Упершыню з 2022 года: да ўкраінскіх ваеннапалонных у Расіі дапусцілі замежнага прадстаўніка
Да ўкраінскіх ваеннапалонных у Расіі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны дапусцілі замежнага прадстаўніка — італьянскага кардынала Матэа Дзупі. Ілан Маск абвінаваціў Украіну ў злоўжываннях Starlink, а Дональд Трамп думае над новымі змякчэннямі санкцый у дачыненні да РФ, лічаць журналісты. Ідуць 1705-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Украінскія ваеннапалонныя пасля абмену. Фота: Генштаб УСУ
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 193 баявых сутыкнення, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 13 атак арміі РФ на кожным.
На Пакроўскім кірунку зафіксавана 16 атак у раёнах населеных пунктаў Сафіеўка, Вольнае, Новы Данбас, Васільеўка, Маладзецкае і ў бок населеных пунктаў Дабраполле, Чырвонападдолле, Сяргееўка.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі восем атак, на Ліманскім кірунку — шэсць атак.
* * *
У Шаўчэнкаўскім раёне Кіева абломкі расійскага беспілотніка упалі на адкрытую тэрыторыю паркоўкі. Адзін чалавек пацярпеў.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па адным з гандлёвых аб'ектаў у Запарожжы. Выбух выклікаў пажар.
Тры чалавекі загінулі, яшчэ восем атрымалі раненні ў Сінельнікава Днепрапятроўскай вобласці ў выніку ўдару расійскага БПЛА.
У Новабаварскім раёне Харкава ў выніку ўдару беспілотнікам загінуў чалавек, яшчэ чацвёра пацярпелі.
Расійскія войскі атакавалі крытычную інфраструктуру Дняпра. Па папярэдніх даных, загінулых і параненых няма.
Расіяне ў ноч на 25 кастрычніка атакавалі дронамі Вінніцу і вобласць. У выніку атакі зафіксаваны пашкоджанні і частковы блэкаўт. Інфармацыя пра пацярпелых не паступала.
У суботу вечарам расійскія войскі атакавалі Славянск фугаснымі авіяцыйнымі бомбамі, ёсць разбурэнні, двое чалавек параненыя.
У ноч на 25 кастрычніка беспілотнікі атакавалі цэнтральную частку расійскага Белгарада. Успыхнуў маштабны пажар, па даных маніторынгу, верагодна, ёсць траплянні ў мясцовы ТРЦ.
* * *
* * *
Уладальнік SpaceX Ілан Маск у сацсетцы X абвінаваціў украінскіх ваенных у парушэнні умоў выкарыстання Starlink, што прывяло да гібелі людзей. Па яго словах, гэтую «дзірку» закрылі на мінулым тыдні.
«Выкарыстанне Starlink, грамадзянскай камерцыйнай паслугі, для наступальных удараў дронамі з мэтай забойства людзей ніколі не дазвалялася і не павінна дазваляцца… Ваенныя Украіны парушылі ўмовы выкарыстання Starlink і выкарысталі яго для наступальных удараў дронамі з мэтай забойства людзей. Гэтую дзірку закрылі на мінулым тыдні», — напісаў Маск.
Былыя дарадцы міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў і Сяргей Сцерненка адпрэчылі абвінавачанні Ілана Маска. «Флэш» назваў заяву Маска дзіўнай і заявіў, што грамадзянская версія Starlink мае абмежаванне хуткасці прыкладна 70–90 км/г. Акрамя таго, Starlink не працуе над тэрыторыяй Расіі. «Такім чынам, мы фізічна не можам выкарыстоўваць камерцыйны Starlink для ўдараў», — заявіў ён.
Сяргей Сцерненка таксама адпрэчыў сцвярджэнні Маска. Па яго словах, пасля ўвядзення ў лютым сістэмы «белых спісаў» стацыянарнымі тэрміналамі маглі карыстацца і грамадзянскія, і ваенныя. Аднак для працы тэрмінала падчас руху яго неабходна было асобна зарэгістраваць і падключыць да ваеннай сістэмы Starshield. Гэта азначае, што выкарыстанне менавіта грамадзянскага Starlink для выканання баявых місій беспілотнікамі было тэхнічна немагчымым.
* * *
Да ўкраінскіх ваеннапалонных у Расіі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны дапусцілі замежнага прадстаўніка — італьянскага кардынала Матэа Дзупі, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец.
«Асобна мяне паінфармавалі, што ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны да нашых хлопцаў фізічна дапусцілі замежнага прадстаўніка — Спецыяльнага пасланніка Папы Льва XIV кардынала Матэа Дзупі», — напісаў амбудсмен.
