Аксана Колб — зноў пад абвінавачваннем. Хронікі рэпрэсій 13 лістапада
Экс-рэдактарцы «Новага Часу» Аксане Колб узмацнілі пакаранне і завялі новую справу. У зняволенні пагоршылася здароўе палітвязня Уладзіміра Гундара, а КДБ прызнаў «Plan B» «экстрэмісцкім фармаваннем». Новыя затрыманні і прысуды працягваюцца — у спіс палітвязняў дадаліся яшчэ 14 чалавек.

Журналістцы Аксане Колб замянілі «хімію» на калонію. Па новай справе яе вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму»
Як высветліў БАЖ, крымінальная справа супраць былой рэдактаркі «Новага Часу» заведзеная ўпраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці яшчэ напрыканцы 2023 года. Толькі цяпер стала вядома, паводле якіх артыкулаў.
«11 лістапада мне пазваніў супрацоўнік Фрунзенскага РАУС Мінска, ад якога я даведалася, што напрыканцы 2023 года СК у Брэсце завёў на мяне справу паводле ч. 1 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)», — распавяла журналістка.
Таксама яна даведалася пра ўзмацненне пакарання па ўсё тым жа 342 артыкуле: замест 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу суд Валожынскага раёна прызначыў 1 год, 1 месяц і 3 дні пазбаўлення волі ў калоніі.
Выкладчыка ВНУ судзілі за «дыскрэдытацыю Беларусі» за артыкулы на «Вікіпедыі»
Выкладчык адной з ВНУ Мінска атрымаў два гады калоніі і штраф у 300 базавых велічынь (12 600 рублёў) за артыкулы на «Вікіпедыі», піша Reform.by. 37-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК).
Паводле абвінавачвання, мужчына з 2020 года па 2025 год «размясціў у вольным доступе на інтэрнэт-рэсурсе «Вікіпедыя» 25 тэкставых паведамленняў, якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі, у тым ліку аб гістарычных фактах і дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, выбарах Прэзідэнта і праведзеных рэспубліканскіх рэферэндумах, дзейнасці дзяржаўных органаў улады і ваенізаваных арганізацый, прававым становішчы грамадзян», паведамляе прэс-служба пракуратуры Мінска.
Абвінавачванне лічыць, што тым самым ён дыскрэдытаваў Беларусь і прычыніў «істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».
Паведамляецца, што на судзе мужчына прызнаў сябе вінаватым у поўным аб'ёме.
Прысуд не ўступіў законную сілу і можа быць абскарджаны.
У палітвязня Уладзіміра Гундара ў зняволенні пагоршылася здароўе
Як паведамляе «Радыё Свабода», палітвязню спатрэбіліся новыя, больш моцныя акуляры — ён паскардзіўся на пагаршэнне зроку і цяжкасці з чытаннем і пісьмом.
«Новыя акуляры палітвязню падбіраюць», — паведаміла крыніца, дасведчаная ў ягоных справах. Гэта ўжо другі выпадак за час зняволення, калі Уладзімір мусіць мяняць акуляры.
У турме Гундар вывучае Біблію, піша вершы і нататкі пра жыццё, прыроду і духоўнасць. За кратамі ён больш за чатыры з паловай гады, а агульны тэрмін па двух прысудах складае 20 гадоў. З кастрычніка 2023 года палітвязень знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4 на турэмным рэжыме.
Выданне «Plan B» прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 3 лістапада. Паводле ведамства, да праекту маюць дачыненне Вольга Лойка, Андрэй Махоўскі і Дзмітрый Смірноў.
Грамадскага актывіста з Калінкавічаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»
Як паведамляе «Гомельская Вясна», у СІЗА Магілёва ўтрымліваецца Аляксандр Елісееў, грамадскі актывіст і былы чалец ліквідаванай Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Паводле папярэдніх звестак, яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК) і «абразе Лукашэнкі» (арт. 368 КК).
Елісееў шмат гадоў удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі і неаднаразова затрымліваўся. Падчас аднаго з арыштаў ён трымаў галадоўку.
У Беларусі +14 новых палітвязняў
У спіс дадаліся: Наталля Чубоўская, Аляксей Прахорчык, Уладзімір Патапенка, Іна Корбут, Ірына Мініх, Ганна Уласенка, Уладзімір Казлоўскі, Наталля Пупкевіч, Святлана Кашкель, Маргарыта Навумава, Максім Шуканаў, Андрэй Крывашэй, Іван Фалітар і Валерый Хацкевіч.
Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю на завочны прысуд супрацоўнікам фондаў BYSOL і BY_Help
Пасяджэнне прызначанае на 16 снежня.
Нагадаем, летам Гомельскі абласны суд разгледзеў справу супраць супрацоўнікаў фондаў Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага.
Іх прызналі вінаватымі і прысудзілі да тэрмінаў ад 16 да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага ці агульнага рэжыму.
Instagram-старонку Гарачай лініі «Вясны» прызналі «экстрэмісцкай»
Такое рашэнне прыняў суд Шаркаўшчынскага раёна 6 лістапада.
У спіс таксама трапілі старонкі: esercizidi_memoria, narodby, shevardnadze_by, majstr_by, старонка ва «Укантакце» Евгений Федоров, а таксама TikTok-акаўнты dzimicer, bypashaandreevich, belfury1 і kasiavadanosava.