«Поспехі Украіны выклікаюць у кагосьці жывёльны страх». У Дзяніса Івашына забралі ў турме малюнак
Палітзняволены журналіст і аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын з нагоды Новага года намаляваў у няволі ялінку, упрыгожаную жоўта-блакітнымі гірляндамі. Чым усё закончылася, распавяла жонка палітвязня Вольга.

«Найстрашнейшы бунтарскі акт здзейсніў наш ваяр наўпрост у бярлозе ворага: ён намаляваў жоўта-блакітныя гірлянды з белымі ды чырвонымі шарамі. Страх і жах, адным словам! Супрацоўнікі гарадзенскай вязніцы нейтралізавалі пагрозу найэфектыўнейшым чынам: забралі малюнак. Магчыма, з'елі яго далей ад граху. Ну ці максімум спалілі, каб не дай бог ім той малюнак не нашкодзіў», — напісала Вольга Івашына.
— Чарговы раз узгадваюцца словы Дзяніса: «Як можна такіх
ворагаў паважаць?» — адзначыла жонка палітвязня.
Яна дадала, што «пераможцы» працягваюць змагацца з беларускай ці ўкраінскай сімволікай паўсюль».«Прычым гэтая сімволіка, паводле слоў тых жа «пераможцаў», нічым ім не пагражае. Аднак, імаверна, што ўкраінскія поспехі на фронце ў кагосьці выклікаюць жывёльны страх», — падкрэсліла Вольга Івашына.
У верасні ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым працэсе Дзяніса Івашына прызналі вінаватым паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў») і ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») Крымінальнага кодэкса і асудзілі яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
