Хронікі рэпрэсій за 20 сакавіка

З дапамогай СМІ і праваабаронцаў сабралі для вас галоўныя навіны гэтага дня.

На сённяшні дзень у Беларусі як мінімум 1459 палітычных зняволеных. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На сённяшні дзень у Беларусі як мінімум 1459 палітычных зняволеных. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Палітзняволены Ігар Лосік учыніў спробу суіцыду за кратамі. Праваабаронцы паведамляюць, што ў ШІЗА наваполацкай калоніі ён доўгі час трымаў галадоўку, а пасля парэзаў сабе рукі і шыю. Былога блогера выратавалі і адправілі ў медсанчастку. 

На беларускага весляра, удзельніка Алімпійскіх гульняў 2004-га і 2008 года Паўла Шурмея, які ваюе ў палку Каліноўскага, завялі крымінальную справу. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах, паведамляе МУС: па арт.361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і арт.361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу»). Шурмею пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі, яго могуць судзіць завочна. 

Затрыманага ў Маскве намесніка Мясніковіча Дзмітрыя Шадко абвінавачваюць па артыкуле «Тэрарызм». Шадко, які працаваў у Еўразійскай эканамічнай камісіі, затрымалі 10 сакавіка ў Маскве супрацоўнікі ФСБ. Яго вывезлі ў Мінск і змясцілі ў СІЗА КДБ.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч не выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання. Чацвёртыя суткі ён знаходзіцца ў маладзечанскім ізалятары часовага ўтрымання. «Што канкрэтна яму прад’яўляюць, нам пакуль невядома. Перадачу ўзялі», — напісала ў Facebook яго дачка.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі ў Бабруйску 18-гадовага Арцёма Бярозкіна. Маладога чалавека прымусілі прызнацца, што ён стварыў тры каналы ў Тэлеграме, дзе нібыта размяшчаў «экстрэмісцкія матэрыялы», а таксама фотаздымкі ўкраінскіх вайскоўцаў з батальёна «Азоў». Таксама яму ставяць у віну створаны ў TikTok акаўнт, прысвечаны барацьбе Украіны супраць расійскай агрэсіі. Сярод іншага, сілавікі падазраюць, што малады чалавек «хацеў уступіць у шэрагі ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны».

У Баранавічах палітычных «хатніх хімікаў» сёння выклікалі на размову. Паведамляецца, што людзей фатаграфавалі з розных ракурсаў, а таксама прымусілі падпісаць паперу з афіцыйным папярэджаннем таго, што цяпер за каментары «будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі».

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1459 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1736 чалавек. Сярод іх — 189 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.