Пагром культуры: Татальная цэнзура ва ўсіх сферах

Звальненні, крыміналкі, забароны канцэртаў, выстаў, павышэнне кошту арэнды, скасаванне магчымасці дзейнічаць легальна... Таццянай Нядбай, кіраўніца Беларускага ПЭНа, распавяла пра пераслед у галіне культуры.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas14.jpg

Беларускі ПЭН прэзентаваў справаздачу аб парушэннях культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры па выніках 2022 года. Пра ўнікальны на постсавецкай прасторы дакумент «СН плюс» працягвае размову з Таццянай Нядбай.

— У 2022 годзе вы зафіксавалі 217 парушэнняў у дачыненні да арганізацый і супольнасцей культурнай сферы. Пра што тут найперш размова?

— Пра стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, парушэнне права на свабоду асацыяцый і цэнзуру.

Прымусова ліквідаваны 74 арганізацыі: пісьменніцкія, тэатральныя, гістарычныя, танцавальныя і іншыя. Ад «Клуба польскіх народных традыцый» да «Падарожнай дружыны беларусаў «Каляднікі».

Паралельна з прымусовай ліквідацыяй у 2022 годзе працягнуўся самароспуск некамерцыйных арганізацый — у большасці гэта вымушаныя рашэнні іх заснавальнікаў з прычыны неспрыяльнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, нярэдка і ціску з боку ўлад. У нашай справаздачы 34 такія структуры. Дарэчы, мушу сказаць, што падрабязна сітуацыю з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці фіксуюць нашы партнёры — Lawtrend.

— Фармальна арганізацыя можа спыніць сваё існаванне, аднак яе чальцы гатовы працягваць некалі пачатае… Чым можа абярнуцца такое жаданне?

— Цяпер за арганізацыю і ўдзел у дзейнасці структуры без дзяржаўнай рэгістрацыі прадугледжваецца пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі.

— Тут паўстае і такое вечна балючае для сферы культуры пытанне, як падтрымка праз розныя льготы: відаць, іх пералік у новых умовах рэзка скараціўся?

— Безумоўна. Напрыклад, у разы скараціўся пералік НКА, у дачыненні да якіх прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1 пры арэндзе памяшканняў. Для выкрасленых адтуль цана арэнды вырасла з красавіка 2022 года ў 10 разоў. Такія кошты цяпер і для тых 15 грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць у сваёй дзейнасці культурную кампаненту: «Беларускі саюз архітэктараў», «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», «Беларускі саюз музычных дзеячаў», «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў», Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне», некалькі аб’яднанняў яўрэяў і іншыя. Большасць з гэтых структур маюць мінімум 25-гадовую гісторыю. У той жа час спіс на льготу папоўніўся зарэгістраваным у канцы 2020 года праўладным аб’яднаннем «Патрыёты Беларусі».

Усяго за апошнія два гады пералік некамерцыйных арганізацый, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка ў арэндзе памяшкання, скараціўся са 195 да 23.


— У леташнім кастрычніку абазначылася новая тэндэнцыя ў дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў — прыпыненне іх дзейнасці. У культурніцкім сектары гэта ўжо адбываецца?

— Вядома пра як мінімум тры такія аб’яднанні: «Дом дружбы іранцаў», спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Танцавальна-спартыўная ліга» і дзіцячае грамадскае аб’яднанне «Танцавальна-спартыўны клуб «Людміла». Улады спрабуюць паралізаваць і вывесці з легальнага поля любы «варушняк», калі гэта толькі не абслугоўванне інтарэсаў саміх улад.

— Маніторынг парушэнняў фактычна адлюстроўвае асноўныя страты ў кожнай з творчых абласцей. Відаць, як паэтцы вам найбліжэй тэма літаратуры?

