Васіль Завадскі: Лідарам РЭП далі такія тэрміны, якія забойцам не даюць

У Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня вынесены прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку.

_belarus_horad_cyrk_ekanomika_stanoviszcza_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpeg


Усіх абвінавацілі ў закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).


Суддзя Анастасія Папко прызнала лідараў незалежных прафсаюзаў вінаватымі і асудзіла Генадзя Фядыніча да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Васіля Бераснева — да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вячаслава Арэшку да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пра тое, чаму такія жорсткія прысуды вынесены лідарам прафсаюза РЭП «Новы Час» пагутарыў з праваабаронцам, былым старшынёй прафсаюза РЭП Васілём Завадскім.

— Тэрміны жудасныя, нечакана жудасныя. Вядома, ніякага спадзеву на апраўданне лідараў РЭП не было, але разам з тым ніхто і не чакаў настолькі жорсткіх і бесчалавечных прысудаў. Хутчэй за ўсё і пракурор прасіў такія вялізныя тэрміны, калі яшчэ не большыя. Цяпер, пасля завяршэння закрытага працэсу, мы пра гэта даведаемся.

Я думаю, што прысуд лідарам незалежнага прафсаюза яшчэ раз паказаў, што найважнейшай задачай рэжыму застаецца ўтрыманне ўлады. Беларускі рэжым не баіцца ўзмацнення ніякіх санкцый: на пачатку лета «беларускае пытанне» разгледзіць Міжнародная арганізацыя працы (МАП) і можа ўвесці яшчэ больш балючыя санкцыі супраць афіцыйнага Мінска. Былі надзеі, што здаровы сэнс у гэтай справе возьме верх, але яны расталі як леташні снег.

Акрамя таго, цалкам верагодна, што Фядыніча і ягоную каманду прэвентыўна выключаюць з электаральнага цыкла. Фядыніч — папулярны дзеяч, з харызмай; хоць ніколі не заяўляў аб амбіцыях ісці ў прэзідэнты, але пра такую верагоднасць раз-пораз гаварылі ў апазіцыйных колах. Так што дзеючы рэжым зачышчае прастору на будучыню, і найперш — пад чарговы электаральны цыкл.

Ёсць і яшчэ адна версія такога жорсткага прысуду — закрыць патэнцыйна небяспечнага палітыка на выпадак абвастрэння сітуацыі ў Беларусі з-за вайны ва Украіне.

Як бы там ні было, адчуваю, што рашэнне па справе прафсаюза РЭП прымалася на самым версе: ім далі такія велізарныя тэрміны, якія забойцам не заўсёды даюць.

— Сённяшнім прысудам улада завяршыла знішчэнне незалежных прафсаюзаў. Што страціў і згубіў рэжым і краіна ў цэлым?

— Безумоўна, знішчэнне незалежнага прафсаюзнага руху прынясло краіне адны страты. У любой цывілізаванай дзяржаве незалежныя парфсаюзы дапамаюць уладзе, калі яна дбае пра свой народ. Хоць прафсаюзы амаль заўсёды знаходзяцца ў канфлікце з наймальнікамі, але ад гэтага выйграюць усе: яны дапамагаюць гарантаваць бяспеку працы работнікаў, ажыццяўляць выплату заробкаў, выконваць сацыяльныя гарантыі — і дзяржава, і працоўныя аказваюцца ў выйгрышы.

Сістэма незалежных прафсаюзаў разбураецца, а «жоўтыя» прафсаюзы толькі і налаўчыліся, што дзяліць навагоднія падарункі ды перыядычна маніторыць цэны. Гэты факт яшчэ раз сведчыць аб тым, што на першым плане ў рэжыма — захаванне асабістай улады.

— Рэпрэсіі ішлі ў 2020-ым, 2021-ым, 2022-ім гадах, пачатак 2023 года паказвае, што рэпрэсіўны махавік не спыняецца. Грамадства ўжо нават не варушыцца пад цяжарам пераследу, а рэпрэсіі толькі нарастаюць. Якой логікай кіруецца рэжым у сваіх дзеяннях?

— Тут некалькі чыннікаў. Адзін з іх — стварэнне, нагнятанне і падтрыманне атмасферы страху, што патрабуе ад рэжыму пастаяннай дынамікі гэтага працэсу. Фундаментальную прычыну нарастання рэпрэсій я ўжо назваў — намер і жаданне ўтрымаць уладу.

На жаль, чакаць, што ўсе палітвязні будуць вызвалены адным днём, не выпадае. Карная машына, якая працуе на ўсіх парах, не можа спыніцца нават з бюракратычных прычын.  Толькі паглядзіце, колькі рэсурсаў траціцца на маніторынг сацсетак, на прагляд відэа і фотаздымкаў у інтэрнэце, колькі чалавек у гэтым задзейнічана, колькі часу, колькі грошай ідзе на пераслед іншадумства! Што, нехта з сілавікоў заявіць, што, маўляў, хопіць, задача выканана? Гэта значыць — трэба брацца за новыя задачы, можа, нават скарачаць штаты… Хто згадзіцца на такое па ўласнай ініцыятыве? Знаходзіць, затрымліваць дзяўчатак, навукоўцаў, айцішнікаў за здымкі на мірных пратэстах куды бяспечней, чым змагацца з рэальнай злачыннасцю. А для ўзнагарод і для кар’еры, напэўна, больш карысці, бо змагаюцца як бы з асабістымі ворагамі самі ведаеце каго.

Само па сабе гэта не спыніцца.

— Ці здольна пенітэнцыярная сістэма пераварыць усіх зняволеных?

— Гэта апошняе, пра што будзе клапаціцца рэжым — перапоўненасць турмаў. Грамадзяне, асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў, дзясяткамі змяшчаюцца ў двухмесныя камеры, нават калі пры гэтым ёсць пустыя.

Калі казаць пра традыцыйныя ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы (калоніі, турмы), то ў 90-я гады за кратамі ў Беларусі знаходзіліся больш за 60 тысяч чалавек; у памяшканнях стаялі трохярусныя нары. Безумоўна, гэта вялікі клопат: накарміць зняволеных, забяспечыць ім элементарныя камунальна-бытавыя ўмовы, не дапусціць распаўсюджвання хвароб (сухотаў ды іншых).

Па маіх падліках, цяпер у месцах зняволення (разам з СІЗА ды ЛТП) знаходзяцца каля 40 тысяч зняволеных. Гэта значыць, што пенітэнцыярная сістэма здольна прыняць яшчэ 20 тысяч чалавек.

— Леташняя амністыя, якая ад пачатку рабілася напалову пад палітвязняў, закранула каля 8 тысяч зняволеных — але ніводнага палітычнага. Рэжым вызваляе новыя месцы для палітычных праціўнікаў?

— Сапраўды, гэта першая думка пасля такой амністыі: сацыяльна блізкія рэжыму зняволеныя выпускаюцца, каб вызваліць новыя месцы для палітычных апанентаў. Як толькі адначасова з аб’яўленнем амністыі ўлады паставілі на паток прызнанне грамадзян экстрэмістамі, тады ж стала зразумела, што амністыя рыхтуецца не з гуманнасці і палітвязняў ніяк не закране.