The Atlantic: У Белым доме прызналі правал спробаў завяршыць вайну паміж Расіяй і Украінай дыпламатыяй
Выданне The Atlantic разбірае, чаму дыпламатыя Трампа не была паспяховай ва ўрэгуляванні вайны Расіі з Украінай, і адзначае, што гэты канфлікт Пуцін разглядае як каштоўнасны, а не эканамічны. Цяпер пытанне ў тым, што будзе рабіць Трамп. А краіны Еўропы паслядоўна працягваюць падтрымліваць Украіну. Ідуць 1358-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 217 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 лістапада.
Траціна расійскіх штурмаў — 76 — прыйшлася на Пакроўскі кірунак, баі адбыліся ў раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Радзінскага, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 23 атакі расіян паблізу Сасноўкі, Стэпавага, Новамікалаеўкі, Першамайскага, Рыбнага.
На Купянскім кірунку адбылося 18 расійскіх атак каля Купянска, Стэпавай Навасёлаўкі, Бароўскай Андрэеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 17 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Атраднага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Белай Гары, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Канстанцінаўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў каля Зарэчнага, Рэдкадубу, Надзеі, Цвердахлебава, Калодзежа.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 10 боесутыкненняў.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі расказаў, што расійцы цяпер найбольш актыўныя на Пакроўскім кірунку, таксама пагоршылася сітуацыя на Запарожскім, Аляксандроўскім і Гуляйпольскім кірунках.
«Сілы абароны Украіны працягваюць дзейнічаць па прынцыпе актыўнай абароны. У складаных умовах перавагі праціўніка нашы падраздзяленні адбіваюць атакі на большасці кірункаў і працягваюць пошукава-ўдарныя дзеянні на пэўных участках. У прыватнасці, у раёнах Купянска і Сіверска. Праціўнік цяпер найбольш актыўны на Пакроўскім кірунку: каля 40 працэнтаў баёў прыйшлося менавіта на яго. Вораг там стабільна нясе значныя страты», — паведаміў Сырскі.
Таксама ён адзначыў, што расіяне павысілі актыўнасць у Запарожскай вобласці.
«Значна пагоршылася сітуацыя на Александроўскім і Гуляйпольскім кірунках, дзе вораг, карыстаючыся колькаснай перавагай у сілах і сродках, у ходзе жорсткіх баёў прасунуўся наперад і захапіў тры населеныя пункты. Воіны групоўкі войскаў "Поўдзень" вядуць знясільваючыя баі за Раўнаполле і Яблакава. Прымаюцца адпаведныя меры падтрымкі. Камбінаваным агнём агрэсару нанесены значныя страты», — напісаў галоўнакамандуючы УСУ.
Ён дадаў, што ў аперацыйнай зоне групоўкі войскаў «Поўдзень» за трое апошніх сутак расійцы страцілі каля 800 чалавек і больш за сотню адзінак рознай ваеннай тэхнікі.
* * *

* * *
Расія абвясціла аб гатоўнасці да новага раўнду перамоваў з Украінай, які можа адбыцца ў Стамбуле, паведаміла расійскае прапагандысцкае выданне ТАСС.
Згодна паведамленню, часовы павераны ў справах Расіі ў Турцыі Аляксей Іваноў заявіў, што расійскі бок гатовы да перамоваў у любы момант. У той жа час Масква падкрэсліла, што Кіеў пакуль не адказаў на папярэднія ініцыятывы.
Нагадаем, у канцы ліпеня гэтага года ў Стамбуле адбыўся трэці раўнд двухбаковых перамоваў паміж Украінай і Расіяй, які доўжыўся каля гадзіны. Падчас перамоваў у Стамбуле Украіна прапанавала арганізаваць сустрэчу паміж Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным. Таксама была агучана ініцыятыва правесці гэту сустрэчу з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і турэцкага лідара Эрдагана ў якасці пасрэднікаў. Абедзве ініцыятывы былі сабатаваныя Расіяй.
* * *
Венгерскі прэм'ер Віктар Орбан у інтэрв'ю венгерскаму тэлеканалу ATV заявіў, што сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў Будапешце ўсё ж адбудзецца, але пазней.
«Расійска-амерыканскі саміт у Будапешце ёсць у парадку дня, хоць ён і затрымліваецца. Тое, што затрымліваецца, усё роўна адбудзецца. Толькі не тады, калі мы хочам, а крыху пазней», — лічыць ён.
Орбан паведаміў, што мірныя перамовы паміж РФ і Захадам «затрымаліся» на пытанні аб тэрыторыях. Паводле яго слоў, Расія нібыта плануе спачатку акупаваць усю Данецкую вобласць, пасля чаго перайсці да мірных перамоваў.
