Таццяна Нядбай: Цяпер усё добрае патрабуе цішыні, каб не прыцягваць увагу рэпрэсіўнай машыны

Пераслед за іншадумства займае першае месца ў маніторынгу парушэнняў правоў чалавека, які робіць Беларускі ПЭН-цэнтр.

njadbaj.jpg

Беларускі ПЭН-цэнтр — арганізацыя, якая сумяшчае ў сабе дзве функцыі: падтрымку творчасці і абарону культурніцкіх правоў. Апошняя сфера дзейнасці як ніколі актуальная цягам апошніх двух гадоў. З намесніцай старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццянай Нядбай «Польскае Радыё» паразмаўляла пра творчасць, права на выказванне і меркаванне пра выпаленае поле ўнутры Беларусі.

— Са студзеня па верасень мы зафіксавалі 1032 выпадкі парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Мы бачым, што колькасць гэтых выпадкаў павялічваецца. Гэта сведчыць, што крызіс не мінае, а ўсё больш разгортваецца. І калі год таму выпадкі парушэння культурных правоў і правоў дзеячаў культуры былі ў большасці звязаныя з вулічнымі пратэстамі, то цяпер пераслед мае схаваныя формы: гэта звальненні, пераслед за свабоду выказвання ў той ці іншай форме.

Затрыманні, абвінавачванні, якія прад’яўляюцца за так званае «пікетаванне татуіроўкай» або свечку ў вакне. Гэта ўсё — выказванне меркавання. Калі гэтае меркаванне ўлады трактуюць як неадпаведнае дзяржаўнай палітыцы, то пераследуюць за гэта. Але гэта пераслед за іншадумства. Гэта спадчына савецкіх часоў. Нам даводзіцца жыць у такі час. Пераслед за іншадумства займае першае месца ў нашым топ-10 парушэнняў правоў чалавека за студзень-верасень 2021 года, — кажа Таццяна Нядбай.

Моцная хваля рэпрэсій справакавала найбольшую ў новай гісторыі Беларусі хвалю міграцыі — з краіны выехалі сотні прадстаўнікоў культурніцкай сферы. Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай заклікае не растварацца ў асяродку іншых краін, а запасацца досведам, пераймаць новыя і лепшыя практыкі, што можна было б пасля забраць у Беларусь па вяртанні:

— Мы ўпершыню сутыкнуліся з такой вялікай хваляй эміграцыі дзеячаў культуры, творчай эліты. Упершыню на розных мерапрыемствах за мяжой увесь час сустракаеш людзей, з якімі перасякаўся ў Беларусі на розных пляцоўках, дзе разам рабілі фестывалі, сустрэчы. Гэта новая для нас рэальнасць. І вельмі важна не распусціцца як соль у вадзе культуры іншых краінаў, а скарыстаць гэты час для культурнага абмену ў лепшым разуменні гэтага паняцця, для прафесійнага росту, пазнання лепшых практык. Каб на момант вяртання ў Беларусь усе здабыткі эміграцыі сталі здабыткамі для Беларусі.

Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру звяртае ўвагу на тое, што ў цяперашніх умовах падтрымкі патрабуюць не толькі тыя, хто з’ехаў, але і тыя, хто застаўся ў Беларусі:

— Другі прыярытэт, які не менш важны, — падтрымка дзеячаў культуры, які засталіся ў Беларусі, былі звольненыя са сваёй працы і не маюць магчымасці творчай рэалізацыі. Але я перакананая, што ім ёсць што рабіць. Яны маглі б пісаць мемуары, даследаванні, рабіць культурніцкія праекты, якія цяпер немагчымыя ў публічнай сферы, але праз пэўны час яны б «стрэлілі» і сталі важным культурным прадуктам, калі будзе магчымым іх публічнае жыццё.

І варта памятаць пра пра медыйны эфект. Які не працуе ў часы надзвычайнай сітуацыі. Цяпер усё добрае патрабуе цішыні, каб не прыцягваць увагу рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыны.

— Нягледзячы на тое, што выглядае, быццам бы ўсё жывое з’ехала, а ў Беларусі нічога не засталося, я катэгарычна не згодная з гэтым сцверджаннем. Мы сёння жывём у такім свеце, калі быццам бы існуе толькі тое, што ёсць на старонках медыя. Але людзі, якія засталіся ў Беларусі, у мэтах бяспекі не могуць гучна гаварыць. І калі мы ацэньваем за мяжой тое, што адбываецца ў Беларусі, важна памятаць, што ў краіне шмат усяго, што патрабуе нашай падтрымкі, рознай падтрымкі. Гэта будзе глебай, базісам, на якім будзе саджацца тое, што вернецца ў Беларусь. І нам важна зрабіць так, каб гэтая глеба не ссохла і магла даваць свой плён, — падкрэслівае Таццяна Нядбай.