Лідары РЭП будуць адбываць пакаранне на Магілёўшчыне?
Абвінавачаныя па «справе прафсаюза РЭП» палітзняволеныя Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч і Вацлаў Арэшка былі асуджаныя 5 студзеня гэтага года. Фядыніча і Бераснева асудзілі на 9 гадоў калоніі кожнага, Вацлава Арэшку — да 8 гадоў калоніі. 31 сакавіка Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд лідарам незалежнага прафсаюза.
Тым часам, як стала вядома, Генадзя Фядыніча, Васіля Бераснева і Вацлава Арэшку перавялі з Мінска ў Магілёў, дзе яны і чакаюць разгляду апеляцыйнай скаргі ў СІЗА Магілёва.
Чаму лідараў зліквідаванага прафсаюза РЭП перавялі ў Магілёў яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі?
Былы старшыня прафсаюза РЭП Васіль Завадскі, які ў лютым 2021 года пад пагрозай крымінальнага пераследу пакінуў Беларусь, называе некалькі прычын:
— Па-першае, іх маглі перавесці ў Магілёў з-за перапоўненасці СІЗА МУС на Валадарцы. На жаль, наўрад ці можна спадзявацца, што Вярхоўны суд задаволіць апеляцыйную скаргу. Хутчэй за ўсё, Дэпартамент выкання пакаранняў МУС ужо вызначыў калоніі, дзе лідары прафсаюза РЭП будуць адбываць пакаранне — на Магілёўшчыне.
І яшчэ магчымая прычына, па якой мог адбыцца такі перавод, — гэта такая дробная помста сілавых структур, жаданне стварыць дадатковыя перашкоды для сваякоў асуджаных.
— Са здароўем у маіх калег зразумелыя праблемы: па-першае, сталы ўзрост, па-другое, некаторыя з іх маюць у анамнезе анкалогію, цукровы дыябет — абедзве хваробы патрабуюць як мінімум пастаяннага кантролю з боку медыкаў. На жаль, у пенітэнцыярных установах няма ні анколагаў, ні эндакрынолагаў. Аднак лекі ў СІЗА прымаюць, — кажа Васіль Завадскі.