Еўрасаюз не здыме санкцый з беларускага калію, а яшчэ ўвядзе новыя

Еўрасаюз вырашыў не скасоўваць санкцыі адносна беларускіх калійных угнаенняў. Пра гэта паведамляе «Свабода» са спасылкай на крыніцы свайго еўрапейскага рэдактара.

_belarus_ekanomika_pradpryemstvy_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg.webp

Дзьве крыніцы ў структурах Эўразьвязу паведамілі эўрапейскаму рэдактару «Свабоды» Рыкарду Юзьвяку, што ў ЭЗ прынятае палітычнае рашэньне не скасоўваць санкцыі адносна беларускай калійнай галіны.

Чакаецца, што адпаведнае рашэньне будзе абнародаванае заўтра, 19 ліпеня.

Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен 10 студзеня анансавала, што адносна Беларусі ў хуткім часе будуць прынятыя новыя санкцыі. Праўда, пасьля той заявы доўгі час ніякіх навінаў пра новыя абмежаваньні не было. Пры гэтым апошні пакет санкцыяў адносна Беларусі Эўразьвяз прыняў у чэрвені 2022 году. То-бок больш за год таму, нягледзячы на тое, што Лукашэнка працягвае дапамагаць Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Учора выданне «DW» паведаміла, што Эўразьвяз усё ж такі зьбіраецца прыняць новы пакет санкцыяў у дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.

«Фактычна гэты новы пакет санкцыяў у адносінах да Беларусі накіраваны на дзьве сфэры: кампаненты полю бою і кампаненты авіяцыі. І ў ім няма нічога пра выключэньні датычна ўгнаеньняў. У пэўным сэнсе гэта перамога Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы, якія шэсць месяцаў змагаліся за тое, каб не дазволіць экспарт калію», — напісаў з гэтай нагоды Рыкард Юзьвяк у твітары.


Глядзіце таксама

Да апошняга часу дыскусіі наконт санкцыяў адносна экспарту беларускіх угнаеньняў з Беларусі — адна з галоўных прычынаў, паводле якіх Эўразьвяз з пачатку 2023 году не прыняў новага пакету санкцыяў адносна Беларусі.

Паводле зьвестак шэрагу палітыкаў і экспэртаў, Партугалія — адна з тых краінаў ЭЗ, якія выступалі за зьмякчэньне санкцыяў адносна экспарту беларускіх калійных угнаеньняў. На думку Лісабону, існыя абмежаваньні на экспарт беларускіх угнаеньняў адмоўна ўплываюць на сытуацыю з харчаваньнем у бедных краінах сьвету. Пазыцыя Партугаліі падвяргаецца крытыцы з боку беларускіх дэмакратычных сілаў.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў 5 ліпеня, выступаючы на міністэрскай сустрэчы краін — удзельніц Руху недалучэньня, што накладзеныя на Беларусь санкцыі, у тым ліку абмежаваньні на транзыт, скарачэньне вытворчасьці і экспарт беларускіх калійных угнаеньняў «прывялі да падзеньня сусьветнай вытворчасьці калійных угнаеньняў на 16,3% (5,9 млн тон) і падзеньня сусьветнага экспарту на 20,2%».