* * *
У Белым доме прызналі правал спробаў завяршыць вайну паміж Расіяй і Украінай — намаганні ЗША схіліць бакі да кампрамісу сарваліся з-за амбіцый Крамля і адмовы Кіева саступаць тэрыторыі, піша The Atlantic.
У публікацыі адзначаецца, што Белы дом прадпрымаў спробы ціску як на Кіеў, так і на Маскву, аднак выніку гэта не прынесла. Амерыканскі лідар, як пішуць журналісты, недаацаніў рашучасць Пуціна. Прэзідэнт Расіі, як адзначае выданне, апантаны ідэяй знішчэння ўкраінскай незалежнасці і не разглядае кампрамісаў, якія прадугледжваюць захаванне суверэнітэту Украіны.
Трамп, па інфармацыі крыніц, меркаваў, што канфлікт можна спыніць простым пагадненнем, якое прызнала б тэрытарыяльныя захопы Расіі і забяспечыла ёй эканамічныя выгады. Аднак, як паказалі наступныя падзеі, расійскі бок не мае намеру абмяжоўвацца частковымі рашэннямі.
«Нядаўна прэзідэнт Трамп паспрабаваў змяніць дынаміку: ён сказаў Пуціну, што можа прадаставіць Украіне дальнабойныя ракеты Tomahawk, і паспрабаваў пераканаць Уладзіміра Зяленскага, каб той саступіў тэрыторыю, але абедзве спробы аказаліся беспаспяховымі», — гаворыцца ў матэрыяле.
Аналітыкі падкрэсліваюць, што спробы ЗША дасягнуць дыпламатычнага прарыву немагчыма вырашыць без змены пазіцыі Масквы адносна Украіны.
* * *
Урад і профільны парламенцкі камітэт Даніі ўзгаднілі дэталі новага, 28-га па ліку пакета ваеннай дапамогі Украіне на агульную суму 1,4 мільярда дацкіх крон (217 мільёнаў долараў), паведамляе прэс-служба дацкага Міністэрства абароны.
Новы пакет ваеннай дапамогі Украіне ўключае дадатковае фінансаванне так званай «дацкай мадэлі» (вытворчасць зброі ва Украіне) у памеры 100 мільёнаў крон. Яшчэ больш за 370 мільёнаў крон Данія выдзяляе на ініцыятыву PURL — закупку амерыканскага ўзбраення для Украіны, і 80 мільёнаў крон — на паліва, якое будзе набыта праз Агенцтва NATO па падтрымцы і забеспячэнні.
* * *
Украіна імкліва ўмацавала пазіцыі на рынку беспілотных тэхналогій, стаўшы адным з сусветных лідараў у вытворчасці дронаў, піша Bloomberg.
За кароткі час украінская абаронная прамысловасць змагла ператварыць сектар беспілотных сістэм у стратэгічна важную галіну. Цяпер у краіне штогод вырабляецца каля 4 мільёнаў дронаў рознага тыпу — ад FPV-мадэляў да дальнабойных ударных комплексаў.
Для параўнання, у ЗША гэты паказчык складае прыкладна 100 тысяч апаратаў. Такі разрыў дэманструе эфектыўнасць украінскага падыходу, заснаванага на гібкасці, хуткасці і пастаянных інавацыях.
Рост вытворчасці стаў магчымы дзякуючы двум фактарам — неабходнасці аператыўна рэагаваць на расійскую агрэсію і растучага попыту з боку краін NATO.
Гэта дазволіла ўкраінскім вытворцам заняць устойлівыя пазіцыі не толькі на ўнутраным, але і на міжнародным рынку. Шэраг кампаній ужо пашыраюць прысутнасць у Еўропе. Напрыклад, Skyeton адкрыла пляцоўку ў Славакіі, прыцягваючы звыш 10 мільёнаў еўра інвестыцый. Кампанія FlyWell рыхтуе сумеснае вытворчасць з фінскай Summa Defence, а Fire Point атрымала падтрымку ад Даніі для распрацоўкі ракетнага паліва для крылатых сістэм Flamingo.
Украінскія тэхналогіі, правераныя ў рэальных баявых умовах, выклікаюць цікавасць дзякуючы нізкаму сабекошту, прастаце абслугоўвання і здольнасці да хуткага аднаўлення. Украінскія ўлады ўжо заявілі аб намеры развіваць экспарт узбраенняў і стварыць прадстаўніцтвы ў Берліне і Капенгагене для прасоўвання сваёй прадукцыі.