«Гэта свята без пафасу, аднак свята…» Алег Груздзіловіч пра тое, як палітвязні адзначаюць Новы год у СІЗА
Ролю крыштальных келіхаў выконвалі алюмініевыя кубкі, замест шампанскага — шыпучка з садавінай, але ж навагодні салат, мандарыны і застольныя прамовы — сапраўдныя і шчырыя.
Журналіст «Радыё Св*бода» Алег Груздзіловіч распавёў на baj.life, як свята прабіваецца праз таўшчэзныя муры ў самыя змрочныя месцы. Год таму ён знаходзіўся ў СІЗА на Валадарцы ў чаканні выраку за прафесійную дзейнасць і цяпер згадвае, як захоўваюць нармальнасць палітзняволеныя.
«Дзякуючы майму затрыманню, некаторыя журналісты паспелі з’ехаць»
Паўторнае затрыманне Алега Груздзіловіча ў 2021 годзе (у ліпені ён адбываў дзесяць дзён арышту) адбылося напярэдадні Калядаў, 23 снежня. Той дзень журналіст памятае ў дэталях.
— З жонкай рыхтаваліся да прыезду ўнукаў, якіх у нас чацвёра, — згадвае журналіст. — Па сямейнай традыцыі перад Новым годам мы звычайна ўпрыгожваем кватэру. Цягам некалькіх гадзін я развешваў гірлянды, ліхтарыкі, ілюмінацыю.
Такім чынам у перадсвяточных клопатах прайшло паўдня. Настрой быў добры, і здавалася, што нічога яму не перашкодзіць.
— Звычайна пры развітанні з жонкай мы абдымаемся, нават калі расстаемся на пару гадзін, — працягвае Алег Груздзіловіч. — Але ў той раз я стаяў на падаконніку, і было нязручна. А жонка спяшалася па справах.
Гэты шчымлівы момант журналіст успамінае са шкадаваннем. Хто ж ведаў, што ў той дзень рэпрэсіўная сістэма мела свае планы на чужое шчасце?
Рэпарцёру выпадала доўгае расстанне з сям’ёй і блізкімі, месяцы ў СІЗА, бясконцыя допыты. А таксама інфармацыйны, душэўны, маральны голад.
— Трэба было схадзіць у краму, — пераходзіць да дэталяў затрымання суразмоўца. — Я выйшаў з дома, яшчэ азірнуўся паглядзець, як выглядаюць упрыгожаныя вокны, застаўся задаволены. Узгадаў, што забыўся выключыць пліту, на якой варыўся, дагэтуль памятаю, грыбны суп. Давялося вяртацца.
Неабходна адзначыць, што менавіта ў той дзень улады абвесцілі «Радыё Св*бода» экстрэмісцкім фармаваннем, але гэтага Алег Груздзіловіч не ведаў, бо займаўся хатнімі справамі.
Паведаміць непрыемную навіну патэлефанавала яго калега Інэса Студзінская, якая міжвольна і стала сведкай затрымання.
— Каля пад'езда я ўбачыў мужчыну, ён спытаўся маё імя, а праз секунду з напарнікам ужо круціў мне рукі, — уздыхае рэпарцёр.
Вярнуўшыся дахаты, жонка журналіста не заспела. У гэты час Алега Груздзіловіча, напэўна, ужо везлі ў Следчы камітэт, дзе азнаёмілі з пастановай аб змене ўмоў утрымання.
Ужо праз пару гадзін журналіст зразумеў, што спадзявацца на хуткае вызваленне не даводзіцца. Ён з сумам глядзеў праз вокны аўтамабіля, які вёз яго на Валадарку, на вулічную ілюмінацыю, святочную мітусню мінакоў і невялікі снег, спрабуючы захапіць апошнія імгненні на волі.
Знаёмыя журналіста добра ведаюць яго філасофскае стаўленне да жыцця, пранізлівую іранічнасць і ўменне знаходзіць нагоду для аптымізму ў розных сітуацыях.
Да свайго затрымання ён паставіўся менавіта так: «Я ведаю, што мая калега Інэса Студзінская, дзякуючы таму, што пачула па тэлефоне, змагла своечасова з’ехаць з Беларусі. Для яшчэ аднаго журналіста гэта таксама стала апошняй кропляй, і ён вырашыў не чакаць людзей у масках. Маю ўпэўненасць, што гэта выратавала іх ад затрыманняў».
«Я прыйшоў у камеру і сказаў: усё, хлопцы, закончыліся нашыя дыскусіі…»
Камера ў СІЗА на Валадарцы напалову была палітычнай: з васьмі чалавек чатырох прызналі палітвязнямі.
Ніводнага дня Алег Груздзіловіч не меў ілюзій і рыхтаваўся да песімістычнага сцэнару:
«Пасля размовы са следчым стала зразумела, што гэта не проста запалохванне. Хутчэй за ўсё быў загад давесці справу да канца. Хоць доказаў майго ўдзелу ў масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах не было ніякіх.
Знайшлі толькі фотаздымак, дзе я пальцамі паказваў літару "V". Звычайная палітычная справа…»
Настрой астатніх сукамернікаў журналіст характарызуе як «дзелавы, несентыментальны», бо «дарослыя людзі, усё разумеюць».