— Справа не ўва мне… Актуальную сітуацыю з беларускай кнігай у Беларусі перадае тэрмін, які выкарыстоўвае філосаф Павел Баркоўскі, — «кнігацыд». Ціск і дыскрэдытацыю беларускіх выдавецтваў, выдаўцоў, кнігараспаўсюднікаў, аўтараў, а часам і чытачоў мы бачым ці не штодня.

Ліквідаваны выдавецтвы «Лімарыус» і «Галіяфы», прыпынена дзейнасць «Медысонта» і «Кнігазбору». Ускладнена распаўсюджанне ўжо выдадзенага незалежнымі выдавецтвамі і беларускай кнігі ў цэлым. З кнігарняў і бібліятэк прыбіраюцца нелаяльныя рэжыму аўтары, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі. Кнігі, што выдаюцца на беларускай мове, прыцягваюць павышаную ўвагу з боку дзяржорганаў. Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў папоўніўся дзясяткам мастацкіх і гістарычных твораў, кніг на гістарычную тэматыку. Ідуць бясконцыя звальненні.

— Адзін з апошніх яскравых прыкладаў — паказальная расправа з выдавецтвам «Янушкевіч»?

— 22 сакавіка «ў сувязі з вострай неабходнасцю» арэндадаўца «папрасіў» вызваліць офіс на працягу трох дзён. 16 траўня выдавецтва адкрыла новую кнігарню «Кнігаўка», куды ў той жа дзень прыйшлі праўладныя прапагандысты і выставілі прэтэнзіі з нагоды наяўнасці ў продажы нібыта экстрэмісцкай і нацысцкай літаратуры, супрацоўнікі спецслужбаў учынілі ператрус, загадалі закрыць краму. Дырэктар Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца крамы, літаратурная аглядальніца Наста Карнацкая былі затрыманы і ў выніку правялі ў зняволенні 28 і 23 сутак адпаведна. «Кнігаўка» закрылася, прапрацаваўшы 7,5 гадзіны. Андрэй Янушкевіч вымушана пакінуў Беларусь. 10 студзеня 2023 года выдавецтва пазбаўлена ліцэнзіі і права выдаваць кнігі. Прызнаюцца экстрэмісцкімі кнігі, выдадзеныя Янушкевічам, сярод іншага, кнігі Альгерда Бахарэвіча.

Не менш за 11 выдавецтваў/выдаўцоў цалкам або часткова перанеслі сваю дзейнасць за мяжу.

— Ну а прадаваць ужо выдадзенае раней можна?

—У кастрычніку найбуйнейшая сетка дзяржаўных кнігарняў па ўсёй рэспубліцы «Белкніга» скасавала дамовы на рэалізацыю кніг закрытых выдавецтваў.

У сетцы бібліятэк распаўсюджваюцца «чорныя спісы» аўтараў, чыімі творамі не могуць папаўняцца фонды і якія мусяць быць з іх канфіскаваны.

Праўладныя прапагандысты і «неабыякавыя» грамадзяне наведваюць кнігарні з мэтай «ачышчальных культпаходаў», шукаюць на паліцах ідэалагічна «шкодныя» матэрыялы: выданні з нацыянальнай (бел-чырвона-белай) сімволікай, кнігі незалежных гісторыкаў, нелаяльных рэжыму аўтараў, на ЛГБТ-тэматыку.


10 кніг былі прызнаны экстрэмісцкімі. Цяпер іх распаўсюджанне крымінальна караецца, і пракуратура перыядычна ўчыняе маніторынг кнігарняў і інтэрнэт-пляцовак на прадмет продажу ў іх такой літаратуры, выносіць арганізацыям адпаведныя прадпісанні з патрабаваннем выключыць іх з продажу. Вядома, што на ацэнцы ў рэспубліканскай камісіі знаходзяцца і творы Нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Пазбаўляецца высокакваліфікаваных спецыялістаў перыёдыка пра беларускую культуру. Летась змяніліся галоўныя рэдактары адразу ў трох літаратурных часопісах — «Полымі», «Маладосці» і «Нёмане», звольнены шэраг спецыялістаў. Як адзначае адна з былых супрацоўніц, працаваць «пакідаюць толькі правераных і паслухмяных».

