Прысуд па «справе Гаюна» і новыя абвінавачванні ў «здрадзе». Хронікі рэпрэсій 17 лістапада
Іван Качайла з Мазыра асуджаны на 4 гады «хіміі» ў межах справы Гаюна, кнігі Філіпенкі прызнаны экстрэмісцкімі, а прымусова вывезены журналіст Вячаслаў Лазараў атрымаў выклік у міліцыю — свежы агляд рэпрэсій у Беларусі.

Жыхара Мазыра асудзілі да 4 гадоў «хіміі» па «справе Гаюна»
У Гомельскім абласным судзе вынеслі чарговы прысуд па гучнай «справе Гаюна». Як паведамляе «Гомельская Вясна», жыхара Мазыра Івана Качайлу прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзілі на чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — так званую «хімію».
У 2023 годзе паводле адміністрацыйнай справы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў пакараны і яго сын Максім, студэнт Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта — ён нібыта размясціў у сацсетках лагатып каналу, які ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Дзве кнігі Сашы Філіпенкі прызналі «экстрэмісцкімі»
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёну Мінска яшчэ 13 лістапада прызнаны экстрэмісцкімі друкаваныя выданні Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж» (выдавецтва Gutenberg Publisher, Кракаў, 2025). Гэтыя кнігі ўжо ў верасні былі ўключаныя ў спіс забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, у спіс экстрэмістаў дадалі Instagram-старонку «n_sasykbaeva».
Прымусова вывезены журналіст Вячаслаў Лазараў выкліканы ў міліцыю
Позва прыйшла на хатні адрас віцебскага відэааператара ў Беларусі. Паведамляецца, што 28 кастрычніка да 10.00 ён мусіў прыйсці ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, каб стаць на ўлік.
«У выпадку няяўкі без уважлівай прычыны Вас прывядуць прымусова», — пазначана ў дакуменце, піша БАЖ.
У інспекцыю Вячаслаў Лазараў не змог бы трапіць нават пры жаданні — сёлета 11 верасня яго прымусова вывезлі ў суседнюю Літву ў ліку 52 іншых вязняў, вызваленых у межах перамоў урада ЗША з рэжымам Лукашэнкі.
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома пра падобны выпадак з Ігарам Карнеем.
Мінімум 115 палітвязняў пераведзены на турэмны рэжым
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што не менш як 115 палітзняволеных пераведзеныя на турэмны рэжым. Таксама каля 73 чалавек абвінавачаныя па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Актывіста з Нароўлі трымаюць у СІЗА за «здраду дзяржаве»
Грамадскі актывіст з Нароўлі Мікола Віткоўскі знік некалькі месяцаў таму. Стала вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі яго ў верасні і цяпер мужчына знаходзіцца ў СІЗА турмы № 4 у Магілёве. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», піша «Гомельская Вясна».
Мікола — грамадскі актывіст, сябра партыі «Народная грамада». Раней яго шмат разоў затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных справаў. Што стала нагодай для завядзення супраць яго крымінальнай справы з абвінавачваннямі ў «здрадзе дзяржаве» пакуль невядома. Таксама незразумела, чаму яго трымаюць у Магілёве, а не ў гомельскім СІЗА № 3 ці СІЗА КДБ у Мінску.
13 лістапада праваабаронцы даведаліся, што ў турме № 4 ў Магілёве трымаюць і грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «абразе Лукашэнкі».