Германія прыняла рашэнне істотна павялічыць ваенную дапамогу Украіне
2,2% выдаткаў бюджэту ФРГ у наступным годзе прыйдуцца на дапамогу Украіне. ЕС працуе над 20-м пакетам санкцый у дачыненні да Расіі. А саюзнікі Масквы знясільваюцца — Пекін вычарпаў свае запасы снарадаў для паставак РФ. Ідуць 1361-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 265 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 107 штурмаў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Радзінскага, Новапаўлаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Катляроўкі, Арэхава, Філіі і Дачнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 35 атак паблізу Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і ў бок Канстанцінаўкі і Палтаўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 25 разоўкаля Новаягораўкі, Цвердахлебава, Карпаўкі, Калодзежаў, Шандрыгалава, Мірнага, Зарэчнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 18 атак паблізу Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Ялты, Аляксандраграду, Стэпавага і іншых.
На Славянскім кірунку зафіксавана 17 атак у раёнах Ямпаля, Дронаўкі, Серабранкі, Сіверска і Пераезнага.
На Гуляйпольскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 штурмаў у раёнах Салодкага, Яблакавага і ў бок Зялёнага Гаю і Варвараўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 11 боесутыкненняў паблізу Ваўчанска, Сінельнікавага, Атраднага, Дварычанскага.
* * *
Увечары ў пятніцу, 14 лістапада, расіяне атакавалі аэрабалістычнымі ракетамі «Кінжал» Хмяльніцкую вобласць. Згодна з данымі Паветраных сіл, расійскія войскі запускалі «Кінжалы» на Стараканстанцінаў. Як паведамляюць мясцовыя паблікі, частка ракет магла ўпасці ў палях.
У ноч на суботу, 15 лістапада, у расійскай Разані чулі серыю выбухаў. У сацсетках пішуць аб атацы на нафтаперапрацоўчы завод. Разанскі НПЗ належыць кампаніі «Раснафта» і з'яўляецца чацвёртым па велічыні нафтаперапрацоўчым заводам Расіі.
* * *

* * *
Дыялог прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным неабходны для таго, каб скончыць вайну ва Украіне, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс у інтэрв'ю для Fox News.
Падчас гутаркі ён адзначыў, што чуў, як многія людзі крытыкавалі Трампа, калі той размаўляў з Пуціным. Вэнс растлумачыў матыў гэтых размоў: «Не абавязкова згаджацца з рашэннем Уладзіміра Пуціна ўварвацца ва Украіну, але калі вы хочаце дасягнуць міру, вы павінны быць моцнымі. Вы таксама павінны размаўляць з людзьмі. Вы павінны займацца агрэсіўнай, актыўнай дыпламатыяй».
«Яго дактрына заключаецца ў тым, каб мець самае моцнае войска ў свеце, засяродзіцца на міры, але не дазваляць журналістам у Вашынгтоне ўказваць вам, з кім вы можаце размаўляць і як вы можаце займацца дыпламатыяй», — сказаў Вэнс.
* * *
Паўночная Карэя вычарпала свае запасы снарадаў для паставак Маскве, пра што сведчыць статыстыка за апошні перыяд, заявіў намеснік начальніка ГУР МА Украіны Вадзім Скібіцкі, перадае Reuters.
Мільёны артылерыйскіх снарадаў з КНДР дапамаглі Расіі падтрымліваць тэмп стральбы на фронце ў 2024 годзе, але ў гэтым годзе колькасць паставак скарацілася больш чым удвая. Пхеньян вычарпаў запасы снарадаў для РФ — з 2023 года Паўночная Карэя адправіла Маскве 6,5 мільёна артылерыйскіх снарадаў.
Намеснік кіраўніка ГУР паведаміў, што ў верасні гэтага года не было зафіксавана ніякіх паставак снарадаў у Расію з КНДР, але некаторыя адправілі ў кастрычніку. Аднак каля паловы боепрыпасаў за апошні месяц аказаліся настолькі старымі, што іх трэба было адправіць на заводы ў РФ для ўдасканалення.
Скібіцкі таксама дадаў, што Паўночная Карэя пачала масавую вытворчасць FPV-дронаў, а таксама больш буйных баявых беспілотнікаў сярэдняй далёкасці, хаця маштабы не ўдакладніў.
«Яны вучацца, яны вывучаюць свой досвед (у гэтай вайне), каб пашырыць вытворчасць на ўласнай тэрыторыі», — сказаў ён.
Reuters нагадаў, што тысячы паўночнакарэйскіх ваенных у мінулым годзе ваявалі разам з расіянамі ў Курскай вобласці. Паўночная Карэя прызнала свой удзел у падзеях ва Украіне, сцвярджаючы, што яе роля «дапамагае захаваць мір у свеце перад абліччам агрэсіі Захаду». Аднак КНДР не дала ніякіх падрабязнасцяў і не адказала на запыты аб каментарах адносна свайго ўдзелу ў вайне.
* * *
Кіруючыя партыі Германіі прынялі рашэнне істотна павялічыць ваенную дапамогу Украіне — пра гэта сведчыць праект бюджэту, узгоднены пасля 15-гадзіннага пасяджэння, паведамляе Politico.
Дэпутаты кааліцыі запланавалі даць Кіеву 11,5 млрд еўра, што з'яўляецца самай вялікай сумай з пачатку поўнамаштабнай вайны і роўнае палове ўсіх сродкаў, якія Берлін ужо надаў Украіне. Аб'ём падтрымкі складае 2,2% сукупных выдаткаў, прадугледжаных у праекце бюджэту.
Як піша Tagesschau, «украінскі» артыкул выдаткаў зведаў найбольшыя змены. Міністэрства фінансаў прапанавала павялічыць асігнаванні па гэтым артыкуле на 3 млрд еўра ў параўнанні з папярэдняй версіяй бюджэту. Дадатковыя сродкі накіруюць на артылерыю, беспілотнікі, бронетэхніку і дзве сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot.
Па стане на сярэдзіну кастрычніка Берлін надаў Украіне 22,5 млрд еўра, з якіх 17,7 млрд еўра — ваенная дапамога, 3,4 млрд еўра — гуманітарная і 1,4 млрд еўра — фінансавая.
Таксама Германія плануе зрабіць дадатковы ўклад у ініцыятыву PURL, праз якую краіны NATO купляюць амерыканскае ўзбраенне для Украіны. Унёсак складзе не менш за 150 мільёнаў еўра, паведаміў міністр абароны ФРГ Борыс Пісторыус.
* * *
Кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас заявіла, што Еўрапейскі Саюз пачаў працу над новым 20-м пакетам санкцый супраць Расіі. Пра гэта яна сказала пасля сустрэчы ў Берліне з міністрам абароны Германіі Борысам Пісторыусам і іншымі калегамі, перадае DW.
«Войны прайграюць тыя, у каго першымі сканчаюцца грошы ці салдаты», — сказала Калас, дадаўшы, што менавіта таму ЕС павінен «працягваць ціснуць на Расію санкцыямі».
Калас высока ацаніла апошнія санкцыі, уведзеныя ЗША супраць расійскіх нафтавых кампаній. «Санкцыі працуюць больш эфектыўна, калі іх дапаўняе падтрымка міжнародных партнёраў», — падкрэсліла яна.
Пры гэтым Калас не паведаміла падрабязнасцяў адносна будучага 20-га пакета санкцый. Паводле даных еўрадыпламатаў, аб'ектамі санкцый могуць стаць расійскія энергетычныя кампаніі і судны, якія належаць так званаму расійскаму «ценявому флоту».