У канцы лютага 2022 года з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў звольнены акадэмік-мовазнаўца Аляксандр Лукашанец, які пасля выбараў 2020 года выступіў з асуджэннем гвалту, — з ім не прадоўжылі кантракт, а ў лістападзе, пасля адміністрацыйнага затрымання — намеснік дырэктара па навуковай працы Сяргей Гаранін. З 1 ліпеня з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі звольнены дырэктар, гісторык-медыявіст Аляксандр Груша.


— Прыкладна такая сітуацыя і з палітычна «нядобранадзейнымі» мастакамі?

— На 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны ў сакавіку 2022 года Алесь Пушкін — мастак, вядомы, сярод іншага, сваімі перформансамі… Але судзілі яго за карціну — партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні».

Міністэрства культуры аказвае ціск на нелаяльных рэжыму аўтараў, папаўняючы іх імёнамі так званыя «чорныя спісы», адмаўляючы ім у далейшым у персанальных і групавых экспазіцыях на дзяржаўных выставачных пляцоўках, набыцці работ у фонды музеяў і іншым.

З выстаў здымаюць асобныя працы і закрываюць цэлыя павільёны.

Такім чынам, умовай жыцця і творчасці становіцца цэнзура. А самацэнзура мастака — спосабам выжывання.

Пасля заявы аб нібыта распаўсюджанні парнаграфіі ў рамках выставы «Трывожны чамаданчык», якая прайшла з 10.12.2021 па 10.01.2022 у галерэі Саюза дызайнераў, была прызначана культуралагічная экспертыза арт-аб’екта «Пакуль смерць не разлучыць нас» мастачкі Ганны Сілівончык. У выніку пачаўся разбор у дачыненні не толькі самой выставы, але і грамадскага аб’яднання ў цэлым.

Напрыклад, 12 траўня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася штогадовая мастацкая выстава «Арт-Мінск», на якой першапачаткова анансавалася экспазіцыя з 550 твораў ад 240 сучасных беларускіх аўтараў. Аднак у выніку цэнзуры Міністэрства культуры былі зняты працы некалькіх дзясяткаў мастакоў (паводле непацверджанай інфармацыі, гаворка ідзе больш чым пра 40 аўтараў). У маніторынгу Беларускага ПЭНа змяшчаецца інфармацыя пра 19 мастакоў, якія страцілі выставачную прастору.

Сутыкаюцца з цэнзурай і фатографы. Так, у культурным цэнтры «Фестывальны» адмянілі выставу Святланы Несцярэнка «Гродзенскія заходы». Падобнае адбывалася і з іншымі аўтарамі.

Вядомы і іншыя выпадкі ўмяшання і кантролю над мастацкімі і фатаграфічнымі выставамі і далейшыя размовы з іх арганізатарамі ў раённых адміністрацыях. Таксама працягнуліся выклікі на допыты дызайнераў і фатографаў, якія працавалі з няўрадавымі арганізацыямі і саюзамі, што цяпер пераследуюцца ўладамі. Па рашэнні мясцовых улад у Мінску зафарбавалі некалькі муралаў, а гродзенскім мастакам загадалі заплаціць дзяржаве 22 000 рублёў (каля 8000 еўра) за карыстанне майстэрнямі ў апошнія шэсць гадоў.


— Хапае нечага падобнага і на тэатральных падмостках?

— Схема вельмі падобная: звальненні, кантроль і цэнзура ў рэпертуарнай палітыцы, зняцце спектакляў як спосаб самазахавання, русіфікацыя беларускага тэатра.

Нам вядомы імёны 19 прадстаўнікоў сферы, з якімі не прадоўжылі кантракт або якіх звольнілі «паводле пагаднення бакоў», пра 14 з іх вядома з публічных крыніц.