Тых жа, хто ўпаў у роспач, імкнуліся падбадзёрыць, падтрымаць маральна, даць матывацыю. Не заўсёды атрымлівалася — на Валадарскага людзі трапляюць у розным псіхалагічным стане.
— У хуткім часе мне далі статус схільнага да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў, — з усмешкай згадвае журналіст. — Як гэта выглядае? Выклікаюць да начальніка СІЗА, тлумачыць якому нешта бессэнсоўна. Пасля — да цябе дадатковая ўвага, рэгулярныя праверкі. Яшчэ мы абавязаныя былі знаходзіцца на бачных ложках.
З асаблівай цеплынёй Алег Груздзіловіч расказвае пра перадачы: як жонка дасылала пірагі, булачкі, іншую хатнюю здобу.
— З кожным днём зняволення вастрэй і вастрэй адчуваўся эмацыйны, інфармацыйны, фізічны голад, — дзеліцца ён адчуваннямі. — Для кожнага — сваё задавольванне. Фізічны голад праз передачы, а вось з інфармацыйным горш. Хочацца ведаць, што адбываецца на волі, але ж навіны прасочваюцца са спазненнем.
Так, пра вайну ва Украіне мы даведаліся толькі 26 лютага.
Напярэдадні ў нас было шмат дыскусій: будзе ўварванне ці не. Адвакат мне сказала, што бамбяць Кіеў, захоплена Чарнобыльская АЭС, пайшлі танкі. Тады я вярнуўся ў камеру і сказаў: усё, хлопцы, закончыліся нашыя дыскусіі…
Другой крыніцай інфармацыі былі лісты з волі. Іх чакаюць не менш, чым перадачы.
— На Валадарцы лісты звычайна прыносілі пасля абеду. Гэтага моманту вельмі чакаеш, і крыўдна, калі доўга нічога не атрымліваеш, — прызнаецца былы палітвязень. — А нехта ў адзін дзень атрымлівае адразу тры канверты, і думаеш: як яму здорава!
«Ноччу зусім побач з СІЗА пачулі выбухі феерверкаў»
Экзістэнцыйна важным момантам знаходжання ў месцах зняволення, на думку Алега Груздзіловіча, з'яўляецца імкненне жыць нармальна, наколькі гэта магчыма. Насуперак ціску і жорсткім умовам утрымання.
— Мы з задавальненнем хадзілі на шпацыр ва ўнутраны двор СІЗА, — расказвае журналіст. — Напярэдадні Новага года выпаў снег, і мы ўбачылі віншаванні, якія пакінуў нехта са зняволеных. Самі таксама рабілі святочныя надпісы, а на сценах з дапамогай гліны малявалі бела-чырвона-белыя сцяжкі. Такая вось партызаншчына.
Цяжка паверыць, але ў месцах зняволення таксама рыхтуюцца да святаў. Напярэдадні Новага года нават ахоўнікі сталі больш ветлівымі.
— Гэта спроба кампенсаваць адсутнасць нармальнай абстаноўкі, родных, блізкіх, — тлумачыць былы палітвязень. — Ну і хочацца таксама разнастайнасці, у СІЗА ж сумна, кожны дзень — адно і тое ж.
Паводле яго слоў, да Калядаў у камеры амаль ніяк не рыхтаваліся — узнялі кубачкі з гарбатай, з’елі па булачцы. Але ноччу зусім побач з СІЗА пачулі выбухі феерверкаў. Агнёў не бачылі, аднак вырашылі, што такім чынам іх віншавалі са святам.
А 31 снежня ў камеры, дзе знаходзіўся журналіст, рыхтавалі сапраўдны святочны стол: з дапамогай “мыйкі” (так называюць лязо ад брытвы) і нітак рэзалі прадукты на салат, выкладалі каўбасы, мандарыны, цукеркі і іншыя прысмакі з перадач.
— Замест шампанскага ў нас была вада, у якую дадавалі фрукты і ўзбоўтвалі, — дзеліцца рэцэптам журналіст. — Атрымалася святочная шыпучка, яе разлівалі па алюмініевых кубках.
Як за звычайным святочным сталом, казалі тосты, пажаданні. У такой абстаноўцы словы гучалі асабліва шчыра.
— Я сіплым голасам казаў: я стаміўся, я сыходжу, — смяецца Алег Груздзіловіч. — З такімі думкамі сустракалі 2022-гі. Мне здаецца, нешта падобнае жадаюць і зараз. Спадзяванні тыя ж самыя: перамен, лібералізацыі, выхаду з тупіка.
Настрой не сапсаваў нават ператрус у камеры, які загадала правесці адміністрацыя за некалькі гадзін да Новага года. Знялі ўпрыгожванні, але зняволеныя іх хутка аднавілі.
Самае галоўнае, лічыць журналіст, што нават за кратамі людзям хапае рэсурсаў, каб сесці, пагаварыць, павіншаваць: «У зняволенні ўсялякае бывае: сваркі, канфлікты, кагосьці трэба вучыць сябе паводзіць. Але ў Новы год усе мірацца. Гэта свята без пафасу, аднак свята…»