Валерый Карбалевіч: «Вяртаецца практыка ранняга бальшавізму — людзей пераследуюць па класавым прынцыпе»

Палітолаг Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах плюс» разважае пра новы характар палітычных рэпрэсій у Беларусі і пра тое, ці мае хоць нейкі сэнс сённяшняя Канстытуцыя.

Правы ў цяперашняй Беларусі існуюць толькі для прыхільнікаў Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Правы ў цяперашняй Беларусі існуюць толькі для прыхільнікаў Лукашэнкі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Грамадства, дзе не забяспечана гарантыя правоў і няма падзелу ўладаў, не мае Канстытуцыі.

З «Дэкларацыі Правоў Чалавека і грамадзяніна» Францыі 1789 г.

Як бы гэта ні выглядала дзіўным, але ў Беларусі 15 сакавіка адзначылі Дзень Канстытуцыі. Лукашэнка павіншаваў грамадзян з гэтым выдатным святам, заклікаў да ўмацавання «прававога падмурка беларускай дзяржаўнасці».

Нават з фармальнага пункту гледжання гэтае свята выглядае дзіўна. Яно бярэ свой пачатак з 1994 года, калі была прынятая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. З тых часоў Асноўны закон двойчы падвяргаўся радыкальным зменам — у 1996 і 2022 гадах. Аднак 15 сакавіка чамусьці па-ранейшаму лічыцца Днём Канстытуцыі, хоць ад таго варыянту 1994 года ў гэтым дакуменце мала што засталося.

Але справа нават не ў гэтых фармальнасцях. Важней тое, што дзяржава пасля 2020 года жыве не паводле Канстытуцыі, а паводле прынцыпу, сфармуляванага Лукашэнкам: «часам не да законаў». Можна канстатаваць, што прававая сістэма і інстытуты правасуддзя ў Беларусі цалкам разбураныя. Фактычна ўлады ўзялі на ўзбраенне канцэпт, па якім грамадзянамі лічацца толькі тыя людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Яго апаненты былі фактычна пазбаўленыя правоў. Законы на іх не распаўсюджваюцца. З гэтымі людзьмі можна рабіць усё што заўгодна: арыштоўваць, збіваць, катаваць. Гэты працэс не толькі не спыняецца, але набывае ўсё новыя маштабы.


Вось хроніка палітычных рэпрэсій толькі апошніх дзён.

17 сакавіка галоўнай рэдактарцы некалі самага масавага незалежнага СМІ Беларусі TUT.BY Марыне Золатавай і яго дырэктарцы Людміле Чэкінай суд прысудзіў па 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта самы суровы прысуд у дачыненні да прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.

У гэты ж дзень палітолагаў Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. У Гродне былому міліцыянту Андрэю Шкляру, які звольніўся на знак пратэсту супраць дзеянняў уладаў, далі 10 гадоў калоніі паводле артыкула аб здрадзе дзяржаве.

Адбываецца якаснае змяненне палітыкі рэпрэсій. Яны распаўсюджваюцца на новыя пласты насельніцтва. Грамадзян затрымліваюць цераз прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай або прафесійнай групы. Гэта значыць, вяртаецца практыка ранняга бальшавізму — калі людзей пераследавалі па класавым прынцыпе. Цяпер, напрыклад, правяраюць і затрымліваюць чальцоў стралковых клубаў, удзельнікаў руху страйкбалістаў, рэканструктараў, ралевікоў і ўладальнікаў дронаў. Адбыліся арышты псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў.

Начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што «сістэмна адпрацоўваюцца» «сваякі і знаёмыя» асоб, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». Вядома, пераслед сваякоў апазіцыянераў у Беларусі — справа не новая. СМІ паведамлялі пра многія падобныя выпадкі. Але цяпер гэтая практыка фактычна легітымізуецца. У сталінскія часы існавала адмысловая катэгорыя злачынцаў: «члены сям'і ворагаў народа». Гэта было замацавана ў заканадаўчых актах. Цяпер гісторыя паўтараецца. Паводле афіцыйных паведамленняў МУС, штодня супрацоўнікі ГУБАЗіК праводзяць да 20 ператрусаў.

Працягваецца працэс крыміналізацыі ўсё новых відаў дзейнасці. Так, на мінулым тыдні суд пастанавіў, што крытыка савецкага перыяду гісторыі цяпер лічыцца «экстрэмізмам». Такімі былі абвешчаныя 12 нумароў часопісаў «Наша гісторыя» і «Архэ». Суд прызнаў, што ў нумарах утрымліваюцца ідэі, «якія дыскрэдытуюць і ачарняюць савецкую ўладу і савецкае мінулае Беларусі». Гэта значыць, у юрыдычную практыку вяртаецца паняцце «антысаветызм».


Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін важны момант. Для вяртання тых, хто з'ехаў, створана спецыяльная камісія на чале з генеральным пракурорам Андрэем Шведам. Умовай амністыі з'яўляецца пакаянне людзей, так ці інакш датычных да пратэснай дзейнасці.

Аднак ёсць шмат прыкладаў, якія паказваюць, што аніякае пакаянне не дапамагае палегчыць лёс людзей, якія трапілі пад колы беларускага, прабачце за выраз, «правасуддзя». Як толькі ні каяўся Раман Пратасевіч, ён расказаў следчым, што было і чаго не было. Але яго цяпер судзяць, і я не думаю, што варта спадзявацца на памілаванне.

Яго сяброўка Соф'я Сапега, якая атрымала шэсць гадоў калоніі, пакаялася, напісала прашэнне ва ўсе інстанцыі, яе сваякі выплацілі грашовую кампенсацыю за вызначаную судом шкоду (167 500 рублёў). Расія нават за яе заступілася, былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей паабяцаў, што Сапега альбо памілуюць, альбо выдадуць РФ. Аднак у выніку ёй адмовілі ў памілаванні, а нядаўна КДБ занёс Соф'ю ў «спіс тэрарыстаў».

Юрый Зянковіч пасля арышту за нібыта «замах» на Лукашэнку пайшоў на супрацоўніцтва са следствам. Аднак ён атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі — больш, чым іншыя ўдзельнікі гэтай справы.

Яшчэ адна каларытная фігура — член камісіі па вяртанні «збеглых» Юрый Васкрасенскі. Паводле яго, крымінальная справа супраць яго не закрытая (ва ўсялякім разе, паведамленняў пра гэта няма). А ўжо ён больш за два гады бясконца каецца і агітуе за Лукашэнку. Аднак памілавання ён не заслужыў. А цяпер ён заклікае іншых вярнуцца і пакаяцца.

У той жа самы час на мінулым тыдні пытаннем грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі занепакоіліся міжнародныя арганізацыі.


17 сакавіка апублікаваны даклад па Беларусі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Цюрка. У ім гаворыцца, што некаторыя з зафіксаваных у нашай краіне парушэнняў могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці. «Наша справаздача малюе непрымальную карціну беспакаранасці і амаль поўнага знішчэння грамадзянскай сферы і асноўных свабод у Беларусі», — адзначаецца ў дакуменце.

Еўрапарламент 15 сакавіка прыняў рэзалюцыю па Беларусі, якая асуджае сістэматычныя рэпрэсіі кіруючага рэжыму супраць жыхароў краіны і іншадумцаў. Еўрадэпутаты выступілі за пашырэнне санкцый супраць Мінска і заклікалі краіны ЕС падрыхтаваць для суду справы супраць беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да парушэнняў правоў чалавека.