Па словах Лубінца, украінскія абаронцы таксама пацвердзілі, што іх пачалі наведваць прадстаўнікі расійскай упаўнаважанай па правах чалавека.
Лубінец паведаміў, што рэгулярна сустракаецца з расійскай амбудсменкай Янай Лантратавай. Падчас апошняй размовы бакі зноў абмеркавалі далейшыя крокі для вяртання ўкраінскіх грамадзян.
Украінскі амбудсмен падкрэсліў, што кожны абмен з'яўляецца вынікам складаных перамоў і адначасна магчымасцю прасунуцца ў вызваленні ваеннапалонных і грамадзянскіх. Ён выказаў надзею, што пазітыўная дынаміка з допускам прадстаўнікоў да палонных захаваецца.
* * *
Украіна нарасціла дальнабойныя ўдары па расійскіх НПЗ, газавых тэрміналах, ваенных аб'ектах і суднах. Гэтаму спрыяюць развіццё ўласнай зброі, спадарожнікавыя здымкі і разведвальныя даныя, піша Bloomberg.
Адным з ключавых удзельнікаў пашырэння такіх аперацый стала падраздзяленне Kairos. Яго вынікі дазволілі Украіне ўзмацніць ціск на рускую ваенную інфраструктуру і марскую лагістыку.
У прыватнасці, у верасні Kairos разам з іншымі падраздзяленнямі выклікаў пажар на НПЗ у раёне Масквы. Падчас падрыхтоўкі ўдару ваенныя аналізавалі не толькі актуальныя спадарожнікавыя здымкі, але і архіўныя выявы, каб вызначыць змены аб'екта і ўдакладніць мэты.
У той жа час, падчас удараў па тэрыторыі РФ украінскія ваенныя не могуць выкарыстоўваць Starlink як канал сувязі — там сэрвіс выключаны. Для такіх аперацый прымяняюць як дроны з дыстанцыйным кіраваннем, так і крылатыя ракеты, папярэдне праграмуемыя для палёту да пэўнай мэты.
Вынікі працы Kairos дазволілі пашырыць падраздзяленне з батальёна да 7-га Цэнтра беспілотных сістэм. Цяпер гэта вялікая структура з сотнямі ваеннаслужачых, якая можа кіраваць іншымі падраздзяленнямі.
Наступствы ўдараў па аддаленых мэтах адчувае расійская эканоміка: спажыўцы ў РФ сутыкаюцца з дэфіцытам і ростам цэн, а пашкоджанне цэнтраў апрацоўкі даных ускладняе інтэрнэт-трафік і гандаль.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць далейшага змякчэння санкцый у дачыненні да Расіі пасля нядаўняга пагаднення па дызельным паліве і рыхтуецца пайсці на саступкі па экспарце расійскіх угнаенняў, піша Kyiv Independent.
Як адзначае выданне, сама галіна напрамую не падпадае пад санкцыі ЗША — Вашынгтон не ўводзіў прамых санкцый у дачыненні да расійскіх угнаенняў і не забараняў іх імпарт. Аднак, як адзначыў адзін высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, такое патэнцыйнае пагадненне можа прадугледжваць зняцце абмежаванняў са звязаных з галіной суднаў, кампаній, банкаў і фізічных асоб.
Расія даўно дамагаецца змякчэння абмежаванняў, якія ўплываюць на экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Масква падымала гэтае пытанне падчас перамоў па Чарнаморскай зерневай ініцыятыве яшчэ ў 2022 годзе, але заходнія ўрады сцвярджалі, што экспарт расійскіх харчовых прадуктаў і ўгнаенняў не падлягаў прамым санкцыям.
«Гісторыя з угнаеннямі дастаткова старажытная, і расіяне спрабавалі яе прапхнуць ужо даўно. Яны заўсёды лабіравалі адмову ад угнаенняў у кантактах з амерыканцамі і еўрапейцамі. Насамрэч яны выйшлі з Чарнаморскай зерневай ініцыятывы з-за адсутнасці прагрэсу ў пытанні ўгнаенняў», — сказаў прадстаўнік украінскай разведкі.
Цяпер украінскія чыноўнікі асцерагаюцца, што Вашынгтон можа быць гатовы прапанаваць Маскве саступкі па пытанні, якое яна спрабавала вырашыць гадамі.
У той жа час пакуль невядомыя патэнцыйныя дэталі пагаднення па ўгнаеннях. Крыніцы не назвалі ніякіх канкрэтных санкцый, якія Вашынгтон можа адмяніць.