Ці звязаны вялікая колькасць палітычных працэсаў у пачатку года і ўдзел беларускага войска ў вайне?
Канцэнтрацыя «палітычных» судоў у студзені — злавесны мэсэдж ад рэжыму ўжо больш за два гады, адзначае Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Салідарнасці».

Чаму ўлады спяшаюцца асудзіць палітвязняў і ці звязана гэта з магчымым наступам на Украіну з Беларусі?
У Беларусі ў студзені прызначаны разгляд шэрагу палітычна матываваных крымінальных спраў. У чацвер жорсткія прысуды вынеслі лідарам незалежных прафсаюзаў, пачалі разгляд справы ў дачыненні да нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і праваабаронцаў-«вясноўцаў». Зусім хутка пачнуцца суды ў дачыненні да журналістаў, завочна будуць судзіць і сябраў Каардынацыйнай рады на чале са Святланай Ціханоўскай.
Паралельна гэтаму «The Telegraph» публікуе аналіз становішча спраў на франтах Украіны і адзначае, што апошнія ўдары УСУ абмяжоўваюць для войска РФ наступ на Данбас. Ёсць падазрэнні, што выхадам з гэтай сітуацыі для Расіі стане новая атака з тэрыторыі Беларусі.
Ці можна ўбачыць у гэтым узаемасувязь з тым, што беларускі рэжым спешна спрабуе вынесці прысуды па палітычна матываваных справах?
— Новая атака на Украіну з Беларусі верагодная, але, думаю, не на 100%. Тут ёсць цэлы шэраг нюансаў. Украінскі бок адзначае, што ідзе маніторынг сітуацыі ў Беларусі, і пакуль што яны не бачаць тут «ударнага кулака», — адзначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.
Каб назапасіць патрэбную колькасць сіл, неабходна два-тры месяцы. Паводле звестак украінскага боку, цяпер у Беларусі да 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў, з іх дзесяць — мабілізаваныя, якія яшчэ не гатовы ісці ў бой.
Таму наўрад ці да вясны магчымы такі наступ (на Украіну з Беларусі. — Рэд.). Плюс украінскі бок добра памятае ўрокі лютага — пачатку сакавіка 2022 года, і цяпер украінска-беларуская мяжа замініравана, там узарваны масты і г. д.
Вядома, украінцы цяпер рыхтуюцца сустрэць праціўнікаў па поўнай праграме. Так што лёгкай прагулка не аказалася тады, тым больш не будзе і цяпер.
Як адзначае эксперт, не факт, што ў вайну ўступяць беларускія войскі — і гэта важна. Але нават калі ўявіць новы наступ з Беларусі, дзе будуць удзельнічаць беларускія войскі, дык следчых, пракурораў і суддзяў на фронт не адправяць. Гэта значыць, што выносіць прысуды ў спешцы па прычыне ўдзелу ў вайне няма сэнсу.
— Расія цяпер ваюе, і гэта не перашкаджае ёй праводзіць рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў тамтэйшага рэжыму.
У выпадку ўступлення беларускага войска ў вайну спатрэбіцца яшчэ мацней і больш жорстка душыць незадаволенасць грамадства. Гэта значыць, увесь апарат і канвеер рэпрэсій будзе працаваць асабліва інтэнсіўна. У гэтым кантэксце варта адзначыць, што самыя жорсткія прысуды нядаўна былі вынесены менавіта «рэйкавым партызанам». Рэжым тым самым пасылае сігнал, што такога роду супраціў будзе душыць асабліва бязлітасна.
Мне здаецца, прамой узаемасувязі паміж высокай канцэнтрацыяй палітычных працэсаў у студзені і падрыхтоўкай да магчымага ўварвання ва Украіну з боку Беларусі няма. Усе структуры, завязаныя на рэпрэсіі, працуюць у сваім рэжыме, у іх свая логіка. Паўтару, на фронт яны не пойдуць, і ўсе гэтыя людзі будуць вельмі патрэбныя рэжыму ў выпадку, калі беларуская армія ўступіць у вайну.
Сігнал а-ля «маўчыце ў анучку і не рыпайцеся, інакш вам будзе дрэнна» Лукашэнка і ягоны рэжым падаюць ужо два гады. Суды ў дачыненні да пратэстоўцаў, праваабаронцаў, журналістаў і г. д. працягваюцца не першы месяц і не першы год. Думаю, тут працуе траўма 2020 года, калі Лукашэнка зразумеў, што цацкацца з апазіцыяй і іншадумствам, у яго разуменні, нельга.
Было вырашана, што «шкадаваць» нельга, паколькі магчыма новая хваля пратэстаў. Дзейнасць праваабаронцаў і журналістаў і так амаль спынена ў Беларусі.
Разгляд адразу некалькіх гучных «палітычных спраў» у адным месяцы Класкоўскі прапануе разглядаць у больш шырокім сэнсе, не ўдаючыся ў канспіралогію.
— Гэта злавесны мэсэдж ад рэжыму ўжо больш за два гады. Думаю, тут лагічней зыходзіць з прынцыпу брытвы Акама, калі адсякаюцца непатрэбныя сутнасці. Тут працуе больш шырокая логіка рэпрэсій, а не тое, што гэта этап падрыхтоўкі да вайны і ўдзелу беларускага войска ў гэтай вайне, — робіць выснову аналітык.