У незалежных СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што за сваю грамадзянскую пазіцыю з тэатра будуць звольнены «некалькі дзясяткаў чалавек»

Што тычыцца пытанняў цэнзуры. Мінкульт не дапусціў да паказу ў Тэатры юнага гледача спектакль «Кантрольнае сачыненне», у сюжэце якога закладзены канфлікт выпускнікоў і школьнай адміністрацыі. У верасні чыноўнікі з Мінгарвыканкама не зацвердзілі аперэту Музычнага тэатра «Герцагіня з Чыкага», у якой можна было ўгледзець паралелі з цяперашняй рэальнасцю, і прэм’ера, запланаваная на 23 і 24 верасня, адмянілася. 11 лістапада спектакль усё ж адбыўся, але ўжо ў крыху ўрэзанай версіі з цэнзурнымі праўкамі.

12 ліпеня прымусова ліквідавана ўстанова культуры «Тэатр-Тэрыторыя мюзікла». Вядома, што ў пачатку года яна двойчы не змагла атрымаць дазвол на паказ спектакля «Фігаро» ў мінскім Палацы прафсаюзаў. Акрамя таго, да пачатку новага сезона (восень 2022-га) з рэпертуару некалькіх тэатраў былі вымушана зняты спектаклі паводле п’ес асобных аўтараў.

Наступны крок — дэбеларусізацыя. Новым дырэктарам Тэатра юнага гледача зрабілася лаяльная рэжыму Лукашэнкі актрыса Вера Палякова, якая першапачаткова заявіла, што трупа адмовіцца ад пастановак выключна на беларускай мове, што раней вылучала ТЮГ сярод іншых прафесійных калектываў: усяго 6 з 28 дзяржаўных тэатраў у краіне працавалі толькі на беларускай мове. У чэрвені адбылася рускамоўная прэм’ера спектакля паводле матываў аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава «Альпійская балада» — так у краіне стала на адзін беларускамоўны тэатр менш. А адказваючы на пытанне пра сітуацыю з беларускай мовай у бабруйскім тэатры, актрыса Ала Грахава прывяла ў прыклад маладых акцёраў, якія адмаўляюцца іграць п’есы на беларускай мове, спасылаючыся на сваё рускае паходжанне.

— І, нарэшце, музыка… Адчуванне, што вам давядзецца паўтарацца?

— Карціна тая ж самая: звальненні, крыміналкі, забароны канцэртаў, змяншэнне пляцовак для выступленняў…

Звольнены з Беларускай дзяржаўнай філармоніі намеснік генеральнага дырэктара Андрэй Лапцёнак і арфістка сімфанічнага аркестра Алена Максімава, таксама некалькі іншых спецыялістаў. Паведамлялася пра звальненне больш чым 20 выкладчыкаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, публічна вядомы імёны трох: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь і кіраўнік канцэртнага аркестра БДАМ Уладзімір Перлін, мастацкая кіраўніца дзіцячага хору «Музыкі, якія спяваюць» Ала Мазурава і саліст-канцэртмайстар групы габояў аркестра БДАМ Сяргей Тумаркін.

За сваю музычную дзейнасць працягваюць адбываць двухгадовае пакаранне ў калоніі лідары гурта «Irdorath» Надзея і Уладзімір Калачы: у жніўні 2020 года яны «неаднаразова ўзначальвалі калону пратэстоўцаў… з выкарыстаннем музычных інструментаў». Спявачка Мэрыем Герасіменка затрымана ў пачатку жніўня на наступны дзень пасля вулічнага канцэрта, дзе выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзы». Пасля амаль паўгода ў СІЗА яна была асуджана на 3 гады «хатняй хіміі». 

