Латушка распавёў падрабязнасці пра новы пакет санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі

Еўрасаюз падрыхтаваў новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Канкрэтныя дэталі санкцыйнага пакета пакуль невядомыя, але тычыцца яны будуць ваенна-прамысловага комплексу і супрацы з Расіяй.

_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg_logo_1.webp

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па пытаннях транзіту ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка расказаў «Белсату», што новы пакет перадусім прадугледжвае частковую гарманізацыю санкцый адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і Расійскай Федэрацыі – гэта і было адной з галоўных мэтаў АПК і НАУ.

«Без гарманізацыі санкцыйнай палітыкі санкцыі не будуць мець таго эфекту, на які яны разлічаныя», – тлумачыць Латушка.

Пакет санкцый, падкрэслівае Латушка, быў уведзены ў сувязі з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яны тычацца ваенна-прамысловага комплексу, авіяцыйнай сферы. Пакет прадугледжвае таксама персанальныя санкцыі – Латушка чакае, што ў ім будзе звыш 30 імёнаў асобаў, датычных да дапамогі ў Крамлю ў вайне ва Украіне і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Другая мэта, працягвае ён, была ў тым, каб не дапусціць выключэння з-пад санкцыяў або змяншэння аб’ёму санкцый адносна паставак калійных угнаенняў з Беларусі ў трэція краіны.

Раней Латушка расказваў, што Партугалія лабіявала адмену санкцый на беларускія калійныя ўгнаенні дзеля паставак тых на еўрапейскі рынак, матывуючы гэта значным ростам цэн на ўгнаенні, што правакуе рост цэн на харчы. Але цэны ўпалі, значныя зніжкі нядаўна атрымалі Кітай ад Канады і Індыя ад Расіі. Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай, пазней адзначаў, што ідзе гаворка не пра адмену санкцый, а пра іх змякчэнне – каб дазволіць транзіт угнаенняў праз тэрыторыю Еўрапейскага саюза.

«Нам удалося прайсці праз гэтую перашкоду, – расказвае Латушка. – І гэта вельмі важна, што гэтае пытанне было пакінута ў баку, санкцыйны пакет быў прыняты, заакцэптаваны 27 краінамі Еўрапейскага саюза. На гэта быў патрачаны найвелізарнейшы рэсурс, вялікая колькасць дакументаў, аналітыкі, аргументаў, сустрэч, лістоў як прадстаўнікам Партугаліі, так і іншых краін ЕС, у саму Еўрапейскую камісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў».


Глядзіце таксама

Што менавіта будзе ў санкцыйным пакеце, стане вядома пасля афіцыйнай публікацыі, якую Латушка чакае бліжэйшымі днямі. Пасля гэтага можна будзе ацэньваць сумы стратаў уладаў Беларусі, заўважае ён.

Але, працягвае Латушка, калі казаць пра эмбарга на вайскова-прамысловую супрацу і афіцыйную сферу, гаворка відавочна не пра сотні тысяч, а пра мільёны долараў экспарту і імпарту Расійскай Федэрацыі, які праходзіць праз Беларусь.

Раней прадстаўнік Літвы ў Еўрасаюзе Арналдас Пранцкявічус расказваў, што ў пакеце санкцый адносна Беларусі – абмежаванні на тэхніку падвоенага прызначэння, якая можа быць выкарыстаная на полі бою і на авіяцыйныя тавары, а таксама персанальныя санкцыі. Разам з тым ЕС ухваліў працяг індывідуальных санкцый супраць 1800 расійскіх фізічных і юрыдычных асоб на яшчэ паўгода, адзначыў Пранцкявічус.

Адсутнасць змякчэння санкцый па каліі – сапраўды пытанне на мільёны долараў. Агулам Беларусь можа за год экспартаваць звыш 10 млн тонаў калійных угнаенняў (як было ў 2019 годзе – да выбараў і санкцый). У грашовым вымярэнні экспарт можа перавышаць 2,5 млрд долараў на год.