Другі дзень суда над праваабаронцамі «Вясны»

На судзе над праваабаронцамі і нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім у якасці сведкі была заяўленая галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

photo_2023_01_06_11_13_50.jpg

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд па «справе Вясны», фігурантамі якой з'яўляюцца старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама Зміцер Салаўёў, які вымушаны быў пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна, нагадваюць праваабаронцы.

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення

Што вядома пра суд?

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў залі суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На першым пасяджэнні вясноўцы заявілі шэраг хадайніцтваў, сярод якіх — весці судовы працэс па-беларуску, прадаставіць перакладчыка з рускай на беларускую мову, змяніць меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі, зняць кайданкі, азнаёміцца з матэрыяламі справы і іншыя. Ва ўсіх хадайніцтвах было адмоўлена, а некаторыя нават суддзя не стала разглядаць.

Пракурор зачытваў абвінавачванні дзве гадзіны. Палітвязні-праваабаронцы не прызналі віну.

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па аб'ёме па «палітычнай» справе ў Беларусі. Па справе праходзяць каля 100 сведак. Што адметна, на судзе інтарэсы Змітра Салаўёва, якога судзіць завочна ў парадку спецыяльнай вытворчасці, прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Ён адзначае, што не ведае ні яго імя, ні пола.

На працэсе вызначылі парадак судовага следства: адразу дапытаць сведак, потым вывучыць пісьмовыя матэрыялы справы, і пры неабходнасці — рэчавыя доказы, і ў апошнюю чаргу дапытаць саміх палітзняволеных праваабаронцаў.

5 студзеня дапыталі заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча і зачыталі паказанні праваабаронцы Алены Лапцёнак. Астатнія сведкі на суд не з'явіліся. Вядома, што была заяўлена таксама галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

«Прысуд "Вясне" вясной — гэта сімвалічна!»

Валянцін Стэфановіч у лісце на волю ў снежні падзяліўся сваімі думкамі пра суд:

«Судзіць будуць доўга — да вясны. Прысуд "Вясне" вясной — гэта сімвалічна! З улікам апеляцыйнай скаргі ў мяне будзе тры гады ўжо адбытага пазбаўлення волі. Тут зараз акцыя — адсядзі ў СІЗА два гады і атрымай адзін год у падарунак. Гэта я прыдумаў.

Так што ў лагер я паеду ўжо летам — можа ў жніўні ці нават у верасні. Выдадуць мне там робу, і буду я паўнавартасным зэкам».