«З голаду не памрэ». З дзяржаўнага ТБ звольнілі аднаго з топавых спартыўных рэжысёраў
Сілавікі прыйшлі ў «Белтэлерадыёкампанію» па аднаго з лепшых рэжысёраў Андрэя Пінчука. Кіраўніцтва прапагандысцкага холдынга ўбаку не засталося і звольніла спецыяліста.

«Белтэлерадыёкампанія» звольніла найлепшага рэжысёра спартыўных трансляцый. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
На мінулым тыдні стала вядома, што сілавікі забралі проста з працоўнага месца ў «Белтэлерадыёкампаніі» аднаго з найлепшых рэжысёраў спартыўных трансляцый у Беларусі Андрэя Пінчука. Па выніках «прафілактычнай гутаркі» яго адпусцілі і... звольнілі з БТРК.
Верагодней за ўсё, звальненне Пінчука — гэта частка палітычных рэпрэсій, пры гэтым незразумела, што такога зрабіў рэжысёр, піша «Тр*буна». Журналісты выдання паспрабавалі разабрацца, ці мог Пінчук не дагадзіць уладам.
Хто такі Андрэй Пінчук і чым запомніўся на БТ?
У «Белтэлерадыёкампаніі» Андрэй Пінчук, якому зараз каля 40, прапрацаваў больш за 15 гадоў. Адразу прыйшоў на пасаду рэжысёра трансляцый і хутка сябе зарэкамендаваў. У абавязкі рэжысёра трансляцый уваходзіць адгляд пляцоўкі (стадыёна), дзе адбываюцца здымкі, распрацоўка схемы паказу і расстаноўкі камер, падбор і запрашэнне творчай брыгады для здымкаў (аператараў, рэжысёраў відэапаўтораў, гукарэжысёраў, рэдактараў).
— Насамрэч Пінчук — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Адразу паказаў узровень, таму з цягам часу менавіта яго пачалі адпраўляць у якасці рэжысёра на самыя адказныя спартыўныя мерапрыемствы. І гэта не абмяжоўвалася толькі футболам ці хакеем. Былі і іншыя віды спорту, зусім розныя спаборніцтвы. Ён працаваў і на мінскім чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе, і на Еўрапейскіх гульнях-2019 у Мінску. Можна сказаць, што ў сваёй сферы Пінчук рэальна найлепшы. Нават не проста ў «Белтэлерадыёкампаніі», а ўвогуле ва ўсёй краіне, — кажуць тыя, хто працаваў са спецыялістам.
Як адзначаюць калегі, якія перасякаліся з рэжысёрам, яго адметнай рысай з'яўляецца жаданне не проста зрабіць сваю працу, каб проста зрабіць, а імкненне ўглыбіцца ў від спорту, лепей даведацца каманду, матчы якой ён павінен адпрацаваць. Пінчук перад кожным паядынкам загадзя вывучаў склады, каб хутка арыентавацца, хто дзе гуляе і калі і каго паказваць.

— Магу сказаць, што ўзровень працы гэтага рэжысёра дазваляў яму займаць топавае месца сярод калег, быць вышэй за астатніх. А рэжысёр трансляцый — гэта не проста націскаць на кнопкі або камандаваць. Андрэй выдатна разбіраўся ў спорце, увесь час нешта вывучаў, выдатна разбіраўся ў хакеі. Ведаў усіх значных асоб з беларускага спорту, — кажуць былыя калегі Пінчука.
Паводле назіранняў суразмоўцаў «Тр*буны», трансляцыі, якімі кіраваў Пінчук, адрозніваліся незвычайнымі фішкамі. Рэжысёр заўсёды ведаў, у які момант лепей паказаць паўтор, а калі трэба прайсціся камерай па трыбунах і вылавіць цікавага заўзятара.
— А яшчэ мог проста падчас трансляцыі паказаць сонца, адлюстраванае ў лужыне, — усміхаецца адзін з былых калег Пінчука. — Але гэта атрымлівалася так арганічна і прыгожа, так да месца! Умеў знайсці незвычайныя планы, ну і добра кіраваў аператарамі. Насамрэч спецыяліст топавы. Па чалавечых якасцях — гэта густаўшчына, мне ён падаўся крыху нудным, са складаным характарам, але іншыя, магчыма, бачылі яго інакш. Як бы там ні было, сваю прафесію ён ведае проста цудоўна.
У 2012 годзе атрымаў «Тэлевяршыню»
Доўгі час для кіраўніцтва БТРК Пінчук заставаўся першым выбарам на пазіцыю рэжысёра спартыўных трансляцый. У кола яго абавязкаў уваходзіў і паказ паядынкаў беларускіх клубаў у еўракубках — усе матчы БАТЭ ў групавых этапах Лігі чэмпіёнаў звязаныя непасрэдна з Пінчуком.
— Можна сказаць, ён у гэтым плане быў першапраходцам. Пачынаючы з 2008 года, калі барысаўцы патрапілі ў групу ЛЧ, Андрэй адказваў за трансляцыі матчаў, рабіў усё на найвышэйшым узроўні, — успамінаюць былыя калегі рэжысёра.
А ў 2012 годзе Пінчук атрымаў узнагароду за сваю працу. Спецыяліст стаў уладальнікам дзяржпрэміі «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Найлепшы рэжысёр». Журы адзначыла працу Андрэя на трансляцыі паядынку Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і «Міланам» у лістападзе 2011-га.

Як адзначаюць былыя калегі, Пінчуку на БТ было камфортна, нават нягледзячы на тое, што адбывалася на канале, які вось ужо некалькі гадоў як з'яўляецца інструментам прапаганды. Рэжысёр быў занураны ў сваю працу і выконваў яе максімальна якасна. Пасля «прафілактычнай гутаркі» з сілавікамі спецыяліста звольнілі .
— Гэты чалавек з голаду дакладна не памрэ. Ён знойдзе, чым заняцца, і будзе рабіць добра, — рэзюмаваў адзін з суразмоўцаў «Тр*буны».