У канцы жніўня YоuТubе-канал, сацсеткі і музычныя кампазіцыі гурта «Tor Band», створанага ў Рагачове ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праз два месяцы затрымалі саміх удзельнікаў — музыкі Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык некалькі разоў запар былі асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. З YоuТubе-канала «Tor Band» былі выдалены ўсе кліпы гурта, якія ў суме набралі больш за 5 мільёнаў праглядаў, а 16 студзеня 2023 года сам музычны калектыў быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем — крымінальныя справы заведзены на ўсіх трох музыкаў. Таксама варта адзначыць затрыманне ў сярэдзіне кастрычніка братоў Уладзіміра і Дзмітрыя Каракіных, музыкаў гурта «Litesound». Нягледзячы на тое, што яны былі затрыманы за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах, ёсць падстава меркаваць, што іх пераслед — гэта ў тым ліку помста дзяржструктур за «няўдзячнасць» і палітычную нявернасць гурта, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне» ў 2012 годзе. На сёння музыкі прызнаны палітзняволенымі.

У 2022 годзе таксама зафіксаваны выпадкі затрымання вулічных музыкаў і канфіскацыі ў іх тэхнікі. Мелі месца факты знаходжання ў зале прадстаўнікоў спецслужбаў падчас канцэртаў дзяржаўных калектываў, адмовы Міністэрства культуры ў выдачы гастрольных пасведчанняў гурту «Shortparis», чый фронтмен Мікалай Камягін вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй, і некаторым іншым расійскім гуртам. У канцы снежня «па незалежных ад гурта прычынах» быў адменены канцэрт гомельскага фолк-гурта «Бан-Жвірба». Вядомы і іншыя, непублічныя выпадкі забароны на ўдзел музыкаў у канцэртах і фестывалях.


— Адміністрацыйныя перашкоды, цэнзура і агульныя абставіны пераследу не спрыяюць развіццю калектываў і асобных творцаў?

— Некаторыя прыпыняюць сваю працу на няпэўны час, зачыняюцца і так нешматлікія канцэртныя пляцоўкі. З сярэдзіны траўня «пастаўлена на паўзу» дзейнасць мінскага музычнага клуба «Бруге». «Па тэхнічных прычынах» пасля канцэрта і затрымання Мэрыем Герасіменка закрыты бар «Банкі-Бутэлькі», чый кіраўнік Андрэй Жук ужо больш за паўгода знаходзіцца ў СІЗА. 16 верасня канчаткова закрыўся музычны бар «Графіці», адкрыты ў Мінску ў 1999 годзе. У канцы снежня паведаміў пра сваё закрыццё мінскі рэйв-клуб «HIDE», куды 5 лістапада на начную вечарынку прыходзіў АМАП.

— Падаецца, з агульнай плыні выпадае кінасектар — хаця б з-за свайго маштабу?

— У цэлым варта адзначыць сервільны характар беларускага дзяржаўнага кінематографа, цэнзуру ў дачыненні да ігравых фільмаў…

Вы маеце рацыю: сапраўды, у маніторынг 2022 года трапіла зусім няшмат эпізодаў, звязаных непасрэдна з парушэннямі ў сферы беларускага кінематографа. Асноўны аб’ём таго, што мы фіксавалі з публічных крыніц, тычыўся пытанняў дзяржаўнага рэгулявання і ідэалагізаванасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Адно з незалежных СМІ пісала пра масавыя звальненні на кінастудыі, аднак мы не маем канкрэтных фактаў. Таксама вядома, што ўдзел кожнага з акцёраў у праектах «Беларусьфільма» мусіць узгадняцца з Міністэрствам культуры і галоўным ідэолагам Нацыянальнай кінастудыі.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну рэпертуарная палітыка кінатэатраў шмат у чым звялася да паказу расійскіх і савецкіх фільмаў, мультфільмаў і стужак на ваенную тэматыку ў сувязі з сыходам найбуйнейшых амерыканскіх кінакампаній з рынку Расіі і аўтаматычна — Беларусі. У канцы восені кінатэатры пачалі «круціць» пірацкі кантэнт, а 3 студзеня 2023 года быў апублікаваны Закон, які афіцыйна ўхваляе паралельны імпарт — увоз аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальнікаў.

