Сябар Лукашэнкі, бізнесовец Гуцэрыеў, пастаўляе наймітаў у войска РФ для вайны ва Украіне

Кампаніі, што належаць падсанкцыйным расійскім мільярдэрам, якія самі не знаходзяцца пад санкцыямі, залічаюць у свае штаты добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Пра гэта ў сваім расследаванні распавялі «Важныя гісторыі».

Фота прэс-службы Лукашэнкі

Фота прэс-службы Лукашэнкі

Расследавальнікі высветлілі, што вярбоўкай расійцаў займаюцца прадпрыемствы Алега Дзерыпаскі, Леаніда Міхельсона, Генадзя Цімчанкі, Сяргея Гардзеева, Міхаіла Гуцэрыева і іншых бізнесоўцаў.

Тое, як менавіта адбываецца вярбоўка добраахвотнікаў, выданне паказала на прыкладзе прадпрыемства «Русал», якое належыць Дзерыпаску. Яно было выведзена з-пад санкцый Захаду, калі мільярдэр зменшыў сваю долю ў кампаніі, зрабіўшы яе ніжэйшай за кантрольную.

«Русал», як сцвярджаюць расследавальнікі, збірае жадаючых у афіляваны ЧОП «Руслан» (або іншую структуру на ўзровень ніжэй), а затым наваспечаны супрацоўнік падпісвае кантракт з Мінабароны РФ.

Дзеянне працоўнай дамовы прыпыняюць — так у кампаніі ёсць магчымасць «плаціць прэміі», а наймітаў адпраўляюць у добраахвотніцкія батальёны, якія фактычна з'яўляюцца часткай расійскай арміі. У выпадку з «Русалам» Дзерыпаскі гэта добраахвотніцкі батальён «Сокал».

Кампаніі-вярбоўшчыкі, як удакладняюць журналісты, абяцаюць кожнаму добраахвотніку выплаты ад 200 тысяч рублёў дадаткова да грашовага забеспячэння ад Мінабароны РФ. Гэтыя дадатковыя сродкі наймітам выплачваюць спецыяльна створаныя фонды.

Па аналагічнай схеме вярбуе наймітаў «Наватэк» Леаніда Міхельсона: добраахвотнікам выплаты налічваюць праз фонд «Мужнасць», зарэгістраваны восенню 2022 года. «Амаль усе ахвяраванні, якія фонд атрымаў за першыя тры месяцы свайго існавання, прыйшлі ад «Наватэка» — больш за 200 млн рублёў», — адзначаюць журналісты.


Глядзіце таксама

Раней расійскія выданні распавядалі аб працы такой схемы ў дзяржаўных кампаніях. «Як аказалася, прыватныя ад іх нічым не адрозніваюцца», — робяць выснову расследавальнікі.

Вярбоўкай добраахвотнікаў праз расійскія дзяржаўныя і прыватныя кампаніі Мінабароны РФ пачало займацца ў чэрвені 2023 года. Тады на сайтах пошуку працы сталі з'яўляцца аб'явы аб наборы на службу па кантракце ад кампаній, ніяк не звязаных з ваенным ведамствам. Гэта, як адзначалі журналісты, было выклікана тым, што прадпрыемствы атрымалі рэкамендацыі адпраўляць на фронт уласных супрацоўнікаў, аднак жадаючых аказалася няшмат.

Недахоп вайскоўцаў на фронце ва Украіне расследавальнікі звязваюць з тым, што ў пачатку лета, як заяўляў старшыня камітэта Дзярждумы па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Павел Крашаніннікаў, прыватныя ваенныя кампаніі страцілі магчымасць заключаць кантракты з асуджанымі. Раней іх масава вербавала тая ж ПВК «Вагнер». Цяпер гэтым займаецца толькі Міністэрства абароны РФ.

Міхаіл Гуцэрыеў — даўні сябар і кампаньён Лукашэнкі. Беларускага дыктатара і расійскага бізнесоўца на працягу многіх гадоў звязваюць шматлікія супольныя праекты і бізнесовыя схемы.

21 чэрвеня 2021 года Гуцэрыеў быў уключаны ў санкцыйны спіс ЕС, паколькі «атрымлівае выгаду і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі». Санкцыі былі ўведзены пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі і інцыдэнту з пасадкай Boeing 737 у Мінску. Санкцыі ўключаюць забарону на ўезд у краіны ЕС і замарожванне персанальных актываў у іх.

6 ліпеня 2021 года да санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя. 7 ліпеня Швейцарыя абвясціла, што далучаецца да санкцыйнага спісу Еўрасаюза, 9 жніўня 2021 года санкцыі супраць Гуцэрыева ўвяла Вялікабрытанія.