіцыі».
Здавалася б,
сказаў і сказаў. У Польшчы ўспрынялі сур’ёзна, перакінулі да меж з Беларуссю колькі
вайсковых злучэнняў, бо ці мала што. Так і трэба дзейнічаць, гэта закон
аператыўнага рэагавання. Але ў цэлым з лукашэнкаўскіх слоў больш пасмяяліся, паколькі
колькі б тых «вагнераўцаў» ні было — усе ведаюць, што з’явіся яны на тэрыторыі NATO, іх хутка знішчаць. Тым больш польская армія на
сёння з’яўляецца адной з найбольш баяздольных у Еўрасаюзе.
І вось нечакана,
у гэтым самым Камянецкім раёне, Лукашэнка чамусьці вырашыў вярнуцца да тэмы.
Сказаў: «Я пажартаваў, што "вагнераўцы" паміж сабой шушукаюцца: на экскурсію ў
Жэшуў сходзім».
Праўда, у працяг Лукашэнка зноў завёў старую кружэлку: «Тэхніка і ўзбраенні ішлі з Жэшува туды, дзе пад Арцёмаўскам (Бахмутам) ваявалі гэтыя «вагнераўцы». Там загінулі тысячы іх хлопцаў. І яны гэтага ім не даруюць».
Потым галоўны беларускі
стэндапер выкруціў так, што Варшава, маўляў, яшчэ і дзякаваць яму павінна.
«Хай яшчэ скажуць беларусам і мне дзякуй за тое, што мы
запрасілі да сябе гэтых байцоў. А гэта не адна тысяча. Я нават не хачу называць. Усяго сёння ў іх пад
кантролем больш за 30 тысяч чалавек. Гэта хлопцы, зараджаныя на вайну,
пакрыўджаныя. Шмат скалечаных, загінулых. Яны, што, даруюць? Не даруюць. Таму
хай моляцца, што мы трымаем іх, яшчэ неяк забяспечваем. У адваротным выпадку
яны без нас бы пратачыліся туды і ўламалі б так гэтаму Жэшуву і Варшаве, што мала б не здалося.
Таму мяне папракаць не трэба, а хай скажуць дзякуй», — заявіў Лукашэнка.
То-бок атрымліваецца, што ён цяпер абараняе Захад ад
«вагнераўцаў». Учора абараніў ад іх Пуціна, цяпер — Польшчу. На чарзе, відаць, Украіна.
Зрэшты, відавочна, што і тут Лукашэнка «пажартаваў», бо сто гадоў тым
«вагнераўцам» патрэбна тое NATO. Яны восем месяцаў не маглі ўзяць Бахмут і добра ведаюць,
што «экскурсія» ў Жэшуў будзе падарожжам у адзін канец.