Да пытання пра цэнзуру. У Беларусі так і не ўдалося арганізаваць афіцыйны паказ фільма Уладзіміра Казлова «Тры таварышы» — у выніку рэжысёр выклаў стужку на сваім Yotube-канале. У кастрычніку стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу на Вольгу Швед пасля выхаду яе дакументальнага фільма «Каліноўскі», а гісторык Васіль Герасімчык, галоўны герой фільма, мусіў з’ехаць з Беларусі ў сувязі з пераследам з боку сілавых структур. У лістападзе ўлады забаранілі паказ гульнявой карціны Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць жыццяў мядзведзя» — першапачаткова заяўлены ў пракаце ў рамках кінафестывалю «Лістапад» у некалькіх кінатэатрах Мінска фільм знік з афіш. З праграмы польскага кінафестывалю беларускага кіно была прыбрана стужка «Гэта я, Мінск», правы на якую належаць кінастудыі «Беларусьфільм». Мяркуючы па ўсім, згодна з дамовай, фільм можа быць паказаны за мяжой толькі пасля яго прэм’еры ў Беларусі, дзе яна па невядомых прычынах так і не можа адбыцца (у рамках фестывалю «Лістапад» фільм таксама вырашылі не паказваць).


— Апошнім часам шмат трывожнай інфармацыі з музеяў. Там таксама цэнзура і палітычна матываваныя звальненні?

— У кастрычніку не прадоўжылі кантракт дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Запартыка, якая прыйшла туды на працу ў 1978 годзе і ўзначальвала музей з 1994 года. У снежні, перад 20-годдзем на пасадзе, з Музея гісторыі беларускага кіно звольнены яго кіраўнік, кінакрытык Ігар Аўдзееў. У канцы снежня стала вядома пра масавае звальненне з Нацыянальнага мастацкага музея. У маніторынгу сабраны імёны 8 чалавек, звольненых 23 снежня, незалежныя ж СМІ пісалі пра 18 супрацоўнікаў — і гэта не першыя і не адзіныя «адстаўкі» з 2020 года. Таксама ў нас ёсць звесткі пра факты такога кшталту ў Дзяржаўных літаратурных музеях Максіма Багдановіча і Янкі Купалы ў Мінску і некаторых іншых. Усяго — толькі пра 13 звольненых са сферы, што вельмі далёка ад рэальных маштабаў таго, што адбываецца. Напрыклад, з’яўлялася інфармацыя пра «ціхія» звальненні ў Нацыянальным гістарычным музеі, аднак яна не атрымала публічнага розгаласу.

У лістападзе зазнаў цэнзуру прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах, вулічная экспазіцыя якога з выявай шэрагу беларускіх палітычных і культурных дзеячаў — паэтак Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш, рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага і іншых персаналій — трапіла ў фокус увагі праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая ахарактарызавала яе як «русаненавісніцкую пранацысцкую». У выніку ўсе бюсты і барэльефы прыбраны.

— Узяліся чыноўнікі і за сферу турызму?

— У прыватнасці, за экскурсаводаў. У жніўні — верасні прайшла серыя затрыманняў, а ў праўладных СМІ з’яўляліся публікацыі пра прадстаўнікоў турыстычных агенцтваў і шэраг экскурсаводаў. У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу за свабоднае самавыяўленне экскурсаводы таксама звярнуліся да самацэнзуры і цяпер мусяць выбіраць словы, як і тое, пра што можна, а што не варта казаць. 2 верасня была прынята Пастанова № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», згодна з якой экскурсаводам і гідам-перакладчыкам неабходна праходзіць атэстацыю, якая пацвярджае іх кваліфікацыю. Пасведчанне выдаецца тэрмінам на 5 гадоў, а яго дзеянне можа быць прыпынена, калі будуць скаргі на якасць абслугоўвання. 7 снежня выйшла яшчэ адна Пастанова, згодна з якой асуджаныя паводле пратэсных артыкулаў (130, 342, 367—368 і іншых) не дапускаюцца да атэстацыі.