Вярхоўны суд пакінуў прысуды абвінавачаным па «справе БелаПАН»
Вярхоўны суд разгледзеў скаргу фігурантаў «справы БелаПАН» — галоўнай рэдактаркі агенцтва Ірыны Леўшынай, яе папярэдніка Дзмітрыя Наважылава, былога намесніка дырэктара Андрэя Аляксандрава і яго жонкі Ірына Злобінай, паведамляе «Позірк». Вынесеныя раней прысуды пакінуты ў сіле, нязначна зменены толькі некаторыя фармулёўкі, што не паўплывала на тэрміны зняволення.
Нагадаем, суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка 2022 года вынес прысуд па «справе БелаПАН». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Тулейка прызначыў 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму дырэктару — галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзмітрыю Наважылаву, 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — былому намесніку дырэктара Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму — яго жонцы Ірыне Злобінай.
Акрамя таго, Дзмітрый Наважылаў аштрафаваны на 700 базавых велічынь (цяпер гэта 22 400 рублёў), Ірына Злобіна — на 800 (25 600), Андрэй Аляксандраў — на 1000 (32.000).
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі затрыманы 12 студзеня 2021 года, Леўшына і Наважылаў — 18 жніўня 2021 года.
Усіх фігурантаў справы праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі, падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым.