На «Беларуськаліі» масавыя скарачэнні работнікаў

На найбуйнейшым у Беларусі калійным прадпрыемстве сталі частымі выпадкі схаваных скарачэнняў. Стала вядома пра дзясяткі выпадкаў непрацягнення або скасавання кантрактаў з работнікамі рудаўпраўленняў, піша salidarnast.info.

Фота getty images

Фота getty images

На думку работнікаў, скарачэнні закранулі больш руднікі, чым фабрыкі па ўзбагачэнні руды. Для таго, каб не выклікаць абурэнне ў калектыве, кантракты не працягваюць выбарачна ў розных брыгадах.

— Многіх работнікаў звальняюць па выніках медкамісіі, якую яны не праходзяць і іх выводзяць з шахты. Калі раней ім прапаноўвалася працоўнае месца без шкодных фактараў, то цяпер наогул могуць нічога не прапанаваць, — распавядае работнік прадпрыемства.

Таксама шмат выпадкаў непрацягнення кароткатэрміновых працоўных дамоваў, асабліва з былымі актывістамі незалежнага прафсаюза ці тымі, хто быў заўважаны ў пратэстах 2020 года. Раней у СМІ агучвалася інфармацыя, што КДБ і супрацоўнікамі службы бяспекі прадпрыемства ў аддзелы кадраў былі перададзеныя спісы супрацоўнікаў калійнага прадпрыемства, з якімі неабходна скасаваць працоўныя дамовы.

— Пра памеры звальненняў цяжка казаць, бо работнікі часта замоўчваюць факт звальнення, але цяпер вядома пра дзясяткі выпадкаў, — адзначыў суразмоўца.

Скарачэнне колькасці працоўнага калектыву прадпрыемства і вываду асобных цэхаў у аўтсорсінг праводзіцца на «Беларуськаліі» апошнія шэсць гадоў.

Работнікі лічаць, што такім чынам, за кошт зніжэння колькасці работнікаў брыгад і павелічэння інтэнсіўнасці працы для працоўных, адміністрацыя павышае рэнтабельнасць прадпрыемства і пры неабходнасці будзе гатовая прадаць яго. Да таго ж на сітуацыю відавочна паўплывалі санкцыйныя абмежаванні па рэалізацыі прадукцыі.

Калі раней работнікі, аб'яднаныя ў незалежны прафсаюз, маглі выстаўляць патрабаванні адміністрацыі, праз калектыўны дагавор уплываць на ўмовы працы і заработную плату, то сёння на прадпрыемстве дзейнічае адзін кішэнны прафсаюз, якім кіруе былы намеснік гендырэктара Рыбак. Цяпер салігорскае прадпрыемства цалкам пад кантролем генеральнага дырэктара Івана Галаватага.

Варта адзначыць, што ў дачыненні да Галаватага ў лютым 2023 года былі працягнутыя персанальныя санкцыі, накладзеныя ЕС. Аднак «Н*шай Ніве» з дыпламатычных крыніц стала вядома, што Бразілія з шэрагам афрыканскіх краін пры падтрымцы некаторых краін ЕС лабіруюць вывад з-пад санкцый асоб, якія кантралююць здабычу калію. Гаворка ідзе пра мільярдэра Гуцэрыева і Галаватага. Асноўным аргументам лабістаў з'яўляецца прадуктовая бяспека ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы.